Як перадзяліць Афрыку?

Канфлікт у Малі ўзняў пытанне наконт неадпаведнасці існуючых у Афрыцы дзяржаўных межаў этнічнаму стану. У Афрыцы пражываюць ад 500 да 7000 народаў. Аднак пры гэтым тут існуюць усяго 54 дзяржавы, якія вельмі рэдка можна назваць нацыянальнымі.  



2013011417274759266.jpg

Як правіла, на тэрыторыі адной краіны можа жыць процьма плямён і кланаў (рэкардсмен тут Дэмакратычная Рэспубліка Конга, дзе прапісалася каля 200 народаў). Затое няма на мапе Чорнага Кантыненту дзяржавы народаў групы Банту, якая налічвае 200 мільёнаў чалавек. Такі відавочны картаграфічны абсурд звязаны з тым, што ўсе існуючыя дзяржавы ўзніклі на базе былых еўрапейскіх калоній, межы паміж якімі былі праведзеныя абсалютна штучна.

У выніку сёння мы маем тую ж Малі, поўнач якой займаюць мусульмане-туарэгі, а поўдзень — франкамоўныя чарнаскурыя. Розніца ў культурах, формах гаспадаркі, мовах, традыцыі, безумоўна, спрыяе росту сепаратысцкіх настрояў на поўначы, следствам чаго і стаў апошні канфлікт. Падобная сітуацыя назіраецца не толькі ў Малі. На цяперашні час феномен палітычнага сепаратызму вядомы ў 24 афрыканскіх краінах. Некаторыя партыі даўно выйшлі за рамкі дэкларацый. Так, фактычна экстэрытарыяльнымі з’яўляецца Самалілэнд (частка Самалі). Увогуле, афіцыйнага прызнання ад міжнароднай супольнасці цяпер дабіваюцца пяць самаабвешчаных дзяржаў у Афрыцы.

Гэта без уліку кавалкаў зямлі, якія кантралююцца крыміналам, накшталт памежжа паміж Нігерыяй і Нігерам, якое даўно захапілі кантрабандысты. Іхнім аўтарытэтам чамусьці пакуль не стукнула ў галаву абвясціць сябе змагарамі за рэгіянальную незалежнасць.

Як часта бывае, нацыяналізм ёсць у вачах шмат каго формай барацьбы за сацыяльную справядлівасць. Абсалютная штучнасць межаў, шматэтнічны склад насельніцтва і слабая дэмакратычная культура ў афрыканскіх дзяржавах часта прыводзяць да таго, што прадстаўнікі нейкага этнасу захопліваюць усе галоўныя дзяржаўныя пасады ў краіне. З улікам татальнай беднасці ўзнікае формула сацыяльнага ліфта па-афрыканску: ратацыя пануючых у краіне этнічных кланаў, у тым ліку з дапамогай зброі.

Нельга сказаць, што гэта праблема штучнасці межаў абсалютна новая. Як толькі на пачатку 1960-х гадоў у Афрыцы пачаўся працэс дэкаланізацыі, сярод мясцовых палітыкаў узнікла група, якая патрабавала рэвізіі каланіяльнай картаграфіі. У заснаванай у 1963 годзе Арганізацыі афрыканскага адзінства па пытанню межаў змагаліся фракцыі Касабланка і Манровія. Першыя патрабавалі новых межаў у адпаведнасці з Вільсанаўскім прынцыпам: адзін народ — адна дзяржава. Другія схіляліся да таго, каб не чапаць старыя кардоны. Перамаглі другія. Хутка была прынята рэзалюцыя, якая забараняе сябрам Арганізацыі афрыканскага адзінства перагляд існуючых з канца ХІХ стагоддзя межаў.

Тое рашэнне было прынятае ў атмасферы эйфарыі ад толькі што атрыманай незалежнасці. Першыя гады існавання новых афрыканскіх дзяржаў быццам давялі правільнасць той рэзалюцыі. Фармаванне новых дзяржаў прывяло да палітычнай і эканамічнай інтэграцыі ў рамках тых самых дзяржаваў. У дадатак стварэнне сваіх мытняў стала важнай часткай падатковай палітыкі. Аднак палітычная нестабільнасць і эканамічная слабасць у выніку падарвалі працэс фармавання новай ідэнтычнасці ў жыхароў былых калоній. Яны перш за ўсё адчуваюць прыналежнасць да клану, а пасля — да дзяржавы. Напрыканцы 1980-х гадоў Афрыка ўступіла ў зацяжную эпоху міжэтнічных войнаў, якая, як паказвае сітуацыя ў Судане і ў Малі, фактычна працягваецца дасюль.

У 2009 годзе Нікаля Сарказі, тады яшчэ ў статусе прэзідэнта Францыі, падчас візіту ў Конга прызнаў: «Рана ці позна будзе патрэбны дыялог вакол пытання, па якім прынцыпе ў гэтай частцы свету дзеліцца зямля і багацці».«Гэтая неасцярожная заява выклікала трывогу сярод урадаў краін рэгіёну вялікіх афрыканскіх азёраў, дзе яшчэ не зажылі раны пасля Другой Кангалезскай вайны (1998–2008), у якой удзельнічала больш за дваццаць узброеных груп, што прадстаўлялі дзевяць дзяржаў. У выніку загінула 5,4 мільёна чалавек.

Але, як піша адзін кенійскі палітолаг, само жыццё ў гэтым стагоддзі паставіць пад пытанне канфігурацыю цяперашніх краін Афрыкі. Гэта можа быць або набіраючы моц рух сепаратыстаў, што фактычна прывядзе да таго, што колькасць непрызнаных дзяржаваў стане крытычнай і міжнародная супольнасць пагодзіцца на змены на палітычнай карце. Або дзяржавы пачнуць фармаваць больш цесныя эканамічныя і палітычныя блокі, каб разам шукаць месца пад сонцам, што таксама можа прывесці да памежных канфліктаў. Такім чынам, лепш тэрмінова пачаць дыскусію наконт новых прынцыпаў мяжы.

Аргументы апанентаў гучаць не менш пераканаўча. Пачаць можна з таго, тэрмін «натуральная мяжа» паміж народамі — абстракцыя. Межы заўсёды былі штучнымі. Акрамя таго, што добрага будзе, калі замест цяперашніх дзяржаў у Афрыцы ўзнікне цэлы калейдаскоп монаэтнічных дзяржаўных адзінак. Нават калі браць па мінімуму, гэта значыць 500 новых дзяржаў.

Не зразумелая і метадалогія вызначэння новага міждзяржаўнага падзелу. Камісія, якая пачне займацца гэтым пытаннем, відавочна, павінная будзе разглядаць праблему прыналежнасці тэрыторый пачынаючы з дакаланіяльных часоў. У выніку на стварэнне такога рапарту ў кантынентальных маштабах можа спатрэбіцца дзесяцігоддзе. І яшчэ не зразумела, ці прызнаюць самі мясцовыя ўрады вынікі справаздачы.

Заказчыкам такога праекту можа стаць нейкая аўтарытэтная наднацыянальная структура, напрыклад, Афрыканскі саюз, які ў 2002 годзе прыйшоў на змену Арганізацыі афрыканскага адзінства. Аднак вельмі сумнеўна, каб АС выступіў за знішчэнне «стыгматаў каланіяльнай эпохі» (так часта называюць існуючыя ў Афрыцы межы). Апошнім часам у лідараў гэтай арганізацыі папулярная думка, нібы хваля сепаратызму шмат у чым звязаная з тым, што на сімптомы хваробы рэагавалі вельмі позна. Цяпер, быццам, любыя праявы сепаратызму можна лакалізаваць дзякуючы выканаўчым структурам Афрыканскага саюзу, які па статуту мае шырокія паўнамоцтвы. Напрыклад, у 2007 годзе пад эгідай АС была арганізаваная міратворчая акцыя ў Дарфуры. Зараз чакаецца рашэнне ААН пра тое, што падкантрольныя АС вайсковыя часткі будуць адказваць за нармалізацыю сітуацыі ў Малі.

Яшчэ адзін спосаб супрацьстаяння сепаратыстам — інстытуцыянальныя рэформы. Першай на такі крок пайшла Нігерыя, якая вярнулася да федэратыўнага прынцыпу, што дазволіла, быццам, знізіць напал паміж мусульманамі і хрысціянамі. Цяпер федэрацыяй, хутчэй за ўсё, стане і Малі.

Нельга не ўзгадаць і пазіцыю прыхільнікаў канцэпцый панафрыканізму, якія лічаць, што афрыканскай цывілізацыі характэрны свой, адрозны ад еўрапейскага, светапогляд, які распаўсюджваецца і на пытанні права. Панафрыканісты мяркуюць, што тэрмін «дзяржаўная мяжа» ўвогуле навязаны афрыканцам Захадам. Таму трэба вярнуцца да традыцыі і адмяніць усе межы ўнутры Афрыкі.