Яны пра нас: Беларусы нясуць цяжкі крыж

Прапануем вам свежы дайджэст цытат замежных СМІ, прысвечаных Беларусі.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


«Тым не менш у яе (Ціханаўскай) у адносінах з Кіевам не ўсё гладка. Яна адкрыта прызналася, што хаця і знаходзіцца ў кантакце з офісам прэзідэнта Зяленскага, але ўкраінскі бок праяўляе ў гэтых адносінах асцярожнасць, не жадаючы «правакаваць Лукашэнку». Заявіўшы, што Беларусь не толькі на думку яе цяперашняга кіраўніка, але і з меркаванняў самой Ціханоўскай павінна быць удзельніцай перагаворнага працэсу паміж Украінай і Расіяй, яна тым не менш падкрэсліла, што дзейная ўлада не можа выступаць у гэтай якасці, паколькі з'яўляецца бокам канфлікту. Паказальна, што крыху пазней невялікі фрагмент інтэрв'ю, у якім непасрэдна гаворыцца аб кантактах з офісам Зяленскага, з'явіўся асобна на YouTube, і прызнанне аб «асцярожнасці» Кіева і нежаданні дражніць Лукашэнку з яго было выдаленае».Независимая газета (Расія)
«Калі перад расійскім войскам сапраўды стаіць праблема рэзерваў для працягу актыўных баявых дзеянняў, то ўвогуле нельга не задацца зноў пытаннем, ці магчымы ўдзел беларускіх войскаў у вайне Расіі супраць Украіны? У самым пачатку вайны Аляксандр Лукашэнка рабіў ваяўнічыя заявы, з якіх, пры бліжэйшым разглядзе, вынікала, што беларускія сілы гатовыя адбіць атаку на іх з боку УСУ. Калі такі напад можа пачацца і навошта ён можа спатрэбіцца Украіне, Лукашэнка не ўдакладняў. Цяпер, мяркуючы па апошніх заявах Лукашэнкі, яго больш хвалюе праблема наркаманіі, п'янства і палення ў ложку. Лукашэнку, хутчэй за ўсё, удалося пераканаць Уладзіміра Пуціна ў немэтазгоднасці адпраўкі беларускіх вайскоўцаў ва Украіну».Русская служба Радио Свобода (Чэхія)
«Усе еўрапейскія праграмы дапамогі беларускім апазіцыянерам, якія ўцяклі ў Еўропу, замарожаныя. Відавочна фінансаванне беларусаў спынілася з-за таго, што ўкраінцы пераключылі на сябе ўсю ўвагу. Таму, каб вярнуць звыклыя крыніцы, Франак Вячорка (дарадца самаабвешчанага «беларускага лідара» Святланы Ціханоўскай) спрабуе наладзіць кантакты ў Кіеве». Политнавигатор (Расія)
«Тое, што мы бачым цяпер (арышты лідараў незалежных прафсаюзаў), — адкладзеная помста за пратэсты дармаедаў. Напэўна, будуць спрабаваць шыць чарговую "справу прафсаюзаў" і заяўляць аб "спячай ячэйцы", якая рыхтавала чарговы пераварот у краіне. Так, верагодна, будзе з усімі незалежнымі структурамі, якія знаходзяцца ўнутры дзяржавы, пакуль Лукашэнка ва ўладзе. Іншай альтэрнатывы, на жаль, няма. Улада не адступіцца, таму што разумее — любое паслабленне ціску — гэта адразу ж контрудар і рэванш сіл, якія жадаюць змен».DW (Германія)
«У цяперашні час асобныя падраздзяленні Рэспублікі Беларусь працягваюць выкананне задач па ўмацаванні ўчастка беларуска-ўкраінскай мяжы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Варта адзначыць, што ў цяперашні час Расія ў поўным аб'ёме выкарыстоўвае тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для правядзення ўсіх відаў выведкі».Укрінформ (Україна)
«Пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны ЕС паклаў беларусаў у адзін кошык з расійцамі. Чэхія вырашыла спыніць выдачу віз беларусам. Тартускі ўніверсітэт абвясціў, што ў наступным годзе не будзе прымаць студэнтаў з Беларусі ў знак салідарнасці з Украінай. Германія заблакавала банкаўскія рахункі ўладальнікаў беларускіх пашпартоў. Клініка ў Мюнхене вырашыла не прымаць пацыентаў з беларускімі пашпартамі. (…) Беларусы нясуць цяжкі крыж. Яны пражылі 28 гадоў пры вельмі рэпрэсіўным рэжыме. А іхняя свабода і дэмакратыя — частка той дэімперыялізацыі, якой патрабуе Расія. Пры захаванні ціску на рэжым Лукашэнкі індывідуальны падыход і палітыка, якая адрознівае Беларусь ад Расіі, жыццёва важныя для таго, каб гэты працэс адбыўся ў будучыні».
Euobserver (Бельгія)