Беларускія недзяржаўныя медыя аднаўляюцца, нягледзячы на рэпрэсіі
На мінулым тыдні была затрыманая рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб. Шмат беларускіх журналістаў былі вымушаныя з'ехаць з краіны летась пад ціскам маштабных рэпрэсій.
Многія паехалі ва Украіну, але пасля пачатку вайны людзі зноў былі вымушаныя пакаваць сваё жыццё ў адзін-два чамаданы і зʼязджаць.
– Назіраецца асцярожнае аднаўленне, таму што 2021-ы быў разгромны для незалежных рэдакцый, улады прайшліся катком. Цяпер рэдакцыі паціху вяртаюць свае напрацоўкі, устойлівасць калектываў, устойлівасць мадэляў працы. Можна гаварыць пра беларускія медыя з асцярожным аптымізмам. Тым больш пасля пачатку вайны цікаўнасць да інфармацыі, яе запатрабаванасць павялічылася, – гаворыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Беларускія медыйшчыкі загартаваныя ўмовамі працы – праца журналістаў ніколі не была лёгкай у Беларусі.
– Ва Украіне было каля ста беларускіх журналістаў, большасць выехалі, бо немагчыма рабіць якасную журналістыку, калі ты пад пагрозай, працаздольнасць нізкая. Калегі разʼехаліся па такіх краінах, як Польшча, Літва, Нямеччына і іншыя. Мы ўжо мелі пэўны досвед пераездаў. Для нас працаваць у дарозе, на вакзале, у гатэлі, у часовай сітуацыі стала нормай за апошнія гады.
Апошнім часам была інфармацыя пра «місію Макея» – спробы знайсці кантакты з Еўрасаюзам. Але прайшла нарада з сілавікамі і па Беларусі пракацілася новая хваля затрыманняў, пад якую патрапіла і рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб. Яна прынцыпова не з'язджала з Беларусі, казала, што «мусяць зʼехаць тыя, хто ладзіць рэпрэсіі, а не я». Уся яе праца была скіраваная на тое, каб у Беларусі было жыццё – у беларускай, свабоднай, дэмакратычнай Беларусі.
Цяпер у няволі 25 супрацоўнікаў медыясферы. Некаторыя журналісты ўжо адбываюць прысуды ў месцах пазбаўлення волі, гэта:
Кацярына Андрэева, журналістка тэлеканала «Б*лсат»
Дарʼя Чульцова, журналістка тэлеканала «Б*лсат»
Ігар Лосік, кансультант «Радыё С***ода»
Сяргей Гардзіевіч, журналіст сайта «Першы Рэгіён»
Аляксандр Івулін, журналіст Tribuna
Алег Груздзіловіч, журналіст «Радыё С***ода»
У Беларусі працягвае запраўляць сілавы блок. Ім нармальна і камфортна, калі «не да законаў».
Паводле ВХ, polskieradio.pl