Пра людзей і мышэй
Раніцай 20 красавіка 2022 года ў кватэру Аксаны Колб уварваліся сілавікі. Паводле слоў сваякоў, яны былі са шчытамі і кувалдамі. Так званыя праваахоўнікі арыштавалі Аксану і спачатку змясцілі на 10 сутак у ізалятар часовага ўтрымання. 22 красавіка 2022 года ёй прад'явілі абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар. Зараз Аксана знаходзіцца ў палоне ў карнай сістэмы, а мы, яе калегі, робім усё магчымае, каб свет пачуў пра яе.
«Правы чалавека», «раўнапраўе», «свабода слова» — паняцці, якія сталі сёння пустымі, такімі ж пустымі, як чалавечае жыццё, якое ў нашай краіне — у краіне нявывучаных урокаў, — нічога не вартае.
Дзясяткі гадоў праваабаронцы, журналісты і грамадзянская супольнасць біліся аб глухую сцяну непрыняцця, спрабавалі дагрукацца да людзей, для якіх у першую чаргу і павінна было быць важным, каб правы чалавека і закон тут сапраўды працавалі. Але людзям гэта было не важна. Узрошчаныя на гвалце, у асяроддзі, дзе разумеюць толькі турэмныя «паняцці», а з Канстытуцыяй даўно схадзілі ў прыбіральню, гэтыя людзі, застаўшыся на абломках імперыі, пакорліва аддалі свае правы і свабоды ў рукі звыклай і зразумелай ім сістэмы, у чарговы раз пабаяўшыся, што «новае», «іншае», запатрабуе ад іх адказнасці і прыняцця нязручных рашэнняў.
Новае настолькі пужала, што тыя, хто для яго саспеў, хто гаварыў, што так далей жыць нельга, аўтаматычна станавіліся чужымі — тымі, каго потым можна будзе катаваць у турмах і беспакарана забіваць.
Гадамі людзі спалі, ляніва пераварочваючыся з боку на бок і раскрываючы рот толькі для таго, каб пазяхнуць. І таму, калі народу захацелася нешта сказаць, раптам аказалася, што ў роце ў нас кляп, а рукі звязаныя, і свабода наша менавіта такая — свабода рабіць толькі тое, што нам дазволяць.
Ці так было заўсёды? Я не ведаю. Мне 30 гадоў, і ўсё маё жыццё прайшло ў гэтай парадыгме — у гвалце, няроўнасці і несправядлівасці. Туга і безнадзейнасць — прыкладна так можна апісаць атмасферу, у якой ты нараджаешся роўна для таго, каб памерці, паступова дэградуючы з-за адсутнасці перспектыў і магчымасцей. Ты нараджаешся тут рэччу, з якой можна рабіць што заманецца: бацькам — біць, партнёрам — гвалтаваць, дзяржаве — кідаць за краты і катаваць, закрываючы праз фальшывы суд доступ да свабоднага свету на доўгія месяцы і нават гады.
Сказаць сваё «не» тут у многіх выпадках азначае падпісаць сабе прысуд.
У «Новы Час» я прыйшла ўжо гатовай гаварыць пра гэта, са сваім уяўленнем пра свет і пра тое, што такое «добра» і што такое «дрэнна». Да таго былі гады спроб выбрацца з заганнага кола, у якім спачатку білі мяне, а потым я рабіла гэта сама — таму што мая каштоўнасць як чалавека была роўная нулю і свет вакол быў такім жа. У які момант я зразумела, што са мной так нельга, ужо і не ўспомню, але менавіта гэтае «так нельга» і вяло мяне далей — у іншы свет, да іншых людзей, да тых, сярод якіх адчуваеш сябе чалавекам, асобай, вартай павагі і любові. З іх — з такіх асоб, гатовых адкрыта гаварыць «так нельга», — і складваецца той кулак, які гадамі грукаў у зачыненыя дзверы грамадства.
Аксана Колб, галоўная рэдактарка цяпер ужо закрытай уладамі газеты «Новы Час», прымаючы мяне ў каманду, уважліва да мяне прыглядалася, а я, насцярожаная і спалоханая, прыглядалася да яе. Кожная з нас, напэўна, трымала ў галаве пытанне: «Ці можна ёй давяраць?» Ва ўмовах няспынных рэпрэсій, калі ўся грамадзянская супольнасць выкашаная пад нуль і любы можа быць не тым, кім здаецца, новыя людзі — гэта заўсёды складана.
У гэтым годзе газеце было б 20 гадоў. Я ўяўляю сабе, як мы маглі б адсвяткаваць гэтую круглую дату, сабраўшыся ўсёй камандай у рэдакцыі сярод тоўстых падшывак «Новага Часу» — чорна-белых і каляровых, старых, з розных гадоў, і апошніх — тых самых, якія вярталіся да нас з турмаў, перакрэсленыя чырвоным стрыжнем.
Але рэдакцыі няма. Юрыдычная асоба ліквідаваная судом, офіс шукае новага гаспадара, сайт заблакаваны, ацалелыя падшыўкі нумароў зараз можна знайсці толькі ў бібліятэцы, журналісты вымушаныя былі шукаць бяспечныя месцы за мяжой, а Аксана цяпер у турме. Да яе, бяззбройнай жанчыны, у якой былі толькі яе словы, прыйшлі дадому з кувалдамі і шчытамі, як прыходзяць да апошніх злачынцаў і тэрарыстаў.
Яны вырашылі, што Аксане патрэбны кляп — крымінальная справа, знакаміты 342-і «народны» артыкул: «Арганізацыя масавых пратэстаў або актыўны ўдзел у іх», тэрмін пазбаўлення волі — да чатырох гадоў. Яны вырашылі, што сцены СІЗА, куды яны закрылі гэтую смелую і шчырую жанчыну, прымусяць яе замаўчаць, прымусяць замаўчаць усіх нас.
Палітвязень Максім Знак, адвакат кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка, у сценах турмы напісаў такі верш:
Яны думалі — нас пахавалі...А мы — бульба! Як нас пахаваць?Мы зялёным зямлю прабівалі,Спрабавалі да неба дастаць.
Яны рэзалі нас на кавалкі,Але кожны прарваўся наверх.Стала болей нас! Неспадзяванка!Вось! Трымайце яшчэ адзін мех!
Яны ў цемры мяхі пакідалі,Яны думалі — гэта адказ.Але мы прарасталі ў падвале!Мы — жывыя! Не знішчыце нас!
Тыя, хто звык раздаваць загады, думаюць, што людзей, словы, праўду можна схаваць. Тыя, хто звык гэтыя загады выконваць, вераць, што дубінкамі, светлашумавымі гранатамі, збіццём і згвалтаваннямі можна спыніць час.
...Спыніць час мне хацелася тыдзень таму, калі мы сядзелі невялікай кампаніяй на ўтульнай Аксанінай канапе, ля нашых ног ляжалі чатыры яе сабакі, якія аддана зазіралі ў вочы любімай гаспадыні, а за вокнамі накрапваў дождж. Было шчымлівае прадчуванне апошняй сустрэчы, калі ведаеш, што вось гэтыя моманты потым будзеш успамінаць як самыя дарагія, як тыя, што яшчэ захочацца паўтарыць. На развітанне Аксана моцна абняла нас, не стрымліваючы слёз.
Сем гадоў «Новы Час» выходзіў пад яе кіраўніцтвам. Такое маленькае жыццё для амаль адзінай цалкам беларускамоўнай газеты — жыццё, у якім было месца нашаму грамадству, яго культуры, палітыцы, гісторыі. Жыццё, у якім словы «незалежнасць» і «свабода» стаялі на першым месцы і не былі пустым гукам. Я наўрад ці перабольшу, калі скажу, што Аксана была сэрцам газеты і рэдакцыі, яна звязвала аўтараў і чытачоў, журналістаў і герояў іх артыкулаў, рэдактараў, фатографаў, аналітыкаў... Столькі гісторый прайшло праз гэта вялікае сэрца, столькі было расказана дзякуючы бясстрашнасці Аксаны і яе каманды! «Новы Час» расказваў пра рэстаран пад Мінскам, пабудаваны на касцях расстраляных савецкімі чэкістамі людзей; пісаў пра ўкраінскіх «беркутаўцаў», якія пасля Майдана 2014 года пераехалі ў Беларусь, сталі часткай цяпер ужо беларускай рэпрэсіўнай машыны і папоўнілі шэрагі сумна вядомага АМАПа; у 2020 годзе асвятляў пратэсты і да апошняга магчымага нумара заставаўся адзінай крыніцай інфармацыі для зняволеных.
Амаль кожны чацвер, калі мы збіраліся на «планёркі», у рэдакцыі абавязкова знаходзілася нешта смачнае. Я прыходзіла туды на працу, а Аксана — дадому, і ў гэтым яе доме было прынята клапаціцца пра гасцей. Яна клапацілася пра нас ненавязліва, быццам між справамі, пакідаючы час для кожнага і не забываючы спытаць — «Ну як там?..» Кожны раз, калі нешта здаралася, яна казала: «А прыязджай да нас!» Магчымасцю гэтай мы карысталіся рэдка, але цяпер, з перспектывы падзеленасці турмой, я разумею, наколькі каштоўным было тое, што ў нас заўсёды было такое месца і такі чалавек, да якога мы маглі прыехаць.
Лета 2021-га я запомню як лета лістоў, марак і канвертаў: калі газету выкінулі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюджвання друку, мы ўласнаручна расфасоўвалі наклад па канвертах, клеілі на іх маркі і адпраўлялі па пошце ў турмы. Гэта былі самыя каштоўныя нумары «Новага Часу» — таму што ў іх публікаваліся пасланні зняволеным ад сваякоў і сяброў, калі звычайныя лісты не даходзілі.
Потым скончылася і гэта: друкарня адмовілася друкаваць газету, ніякі іншы варыянт выявіўся немагчымым. Адмовы сыпаліся адна за адной, і газета перастала існаваць. Застаўся толькі сайт, які праз некалькі месяцаў таксама быў заблакаваны.
Кожная такая навіна была ўдарам, але мы ўсё перажывалі трывала — і не ў апошнюю чаргу дзякуючы Аксане. Яна ведала, якія словы падабраць у патрэбны момант, з якой інтанацыяй іх сказаць, і пры гэтым у яе заўсёды атрымлівалася шчыра: калі было сумна, яна плакала, калі смешна — смяялася. Гэтая сапраўднасць не пакідала нам іншага варыянту, як адказваць тым жа, і вельмі хутка я зразумела, што гэта тое месца, тыя людзі, з якімі мне хочацца застацца.
З гэтага пачаўся мой першы тэкст для «НЧ» — з жадання быць часткай гэтай каманды, ставіць сваё імя побач з імёнамі гэтых адважных, сумленных, адданых сваёй справе і адно аднаму людзей. І кожны ад'езд, кожнае затрыманне, страты, няўдачы, няпросты час рэпрэсій і вайны я перажывала і перажываю разам з імі. Але нішто так не адгукалася ўва мне, як затрыманне Аксаны і тое, як усе мы, кожны па-свойму, цяпер падтрымліваем адно аднаго.
У нас забралі сэрца — наўмысна, спадзеючыся, што без яго ўсё скончыцца само сабой і застанецца толькі даціснуць. У нас забралі сэрца, забыўшыся, што яно не перастае біцца і што кожны яго ўдар чулі сотні іншых сэрцаў, а цяпер пачуюць тысячы — і не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Голас, які гаварыў і будзе гаварыць пра тое, што нельга спыніць час, звязваючы людзям рукі і затыкаючы раты кляпамі, страляючы ў патыліцу і збіваючы да смерці. Голас, які працягвае называць чорнае чорным, а белае — белым, без паўтонаў і мудрагелістых фармулёвак. Голас, які не зломіць вымушанае маўчанне, таму што на самой справе маўчанне — гэта толькі падстава ўдыхнуць глыбей і зноў пачаць гаварыць.
Свабоду Аксане Колб! Свабоду зняволеным журналістам!Свабоду ўсім палітвязням!