Аксана Колб прызнаная палітычнай зняволенай. Сумесная заява праваабаронцаў

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб палітычнай зняволенай. На сёння ў краіне 1144 палітвязняў.

photo_2022_04_26_10_23_27.jpg

У сувязі з прызнаннем Аксаны Колб палітзняволенай праваабаронцы выпусцлі сумесную заяву:

«20 красавіка група была затрымана галоўная рэдактарка выдання «Новы Час» Аксана Колб. Група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала ў кватэру, дзе яна жыве. Яны паведамілі, што забіраюць рэдактарку «Новага Часу» на допыт у СК.

22 красавіка стала вядома, што ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 часткі 1 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Аксаны Колб з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Аксана Колб з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яе публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

Таксама адзначаем, што ў сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Аксаны Колб палітычнай зняволенай і патрабуем:

неадкладнага вызвалення Аксаны Колб і спынення ў дачыненні да яе крымінальнага пераследу;

адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;

неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных».

Заява зроблена ад імя «Беларускай асацыяцыі журналістаў», Праваабарончага цэнтра «Вясна», Lawtrend,  

«Прававой ініцыятывы» і «Беларускага Хельсінкскага камітэта».