Пазбавілі спатканняў, пасылак, перадач. На палітвязня Аляксандра Цялегу ціснуць у бабруйскай калоніі

Як стала вядома «Новаму Часу» на лекара-палітвязня Аляксандра Цялегу аказваецца ціск у бабруйскай ПК-2. Мужчыну пазбавілі спатканняў, пасылак і перадач, а таксама караюць нават за самыя дробныя правіннасці накшталт пылу на тумбачцы альбо «няветлівага позірку».

tialega_a.jpg

Аляксандру Цялегу 42 гады, ён быў затрыманы 3 траўня 2021.

Мужчыну абвінавацілі паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэкса: арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі).

Палітвязню прысудзілі чатыры гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.

Аляксандр Цялега — урач-неўролаг з Барысава. Доктар працаваў расійскім Нарыльску, а на радзіму прыехаў у красавіку ў адпачынак. Тады ж і быў затрыманы.

Падчас разгляду справы стала вядома, што Аляксандр пакінуў 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў, сярод іх — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Марыя Ярохіна, намеснік генпракурора Аляксей Стук.

Аляксандр растлумачыў на судзе, што ён валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў, таму яго перапаўнялі эмоцыі і ён так шмат каментаваў. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні.