Ад «хатняй хіміі» да 3,5 года калоніі: стала вядома пра чарговыя «палітычныя» прысуды

25 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля вынесеныя прысуды тром мясцовым жыхарам.

photo_2022_04_26_14_15_19.jpg

Суддзя Алеся Осіпава прызнала палітзняволенага Віктара Прусава (на фота), Аляксея Гайшуна і Юрыя Бельскага вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і агучыла ім выракі: 1,5 гады калоніі агульнага рэжыма кожнаму.

Паколькі раней Прусаў быў асуджаны да трох гадоў калоніі за «гвалт» над міліцыянтам, шляхам складання пакаранняў ягоны канчатковы тэрмін — 3,5 гады калоніі строгага рэжыму.

Тым часам суд Аршанскага раёна вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Антаневічу

Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Сутнасць абвінавачання пакуль невядомая.

Вядома, што Антаневіч далучыў да матэрыялаў справы даведку аб тым, што жонка мае групу непрацаздольнасцi, а таксама аб тым, што сям’я мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.

Суддзя Дзмітрый Разумовіч прызнаў Антаневіча вінаватым і пакараў трымя гадамі «хатняй хіміі».