Запушчаны збор подпісаў да беларускага суда па справе філосафа Уладзіміра Мацкевіча
Кампанія салідарнасці з Уладзімірам Мацкевічам «Філосаф у турме» запусціла збор подпісаў пад адкрытым зваротам акадэмічнай супольнасці і дзеячаў культуры да беларускага суду.
Вучні і калегі Уладзіміра Мацкевіча ініцыявалі адкрыты
зварот навукоўцаў, даследчыкаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці і дзеячаў
культуры, з патрабаваннем аб'ектыўнага і адкрытага суда і выкладаннем вядомых
на сённяшні дзень акалічнасці справы беларускага філосафа.
«Мы хочам быць упэўнены, што рашэнне суда будзе вынесена аб'ектыўна, бесстаронне ў адпаведнасці з прынцыпам In dubio pro reo. Улічваючы ўсё вышэйпададзенае, высокую грамадскую значнасць будучага судовага працэсу, будучы прыхільнікамі прынцыпаў і міжнародных рэгламентацый у дачыненні да свабоды меркавання, свабоды сходаў, справядлівага суда, мы перакананыя ў тым, што справа Уладзіміра Мацкевіча павінна быць разгледжаная ў адкрытым судовым пасяджэнні, доступ зацікаўленай грамадскасці ў судовае пасяджэнне павінен быць забяспечаны і гарантаваны», — гаворыцца ў звароце.
Нагадаем, беларускі філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 года і ўжо амаль дзевяць месяцаў утрымліваецца па арыштам у СІЗА №1 г. Менска. 6 жніўня быў прызнаны палітвязнем. У знак пратэсту супраць ходу следства ў лютым 2022 года Уладзімір Мацкевіч абвясціў галадоўку, якая працягвалася 13 дзён і выклікала шырокую рэакцыю міжнароднай грамадскасці.
14 красавіка стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Мацкевіча накіравана ў Мінскі гарадскі суд. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ва ўдзеле ў «нядзельным маршы» 25 кастрычніка 2020 г. (ч. 1 арт. 342 КК), абразе «на адрас кіраўніка дзяржавы» (ч. 1 арт. 368 КК), а таксама «стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем» (ч. 1 арт. 361-1, гаворка ідзе аб Платформе народных прадстаўнікоў «Сход»). Толькі апошні артыкул прадугледжвае пакаранне аж да сямі гадоў пазбаўлення волі.