Кліматычныя забастоўкі. Цяпер сур'ёзна

На хвалі глабальнага пацяплення прафсаюзы Грэцыі патрабуюць увесці забарону на працу ў выпадку, калі тэмпература паветра перавышае 38 градусаў.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Тэрмін «кліматычная забастоўка» даўно ўжо прапісаўся ў сучасным палітычным лексіконе. З лёгкай рукі вядомай Грэты Тунберг некалькі гадоў таму па заходніх краінах пракацілася хваля школьных забастовак. Як правіла, па пятніцах вучні масава пакідалі аўдыторыі, каб потым у межах нейкіх публічных акцый запатрабаваць ад уладаў нешта рабіць для выратавання планеты.

Чыноўнікі на месцах нібыта былі не супраць патрабаванняў дзяцей, бо ад іх саміх мала што ў гэтай галіне залежыць. Рашэнні наконт клімату патрабуюць кааперацыі на самым высокім міжнародным узроўні. Цяпер жа адкруціцца будзе больш складана. Да кліматычнага забастовачнага руху падключаюцца прафсаюзы, чые патрабаванні ў кампетэнцыі нацыянальных і мясцовых адміністрацый.

Глядзіце таксама

Застрэльшчыкамі выступілі прафсаюзы Грэцыі, што нядзіўна. Сёлета ў ліпені ў краіне быў пабіты гістарычны тэмпературны рэкорд. Наступствы тэмпературнага скачка былі негатыўнымі як для прыроды, так і для людзей. Асабліва церпяць ад такіх умоў надвор'я дастаўшчыкі ежы і кур'еры. Падчас перасоўвання ім паводле стандартаў бяспекі загадана насіць шлемы, што павялічвае тэмпературу цела. 

У ліпені SVEOD (так называецца прафсаюз кур'ераў) запатрабаваў увесці абмежаванні на працу ў спякотныя дні і кампенсаваць нявыхад на працу з дзяржбюджэту. «Мы працуем як вярблюды, але мы не вярблюды, а людзі», — гучыць фінал заявы сіндыкалістаў.

Кансерватары, якія фармуюць урад, рэагавалі на ініцыятыву SVEOD супярэчліва. Урадавым цыркулярам было забаронена працаваць па-за офісамі і бюро з 17 па 19 ліпеня, калі тэмпература зашкаліла за 40 градусаў. Але ў іншыя дні, калі слупок тэрмометра паказваў ад 38 да 40 градусаў, урад хадзіць на працу дазволіў.

Цяпер ужо пачалі бунтаваць самыя буйныя грэцкія прафсаюзныя цэнтры. Яны сумесна і прад'явілі прапанову наконт забароны выхаду на працу, калі тэмпература перавышае 38 градусаў.

Тым часам, у экспертаў няма сумневаў, што Грэцыя – толькі першая ластаўка. Услед за ёю нешта падобнае будуць патрабаваць прафцэнтры іншых краін. Па разліках спецыялістаў, ахвярамі кліматычных змяненняў з'яўляюцца перш за ўсё нізкааплатныя работнікі з такіх сфер як будаўніцтва, сельская гаспадарка, дастаўка тавараў. Ужо зараз толькі ў Грэцыі ад спякоты кожны год паміраюць прыкладна 1500 чалавек — прадстаўнікі пералічаных прафесій. На ўзроўні экспертаў колькасць працоўных — патэнцыйных ахвяр змен клімату, можа дасягнуць у свеце 2,5 мільярда чалавек.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Зрэшты, ненармальная спякота — гэта толькі частка айсберга. Кліматычныя змены правакуюць маштабныя прыродныя катастрофы накшталт урагану «Даніэль», які ў верасні мінулага года прайшоўся па Балканах. У выніку моцна пацярпеў жылы фонд і інфраструктура, на аднаўленне якіх трэба знайсці прыкладна 2 мільярды еўра.

Прычым у еўрапейскіх краінах функцыянуе больш-менш эфектыўная сістэма кампенсацый насельніцтву ад вынікаў прыродных нягод. Але той жа «Даніэль» закрануў і Лівію, дзе з-за вайны сацыяльная сістэма адсутнічае ў прынцыпе. Няма сумневаў, што многія з ахвяр урагану паспрабавалі і спрабуюць знайсці прытулак ад наступстваў кліматычных змен у Еўропе, узмацняючы лакальны міграцыйны крызіс.

Такім чынам, у Еўропе (як мінімум, у Паўднёвай) пачынаецца працэс, калі пытанні клімату імкліва выходзяць за рамкі дысідэнцтва і становяцца «перманентнай палітычнай праблемай для сістэмы». Напрыклад, у Грэцыі больш за палову насельніцтва лічыць, што ўрад нясе адказнасць за негатыўныя наступствы глабальнага пацяплення.

Пакуль незразумела, як у перспектыве палітычная эліта ў той жа Грэцыі знойдзе з электаратам кансэнсус па пытанні клімату, паколькі вырашэнне праблемы прадугледжвае каласальныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю жыллёвага сектара, перапланіроўку гарадоў, абарону лясоў і сельскіх угоддзяў. Трэба будзе на шмат чым эканоміць. Адным словам, будзе запатрабаваная новая сацыяльна-экалагічная стратэгія па барацьбе з наступствамі пацяплення, формулу якой пакуль, на жаль, ніхто не ведае.