Луі дэ Фюнес: манархіст-камедыянт

Распавядаюць, што падчас вайсковага становішча ў Польшчы кожную нядзелю ранкам па ТБ дэманстравалі адзін з фільмаў з удзелам Луі дэ Фюнеса для таго, каб палякі не хадзілі ў касцёл.



124.jpg

Францыя адзначае сотую гадавіну нараджэння вялікага коміка Луі дэ Фюнеса, а палітыкі розных лагераў спрачаюцца за яго спадчыну.

Дарэчы, Луі дэ Фюнес у жыцці быў заўзятым каталіком, і нават манархістам. Напрыклад, вядома, што ён штогод браў удзел у набажэнствах у памяць караля Людовіка XVI і іншых ахвяраў якабінскага тэрору. Дэ Фюнеса, па словах яго сяброў, вельмі цешыла тое, што фанатам яго творчасці быў Рымскі папа Ян XXIII (1958–1963).

З розных інтэрв’ю артыста відаць, што рэлігія сапраўды займала важнае месца ў яго светапоглядзе. Вось, напрыклад, фрагмент інтэрв’ю коміка 1981 года:

— Вы вернік?

— Натуральна, зразумела.

— Як доўга?

— Вельмі доўга. Можна сказаць, я ім быў заўжды... Ісус быў яркім спадарожнікам майго дзяцінства, яркім спадарожнікам майго прафесійнай жыцця і самога жыцця.

— Гэта дапамагло вам у вашым прафесійным жыцці?

— Безумоўна. У мяне было шмат поспехаў, і гэта, верагодна, дзякуючы яму.

— Вы маеце здольнасць чуць Ісуса?

— Я яго не чую, я яго адчуваю.

Гэта рэлігійнасць — следства таго, што сям’я дэ Фюнес належыць да старога каталонскага арыстакратычнага роду, прадстаўнікі якога эмігравалі ў Францыю ў 1904 годзе. Цікава, што Луі нарадзіўся літаральна ў той жа дзень, калі пачалася Першая сусветная вайна — 29 ліпеня 1914 года, што з улікам яго будучай прафесіі коміка выглядае вельмі правакацыйна.

Нягледзячы на блакітную кроў, Луі вырашыў зрабіць акторскую кар’еру, прайшоў праз усе этапы, і толькі пад пяцьдзясят гадоў дабіўся поспеху.

Аднак якога поспеху! Луі дэ Фюнес разам з Эдыт Піяф і Астэрыксам лічацца самымі пазнавальнымі французамі мінулага стагоддзя. Сярод кінаактораў яму ўвогуле няма роўных: ніхто пасля дэ Фюнеса яшчэ не змог сабраць 230 мільёнаў гледачоў на свае фільмы.

З улікам такой папулярнасці юбіляра нічога дзіўнага, што сёння манархісты, клерыкалы і проста кансерватары кінуліся ўзгадваць камедыянта. Практычна на кожным сайце манархістаў можна наткнуцца на артыкул, прысвечаны Луі дэ Фюнесу. Выказаўшы захапленне яго акторскім талантам, аўтары такіх панегірыкаў абавязкова ўзгадваюць пра палітычныя погляды дэ Фюнеса. Напрыклад, сайт правай партыі Нацыянальны фронт адзначае: «Луі дэ Фюнес быў таксама глыбока набожны каталік. Вельмі прывязаны да традыцыі, ён, не вагаючыся, дапамагаў царкве. Напрыклад, яго шчодрае дзеянне дапамагла біскупу гораду Сэн-Нікаля-дзю-Шарданэ ў першыя гады акупацыі».

Больш таго, клерыкалы нават пасварыліся паміж сабою, да якой фракцыі Касцёла належыць дэ Фюнес. Прынамсі, адэпты вучэння Марселя Лефеўра (вельмі кансерватыўны накірунак у каталіцтве) лічаць, што думкі дэ Фюнеса пра рэлігію і хрысціянскую дактрыну цалкам адпавядаюць крытэрыям сябра іх секты.

Левыя выданні Францыі, апускаючы клерыкальныя погляды Луі дэ Фюнеса, звяртаюць увагу на тое, што яго творчасць мела прагрэсіўны характар. Як правіла, артыст выконваў ролі розных патронаў, якія ў яго выкананні выглядалі слабымі і смешнымі. У дадатак абавязкова ўзгадваюць стужку «Вялікая прагулка», якая мае відавочна антыфашысцкі мэсэдж. Дарэчы, гэты фільм быў самым касавым французскім фільмам з 1966-га да сярэдзіны 1990-х, калі яго рэкорд пабіў «Тытанік». Таксама не праходзяць левыя міма карціны «Рабін Якоб», у якой Луі дэ Фюнес смяецца з бытавых антысеміцкіх забабонаў, характэрных для пасляваеннай французскай эліты.

Нарэшце, на думку левых культуролагаў, Касцёл і Ватыкан ніколі б не выбачылі дэ Фюнесу задуманы ім праект зрабіць фільм па матывах Евангелля. Гэту ідэю ён агучыў у 1981 годзе, за два гады да смерці. Фільм пра Ісуса, па словах дэ Фюнеса, мусіў быць вельмі смешным.

Аднак самую незвычайную тэорыю ўплыву дэ Фюнеса на французскую палітыку прапанаваў сайт paperblog. Аўтар артыкулу на сайце, прааналізаваўшы грымасы, міміку, рухі, лексіку Луі дэ Фюнеса, прыйшоў да высновы, што гэта нагадвае стыль былога прэзідэнта Нікаля Сарказі (які, дарэчы, таксама вельмі малога росту). Быццам, менавіта за кошт асацыяцыі са славутым акторам Сарказі выклікаў у французаў падсвядомую сімпатыю да сваёй персоны. Тэорыя гучыць вельмі правакацыйна, аднак у любым выпадку яшчэ раз падкрэслівае маштаб фігуры Луі дэ Фюнеса. Як канстатуе французская прэса, «Луі дэ Фюнеса не здольны замяніць ніхто. Гэта геній».