У акупаваным Крыму французы збудуюць парк забавак
Французская кампанія пабудуе ў акупаваным Расіяй Крыму тэматычны парк забавак. Уладальнік фірмы, вядомы палітык з еўраскептычнымі поглядамі, узгадніў праект з Уладзімірам Пуціным у Ялце.
Парк гістарычных атракцыёнаў Puy du Fou ў Францыі
У Крыме, акупаваным Расійскай Федэрацыяй, пачнецца будаўніцтва філіяла знакамітага французскага парку гістарычных атракцыёнаў «Пюі дзю Фу». Афіцыйны стартавы стрэл для праекта прагучаў у пятніцу, 15 жніўня. Напярэдадні ў чацвер заснавальнік парку забаў Філіп дэ Вілья сустрэўся ў Ялце з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Уладзімір Пуцін выказаў «вялікую цікавасць у праекце гістарычнага парка» «Пюі-дзю-Фу», паведамляе інфармагенцтва AFP. Крымскі праект плануецца прысвяціць гісторыі Расіі і назваць «Царград». Кантракт прадугледжвае будаўніцтва яшчэ аднаго парку ў Маскве.
Дзеля выгоднага «сяброўства» склаў дэпутацкі мандат
Заснавальнік парку, французскі палітык правапапулісцкага толку Філіп дэ Вілья, заявіў на сустрэчы, што будаўніцтва тэматычных паркаў у Маскве і Крыму «працягвае доўгую традыцыю французска-расійскага сяброўства». «Санкцыі — гэта акты вайны, а кааперацыі — акты міру», — дадаў ён. Дэ Вілья склаў паўнамоцтвы кіраўніка партыі «Рух за Францыю» і дэпутацкі мандат, каб цалкам засяродзіцца на праекце будаўніцтва забаўляльных паркаў для Расіі, паведамляе аўстрыйскае інфармагенцтва APA.
Тэматычны парк «Пюі дзю Фу» размешчаны недалёка ад горада Нант на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Штогод яго наведваюць каля 1,7 мільёна гасцей. Па колькасці наведвальнікаў «Пюі дзю Фу» пераўзыходзіць толькі французскі «Дыснэйлэнд».
Расійскім саінвестарам праекта выступае бізнэсовец Канстанцін Малафееў, паведамляе «Інтэрфакс». Па словах Малафеева, пачаць будаўніцтва «Царграда» плошчай каля 60 гектараў плануюць за паўтара-два гады.
Еўрапейскі Саюз лічыць анэксію Крыма Расіяй, якая адбылася насуперак нормам міжнароднага права, непрымальнай. Аднак, нягледзячы на санкцыі Еўрасаюза і яшчэ шэрагу краін супраць Расіі, Францыя настаяла на працягу выканання мільярднага вайсковага кантракту з Расіяй на пастаўку верталётаносца «Містраль».