«Санта Брэмар» абвергла рост закупак нарвежскага ласося для перапродажу ў Расіі
Кампанія «Санта Брэмар» абвергла рост закупак нарвежскага ласося на 30% для паставак на расійскі рынак.
Пра гэта ІТАР-ТАСС паведаміў кіраўнік ЗАТ «Рускае Мора» (расійскага даччынага прадпрыемства беларускай «Санта Брэмар») Андрэй Астапчанка.
Раней шэраг СМІ паведаміў аб 30-працэнтным росце закупак нарвежскага ласося беларускай кампаніяй «Санта Брэмар» для паставак на расійскі рынак ва ўмовах харчовых санкцый у РФ і эмбарга на імпарт рыбы з Нарвегіі.
«Ва ўмовах санкцый перспектывы па павелічэнню паставак гатовай прадукцыі на расійскі рынак у нас ёсць. Але сказаць, на колькі, я не гатовы. 30% росту закупак сыравіны я не пацвярджаю», — сказаў Астапчанка.
«Санта Брэмар» ва ўмовах расійскіх санкцый мае магчымасць перапрацоўваць нарвежскую сёмгу і ласось на тэрыторыі Беларусі і пастаўляць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі гатовы прадукт, пацвердзіў Астапчанка. Аднак пакуль аб'ёмы вытворчасці не павялічваліся, дадаў ён.
«Мы працуем у тых аб'ёмах, якія ў нас былі, таму што ў большасці вытворцаў ёсць нейкія рэшткі, вытворчыя і складскія, і пакуль пастаўкі з боку іншых пастаўшчыкоў не спынены», — адзначыў ён.
«Мы не будзем на гэтым спекуляваць. Было прынята рашэнне на савеце дырэктараў, што кошты застануцца ранейшымі», — падкрэсліў суразмоўца агенцтва. Паводле яго слоў, да санкцый аб'ём паставак кампаніяй «Санта Брэмар» перапрацаванай сёмгі і фарэлі з Нарвегіі на расійскі рынак складаў 4 тыс. тон у год.
Расійская група кампаній «Рускае мора» у 2013 выйшла з бізнэсу па вытворчасці гатовай рыбнай прадукцыі, прадаўшы ЗАТ «Рускае мора» беларускай «Санта Брэмар» за $ 52 млн.
12 жніўня Мінсельгасхарч Беларусі гарантаваў Рассельгаснагляду недапушчэнне рээкспарту забароненай прадукцыі. У ведамстве заявілі, што будуць прымаць усе магчымыя меры па спыненні незаконнага транзіту еўрапейскай прадукцыі ў Расію праз сваю тэрыторыю.