Перамовы з Масквой у Берліне завяршыліся нічым. Расіяне недарэчна жартавалі
У Берліне, пасля поўначы па кіеўскім часе, завяршыліся перамовы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Украіны, Расійскай федэрацыі, Германіі і Францыі. Гутарка, якую яе ўдзельнікі назвалі «складанай», працягвалася пяць гадзін.
Кароткую заяву па выніках перамоваў зрабіў кіраўнік МЗС ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмайэр.
З ягоных словаў вынікала, што ніякія канкрэтныя дамоўленасці не былі дасягнуты. «Між тым,
у мяне ёсць надзея, што па некаторых пунктах мы дасягнулі прагрэсу», — цытуе міністра Spiegel.
«Намі было ўзгоднена, што мы дамо ў свае сталіцы, кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў, першую справаздачу
(пра перамовы). Верагодна, на працягу аўторка мы дамовімся аб працягу сённяшняй дыскусіі», — сказаў кіраўнік МЗС Германіі, якога цытуе Reuters.
«Мэта (перамоваў) застаецца той жа — дамагчыся перамір'я ва Украіне і прадухіліць наступныя ахвяры», — дадаў Штайнмайэр.
Тое, што перамовы завяршыліся без прыкметнага выніку, пацвярджае таксама выказванне кіраўніка МЗС Украіны Паўла Клімкін ў twitter — ён заўважыў, што прыйдзецца сустрэцца «яшчэ пяць разоў па пяць гадзін», каб «зрушыць з месца».
Між тым, украінскі дыпламат, які ўдзельнічаў у перамовах у Берліне, распавёў Еўрапейскай праўдзе, што адзін з прадстаўнікоў расійскай дэлегацыі на сустрэчы «злоўжываў недарэчнымі жартамі».
«Падобна на тое, спрабаваў расслабіць удзельнікаў. Але ўкраінскаму боку было не да
жартаў», — заўважыў дыпламат.
Суразмоўца таксама звярнуў увагу на той факт, што міністры не засталіся чакаць на заяву Штайнмайэра і раз'ехаліся адразу па завяршэнні сустрэчы. Такім чынам, заява кіраўніка МЗС Нямеччыны
не носіць статус сумеснай.
Неабходна таксама дадаць, што гэта не было крокам пратэсту. Украінскі МЗС застаўся задаволены падтрымкай з боку немцаў і французаў, пра што міністр Клімкін заявіў у сваім twitter.
«Адчуваў падтрымку нашых партнёраў», — адзначыў міністр.
Раней кіраўнік МЗС Францыі Ларан Фабіус заяўляў, што ключавым прынцыпам дыялогу з РФ павінна стаць захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
eurointegration.com.ua