Нямеччына не выключае прамога збройнага канфлікту Украіны і Расіі

Міністр замежных спраў Нямеччыны Франк Вальтэр Штайнмайэр не выключае магчымасці прамога збройнага канфлікту паміж Украінай і Расіяй і заклікае ўсе бакі прыкласці максімум намаганняў для таго, каб гэтага пазбегнуць.



niamiecki_ministr.jpg

Як перадае РАР, пра гэта нямецкі міністр заявіў пасля перамоваў з кіраўнікамі МЗС Украіны, Францыі і Расіі ў нядзелю. 
«Можа быць яшчэ горш», — сказаў ён, каментуючы апошнія паведамленні з Украіны.
Ён падкрэсліў, што прамога ўзброенага канфлікту паміж Украінай і Расіяй трэба пазбегнуць «любым коштам». 
Штайнмайэр назваў трагічным тое, што папярэднія дамоўленасці бакоў дасягнутыя ў Жэневе ў красавіку і Берліне ў ліпені гэтага года не прывялі да спынення баявых дзеянняў.
Нямецкі міністр назваў «складанымі» перамовы, якія адбыліся ўчора ў Нямеччыне, але заклікаў выкарыстоўваць гатоўнасць бакоў да перамоваў, каб спыніць кровапраліцце. Паводле яго словаў, невыкарыстанне такой магчымасці было б «безадказным».
«Гэта была складаная размова, але спадзяюся, што ў некаторых справах мы дасягнулі прагрэсу», — сказаў Штайнмайэр. 
Агенцтва адзначыла, што нямецкі міністр яшчэ перад пачаткам перамоваў назваў самым галоўным пытаннем, якое мусіць абмяркоўвацца  —  спыненне баявых дзеянняў, а таксама далейшае недапушчэнне паставак зброі і баевікоў праз некантралюемыя ўкраінскай уладай ўчасткі мяжы з Расіяй. 
УНІАН