Міжнародны Дзень Салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве
7 лютага па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай беларуская дыяспара па ўсім свеце адзначае Дзень Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю.
Шырока і ўрачыста адзначаюць гэты дзень і ў Варшаве, дзе вельмі шмат беларусаў, а беларуская дыяспара лічыцца другой па сваёй колькасці. Сёння беларусы зладзілі акцыю падтрымкі ў самым сэрцы Варшавы, на Замкавай плошчы. А яшчэ над гарадской Ратушай сёння быў узняты нацыянальны сцяг нашай краіны, а ўвечары Палац культуры афарбуецца ў нацыянальныя колеры Беларусі.
Сёння ўдзень беларусы, якія пражываюць па розных прычынах у Польшчы, далучыліся да Дню Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю. У самым цэнтры Варшавы, перад Каралеўскім палацам на Замкавай плошчы прайшла насычаная праграма. Урачыстасць адкрылі яскравыя беларускі Варшавы, якія ў знак салідарнасці паўтарылі сусветны чэлендж «Jerusalema». У мерапрыемствах на плошчы сёння сярод прысутных было і шмат стыпендыятаў праграмы Каліноўскага.
Апроч таго, сёння над гарадской Ратушай быў узняты бел-чырвона-белы сцяг у знак Салідарнасці з Беларуссю. А ўвечары самы высокі будынак Польшчы, Палац культуры, афарбуецца ў нацыянальныя колеры Беларусі.
Арганізатарам мерапрыемстваў у Варшаве выступіў Цэнтр Беларускай Салідарнасці, які выказвае шчырую падзяку мэру Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму і дэпутату Міхалу Шчэрбе за салідарнасць з нашым народам.Апроч таго, шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Салідарнасці з Беларуссю праходзіць і ў іншых гарадах Польшчы – у Беластоку, Кракаве, Гданьску, Бялай Падлясцы, Вроцлаве, Лодзі, Таруню, Шчэціне.
У Беластоку яшчэ ўчора над вуліцамі горада быў запушчаны паветраны шар з прымацаваным да яго 30-мятровым бел-чырвона-белым сцягам. У мерапрыемствах да Дню Міжнароднай Салідарнасці з Беларуссю у Беластоку прыняў удзел таксама і Старшыня групы па справах Беларусі ў Польскім Сейме Роберт Тышкевіч. А ў Вроцлаве адбыўся дабрачынны забег «Марафон свабоды 2334 метра». Аналагічны забег праходзіць і 7 лютага ў Бялай Падлясцы, пачатак якой стартаваў ад будынку Консульства РБ.
Фота Кацярыны Грушэцкай