Мовы Шатландыі: Ці выйгралі б скотс і гэльская ад незалежнасці?

Незалежнасць, мова і рэферэндум — эмацыйна насычаныя словы для свядомых беларусаў, нават калі яны датычацца іншай краіны. 



scotsdialects.jpg

У сакавіку 2012 года я прымаў удзел у эдынбургскай канферэнцыі, прысвечанай параўнальнаму аналізу беларускай і шатландскай моўных сітуацый. Мне падалося, што гаспадары не мелі пэўнага погляду на тое, якім чынам незалежнасць магла б адбіцца на моўнай палітыцы.

У Шатландыі, акрамя моваў эмігрантаў, распаўсюджаны наступныя мовы: англійская ці яе шатландскі варыянт, скотс, шатландская гэльская мова і брытанская жэставая мова.

Моўная рэальнасць

На гэльскай мове да ХV стагоддзя размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі. Паступова яе арэал звузіўся да Хайлэнда (паўночна-заходняя Шатландыя) і заходніх астравоў. Апошні перапіс засведчыў, што ў той ці іншай ступені гэльскай валодае 87 000 чалавек (1,7%).

Закон аб гэльскай мове патрабуе ад дзяржаўных шатландскіх арганізацый выканання планаў па развіцці мовы. Ёсць гэламоўныя дзіцячыя садкі, школы, радыё і тэлебачанне. 

Скотс — германская мова, адносна блізкая да англійскай. Гэта нашчадак паўночнага дыялекту англа-саксонскай мовы. Гэта мова распаўсюдзілася на поўдні і ўсходзе шатландскага каралеўства і замяніла гэльскую ў якасці дзяржаўнай. Але ў пачатку ХVІІ стагоддзя была заключана асабістая вунія Шатландыі з Англіяй, і скотс пачаў занепадаць.

Брытанскі ўрад «прызнае і паважае скотс у якасці асобнай мовы і не лічыць выкарыстанне скотс прыкметай кепскага валодання англійскай мовай». Хаця даследаванне 2010 года паказала, што 64% апытаных хутчэй разглядаюць скотс як гаворку, а не як мову.

Для Шатландыі характэрныя пераходныя варыянты паміж скотс і англійскай, а таксама змяшэнне моваў у гаворцы пэўнага чалавека. Адна з крыніц апісвае найбольш распаўсюджаную гаворку Лоўлэнда (паўднёва-ўсходняя Шатландыя) як «хутчэй англійскую мову з вялікай колькасцю рысаў, што ўзыходзяць да скотс». Але вучоны і былы дарадца ўрада па скотс адзначае, што ў яго горадзе Абердзіне многія размаўляюць на некранутай чыстай скотс.

Паводле дадзеных перапісу 2011 года, у той ці іншай ступені валодлі скотс 37,3% насельніцтва. 93% адказалі, што дома размаўляюць толькі па-англійску, на скотс — 1%, па-гэльску — 0,5%. 

Тэле- ці радыёканала на скотс няма, хаця ёсць асобныя праграмы. Як прадмет скотс у школе не вывучаецца, хаця настаўнікаў заахвочваюць паглыбляць веданне дзецьмі гэтай мовы.

Моўная палітыка

Прааналізуем, як бы незалежнасць адбілася на моўнай палітыцы Шатландыі. У 2013 годзе ўрад апублікаваў дакумент «Будучыня Шатландыі. Твой гід па незалежнай Шатландыі». У ім апісаны перспектывы незалежнасці для розных сфераў жыцця, у тым ліку для моваў. Ёсць там і адказы на пытанні грамадзян.

Дакумент прызнаў вялікую ролю гэльскай і скотс для незалежнай Шатландыі. На пытанне аб будучыні нацыянальных моваў гучыць адказ, маўляў, урад прапануе не мяняць наяўныя статусы моваў Шатландыі. Хаця канстытуцыйная рада пасля атрымання незалежнасці магла б разгледзець іх статус у канстытуцыі.

Урад планаваў «працягнуць мацаваць статус і павялічваць колькасць носьбітаў гэльскай мовы праз забеспячэнне адукацыі на ўсіх узроўнях» (хаця пералічаны толькі пачатковая і сярэдняя адукацыя) і падтрымку тэлевяшчання.

Даецца нават абяцанне, што гэльская зойме цэнтральнае месца ў грамадскім жыцці Шатландыі. Як гэта зрабіць з настолькі мінарытарнай мовай, не тлумачыцца.

У адказ на пытанне, ці атрымае скотс пасля набыцця незалежнасці больш падтрымкі, урад адказвае, што далейшая распрацоўка моўнай палітыкі і развіццё ўжывання і статусу скотс будуць грунтавацца на звестках апошняга перапісу. Але перапіс паказаў, з аднаго боку, высокі працэнт валодання скотс, а з іншага — татальнае валоданне англійскай. Які ўзровень падтрымкі абраў бы ўрад у такой сітуацыі, невядома.

На маю просьбу апісаць палітыку ў дачыненні да скотс на выпадак незалежнасці, Джонатан Фер’е, спецыяліст ўрада па моўнай палітыцы, адзначыў, што ўрад абавязаўся ўзняць ролю і пашырыць выкарыстанне гэтай мовы.

Ці трэба мова? 

Працяг і пэўная інтэнсіфікацыя цяперашняй моўнай палітыкі ў дачыненні да гэльскай могуць урэшце прывесці да росту колькасці яе носьбітаў, бо за апошнія дзесяць гадоў назіралася мінімальнае падзенне гэтай колькасці з 1881 года. Але абяцанне пра ўмацаванне статусу моваў не выконвалася ўжо ў працэсе падрыхтоўкі рэферэндуму: бланкі былі толькі англамоўнымі. У адказ на патрабаванне зрабіць шматмоўны бланк, намесніца першага міністра Старджон заявіла, што англійскі тэкст тэставаўся на носьбітах гэльскай мовы, і яны яго цалкам зразумелі, таму патрэбы ў гэльскай версіі няма. Пратэсты былі праігнараваныя, а шырокая грамадскасць (акрамя гэламоўнай) засталася абыякавай.

Дарэчы, пра абыякавасць. Нядаўняе даследаванне паказала, што толькі 56% тых, хто верыць, што незалежнасць дадала б шатландцам гонару за сваю краіну, жадалі б, каб на гэльскай у будучыні размаўляла больш людзей, чым зараз. Сярод тых, хто лічыць сябе шатландцам, а не брытанцам, такіх 51%. Праўда, гэтае ж даследаванне засведчыла, што чым больш людзі схіляюцца да шатландскай ідэнтычнасці і ідэі незалежнасці, тым больш яны жадаюць, каб колькасць гэламоўных павялічылася.

Што да скотс, то ўрад падрыхтаваў рэзюме «Будучыні Шатландыі» на 15 мовах, у тым ліку і на гэльскай, — але не на скотс.

Пакуль няма даследаванняў, якія б паказалі дынаміку колькасці носьбітаў скотс і стаўлення да яе. Таму рана рабіць высновы пра ўплыў цяперашняй моўнай палітыкі на стан гэтай мовы. Але падаецца, што захаванне статус-кво недастатковае для росквіту скотс: трэба ўздымаць яе статус, развіваць адукацыю і медыі. Але ці трэба гэта шатландцам? Вынікі апытанняў неадназначныя: стаўленне да скотс агулам добрае, дзяцей варта заахвочваць яе выкарыстоўваць, пры гэтым больш паловы не жадае, каб скотс вывучаўся ў школе.

Незалежнасць і мова

А што з англійскай мовай? «Будучыня Шатландыі» падкрэслівае, што ў выпадку незалежнасці еднасць шатландцаў з астатнімі брытанцамі засталася б непарушнай, у тым ліку дзякуючы «адной з імі мове, культуры і гісторыі». Урад даводзіць, як выгодна будзе і далей прымаць брытанскіх студэнтаў у шатландскіх універсітэтах, а яны прыедуць, бо «мова ў нас усіх агульная». Як адзначаюць аналітыкі, англійская мова робіць Шатландыю прывабнай на моўным рынку. На канферэнцыі адзін з прыхільнікаў адраджэння скотс сказаў, што яны рады быць таксама і часткай англамоўнага свету. Толькі ці ўдасца спалучыць адраджэнне скотс з выгодамі ад англамоўнасці?

Перадрэферэндумная кампанія пацвердзіла меркаванне аб невялікай ролі моўнай спецыфічнасці ў шатландскай нацыянальнай самасвядомасці і ў руху за незалежнасць. Моўнае пытанне не заняло заўважнага месца ў абмеркаваннях. Амаль ніхто з іх удзельнікаў не назваў сярод аргументаў за незалежнасць яе выгодаў для скотс і гэльскай. Тое ж і з кампаніяй прыхільнікаў брытанскага адзінства. Ды і самі скотс і гэльская ў кампаніі выкарыстоўваліся мала.

Прычынамі былі і нешматлікасць гэламоўных, і невысокі статус скотс у вачах часткі яе носьбітаў. Магчыма, што незалежнікі баяліся напужаць  электарат перспектывай абавязковага вывучэння мінарытарных моваў. Аналітыкі адзначалі, што ці не ўсё, што можна рабіць у сферы развіцця моваў, дасягальна і ў складзе Вялікабрытаніі.

Да таго ж, у выпадку незалежнасці на скотс і на гэльскую больш не распаўсюджвалася б падтрымка, гарантаваная «Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў», бо падпісвала яе не Шатландыя, а Вялікабрытанія. Незалежная ж Шатландыя не атрымала б аўтаматычнага сяброўства ў ЕС. І калі гэльскую абараняе яшчэ і адмысловы шатландскі закон, то скотс пазбавіўся б канкрэтнага статусу.

Нельга сказаць, што палітыкі зусім праігнаравалі моўную тэму. Напрыклад, прэм’ер шатландскага ўрада Алекс Салманд даў інтэрв’ю прадстаўніку Цэнтра мовы скотс, дзе прызнаўся ў любові да гэтай мовы і зазначыў важнасць яе падтрымкі.

Ці прайграе гэльская мова ад паразы незалежнікаў на рэферэндуме? Калі ва ўмовах саюзу цяперашні ўзровень падтрымкі мовы захаваецца, то  хутчэй не.

Не варта засмучацца

Што да скотс, то адсутнасць даследаванняў і агульны характар абяцанняў урада не дазваляюць даць адназначнага адказу. Прынамсі, першая рэакцыя на вынікі рэферэндуму Цэнтра мовы скотс была скрушаная:  перспектывы развіцця вяшчання на скотс абмежаваныя.

Незацікаўленасць незалежнікаў моўным пытаннем і парушэнні моўных правоў напярэдадні рэферэндуму сведчаць на карысць таго, што ў незалежнай Шатландыі істотнага прарыву ў моўнай сферы не было б. Так што, з аднаго боку, іхным моваабаронцам не варта сумаваць, а з іншага — ім будзе не да суму.

Ці ёсць плюсы ад захавання саюзу для скотс і гэльскай? Калі паўнамоцтвы Эдынбурга ў сферы бюджэту павялічацца, і гэта прынясе выгоды, то паглядзім, колькі ад іх будзе скіравана на развіццё спрадвечных шатландскіх моваў.

Таксама невядома, наколькі задаволіць шатландцаў ступень аўтаноміі, прапанаваная Лонданам. Калі рух за незалежнасць ці пашырэнне аўтаноміі працягнецца, то яго прыхільнікі могуць нарэшце звярнуць увагу на занядбанае моўнае пытанне, шукаючы падтрымкі гэламоўных і свядомых носьбітаў скотс. Магчыма, што цікавасць да гэтых моваў у грамадстве ўзрасце кампенсаторна: не атрымалі незалежнасці — дык падкрэслім нашу моўную адметнасць.