«На Назарбаева забыліся за пару месяцаў»
Сёння Казахстан адзначае Дзень незалежнасці. Упершыню без аўтакрата Назарбаева, які фактычна кіраваў краінай усе папярэднія гады. Пра некаторыя нюансы актуальнай сітуацыі ў краіне «Новы Час» пагаварыў з казахстанскім праваабаронцам Андрэем Грышыным.
— Мінулы год адзін з самых бурных у гісторыі незалежнага Казахстана (студзеньскія пратэсты, адхіленне клана Назарбаева ад улады, новая Канстытуцыя і новыя выбары прэзідэнта і парламента). Такаеў, падводзячы вынікі выбараў, заяўляе, што паласа турбулентнасці ў мінулым. Ці можна з гэтым пагадзіцца?
— Можна дапусціць, што Такаеў заручыўся падтрымкай і сілавікоў, і вайскоўцаў і, магчыма, дамовіўся з назарбаеўскім кланам аб ненападзе і, магчыма, нават атрымаў нейкія гарантыі ад Расіі і Кітая. Але справа ў тым, што любая дамоўленасць можа быць адменена ў любую хвіліну, паколькі казахстанская ўлада — гэта бурлівы кацёл, дзе пастаянна ідуць нейкія ўнутраныя рухі, заключаюцца часовыя пагадненні, плятуцца інтрыгі і змовы. Як тут не згадаць, што другая рэвалюцыя ў Кыргызстане заняла пяць дзён, студзеньскія пратэсты ў Казахстане ўспыхнулі за два дні.
І вось якраз зараз у розных гарадах краіны пачаліся як на замову аварыі ЦЭЦ і кацельняў. Замярзаючы народ пачынае наракаць, і Такаеў паводзіць сябе даволі нервова, баючыся, што «халодны бунт» можа стаць папярэднікам новага «крывавага студзеня». Гэта значыць, прэзідэнт цалкам разумее ўсю няўстойлівасць свайго становішча, нягледзячы на перамогу на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.
— Увогуле, ці ёсць выразная карціна таго, што адбывалася ў студзені 22-га? Перш за ўсё, хто стаіць за пратэстамі?
— Наогул няма. Вядома, ва ўладзе нейкае ўяўленне ўжо павінна скласціся, але яно, відаць, настолькі нязручнае, што агучваць яго сабе даражэй выйдзе. З гэтай прычыны справы ўсіх значных удзельнікаў засакрэцілі. А версіі, вядома, ёсць, улічваючы тое, што адбылося ў тыя дні, і наступныя разборкі з людзьмі, набліжанымі да Назарбаева. Няма сапраўднага разумення, што ж гэта было, і ролі ўсіх бакоў, у тым ліку і апазіцыі.
— Увосень да ўдзелу ў апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў дапушчаны прадстаўнік несістэмнай апазіцыі ад партыі эсдэкаў. Як ты ацэньваеш ягоны ўдзел у выбарах? Ці значыць гэта пачатак легалізацыі апазіцыі?
— Калі ўлічыць, што пра гэтую партыю ўсё даўно забыліся і зараз са здзіўленнем успрынялі, што яна намінальна яшчэ існуе, то гэта абсалютна ні пра што не гаворыць. Тым больш, што і пра самога кандыдата народ (і нават эксперты) упершыню пачулі напярэдадні выбараў (як, з іншага боку, і пра астатніх супернікаў Такаева). Так што гэта не больш за шоу для замежжа — нібыта ёсць увесь спектр кандыдатаў: праваабаронца, апазіцыянер, фермер, эколаг, усё як пры сапраўднай дэмакратыі.
— Як успрымаюць казахстанцы фігуру Назарбаева пасля яго зняцця? Ці няма настальгіі? Ці дапускаеш ты варыянт вяртання Елбасы ці агентаў яго клана?
— Самае непрыемнае, мусіць, для Назарбаева, што пра яго забыліся літаральна праз пару месяцаў. Як быццам яго і не было. Хоць зла разам са сваёй сям'ёй нарабіў дастаткова, і сумы выведзеных з краіны грошай могуць лёгка перавысіць сотню мільярдаў долараў. Ды і ўся цяперашняя карумпіраваная і непрафесійная сістэма ўлады, адсутнасць законаў — гэта ўсё спадчына Назарбаева. Таму настальгіі няма, хіба можа на ўзроўні блізкага круга і тых, хто быў асабліва пры кармушцы.
Пры гэтым вяртанне клана Назарбаевых хутчэй за ўсё ўжо не адбудзецца, нават нягледзячы на каласальныя фінансавыя магчымасці. Проста жузаўская (кланавая) сістэма не дапусціць, каб на чале зноў усталі людзі з адносна малалікага Старэйшага жуза, якія і без таго столькі ўтрымлівалі ўладу.
— Чаму назарбаеўскі клан дастаткова лёгка здае пазіцыі? Ёсць нейкі «дагаварняк»?
— І дамову нельга выключаць, і пачуццё самазахавання таксама, тым больш разумеючы, што і ва ўладзе даволі шмат людзей, хто б хацеў з імі паквітацца ці экспрапрыяваць нарабаванае раней. Таму сышлі ў цень. Але зноў жа, я не ведаю, які наверсе сапраўдны расклад, і можа быць, проста назапашваюць сілы і заключаюць пагадненні з нейкімі бакамі, каб паспрабаваць узяць рэванш.
Але, як ужо адказваў вышэй, наўрад ці ім варта разлічваць на былую веліч — хаця б праз кланаўскія расклады, і некаторыя буйныя арыштанты, якія маюць дачыненне адначасова і да сям'і Назарбаева, і да спецслужбаў, — альбо ў следчым ізалятары, альбо не пры справах. Магчымасці значна звузіліся.
— Ці з'явіліся ў краіне ў мінулым годзе новыя, вядомыя (у тым ліку не звязаныя з уладай) палітыкі або фігуры?
— Былі спробы, але, па-першае, новыя палітычныя фігуры — гэта ўсё тыя ж старыя, толькі перафарбаваныя, а па-другое, сама сістэма ў дзяржаве такая, што любую незалежную яркую асобу або імкнуцца задавіць, або перакупіць і адвесці ў цень ці паставіць сабе на службу. Так што 2022 год не стаў выключэннем. І нават тыя нямногія, хто атрымаў адносную вядомасць пасля студзеньскіх падзей, зараз або сядзяць у СІЗА, або пад хатнім арыштам.
— У апошнія месяцы Казахстан масава прымае расійскіх эмігрантаў. Гэтая з'ява і вайна ва Украіне неяк уплываюць на ўнутраны палітычны расклад?
— Па вялікім рахунку, як мінімум пакуль — не. Цяпер асноўная частка грамадства, у тым ліку і казахская, разглядае расійскіх рэлакантаў як часовую з'яву. Прычым многія ставяцца да іх як да людзей, якія трапілі ў бяду, іншыя — як да крыніцы нажывы, але ў цэлым непрымання няма. І нават Акорда (назва рэзідэнцыі прэзідэнта Казахстана), мабыць, выйграла ад гэтага ў вачах народа, бо паказала пэўную (і хутчэй за ўсё дазволеную) самастойнасць ад Расіі. Усё ж большасць, хаця і не пераважная частка, насельніцтва ў нас на баку Украіны.
— Наколькі аўтарытэтны Такаеў у грамадстве, ці ён проста трымаецца за кошт іміджу гаранта таго, што не паўторыцца студзеньскі форс-мажор? Ці можна зляпіць з яго культ асобы?
— У тым і справа, што няма ў Такаева аўтарытэту. Асабліва пасля студзеня, яго выказванняў аб нападзе 20 тысяч тэрарыстаў і загаду страляць на паражэнне без папярэджання. Ёсць пэўныя чаканні, што ён будзе нешта мяняць у Казахстане. Усё ж у адрозненне ад Назарбаева і яго сямейства, Такаеў не звязаны шматлікай сямейнай сувяззю, не быў заўважаны ў буйных карупцыйных схемах. Але для сапраўднага аўтарытэту гэтага недастаткова. Культа Такаева таксама не будзе: і ён сам не зацікаўлены, і бачыў, чаго насамрэч каштаваў культ яго папярэдніка.
— Чаго можна чакаць ад вясновых выбараў у парламент і масліхаты? Для гэтага ўзроўню фігура Такаева не такая важкая.
— Пакуль нічога новага не чакаем. Так, пачаўся працэс рэгістрацыі новых партый, але толькі тых, што атрымалі адабрэнне ў Акордзе і не ўяўляюць небяспекі. Апазіцыйныя партыі, нават умоўна ручныя, рэгістраваць не будуць, каб пазбегнуць нечаканасцей. Таму максімум чаго можна чакаць — змену асоб. На змену назарбаеўскаму складу прыйдзе пратакаеўскі, шмат у чым ён нават можа складацца з ранейшых фігур, якія своечасова адвярнуліся ад Елбасы.
— Калі была абвешчана незалежнасць савецкіх рэспублік, існаваў скепсіс наконт таго, ці змогуць многія з іх стаць незалежнымі дзяржавамі. Казахстан прайшоў рысу, пасля якой можна смела сцвярджаць, што ён застанецца на палітычнай мапе свету?
— Час такі, што нельга казаць наперад. Нават зараз на розных узроўнях ставіцца пытанне: а ці так незалежны Казахстане дэ-факта, калі ўлічваць, што Акорда відавочна залежыць ад Крамля палітычна і эканамічна, і ад Пекіна эканамічна. Хоць можа ў гэтым, прынамсі ў вачах грамадства, і ў краіне, і за мяжой захаваецца імідж незалежнасці з усімі вонкавымі атрыбутамі.