На парозе новай афганскай

Напачатку месяца афганскі радыкальны ісламісцкі рух «Талібан» абвясціў маштабны выступ супраць афіцыйнага ўраду ў Кабуле. Гледзячы па ўсім, падзеі вядуць да чарговай афганскай вайны.

Фота www.islam.ru

Фота www.islam.ru

Талібы, як піша прэса, збіраюцца не толькі ўтрымаць ужо захопленыя тэрыторыі, але і далучыць новыя. На захопленых землях, паводле апублікаванай праграмы «Талібану», плануюць запусціць будаўніцтва грамадскіх інстытутаў і адміністрацыі. Іншымі словамі, стварыць сваю дзяржаву.

Такая дзяржава ўжо існавала на пачатку ХХІ стагоддзя. Тады ў Афганістане дзейнічалі нормы шарыяту, пад забаронай знахо­дзіліся тэлебачанне, музыка, выяўленчае мастацтва, алкаголь, кампутары, інтэрнэт, шахматы і нават белы абутак (белы — колер сцяга талібаў). Мужчын абавязалі насіць бароды пэўнай даўжыні. Жанчынам не дазвалялі працаваць. Для дзяўчат быў значна абмежаваны доступ да адукацыі (у 2001 годзе дзяўчаты складалі толькі 1 працэнт тых, хто наведваў школу).

І, падаецца, талібы (дарэчы, гэтае слова перакладаецца з арабскай як «студэнты») слоў на вецер не кідаюць. Як паведамляе амерыканская прэса, 6 мая «Талібан» наблізіўся да гораду Кундуз — стратэгічна важнага пункта. Пра напружанасць на фронце сведчыць гатоўнасць афганскіх уладаў пагадзіцца на супрацоўніцтва з легендарным палявым камандзірам Гульбедынам Хекмаціярам. Ён у свой час паспеў паваяваць з усімі, кім можна, — ад Саветаў ад амерыканцаў. У 1980-я гады ў разгар вайны з савецкай інтэрвенцыяй у Рэйгана выклікала шок заява Хекмаціяра пра нежаданне атрымліваць ад янкі фінансавую дапамогу. Давялося даваць яму зброю праз пасярэднікаў. Нягледзячы на такі супярэчлівы бэкграўнд, на мінулым тыдні славуты маджахед завітаў у Кабул для арганізацыі агульнага фронту супраць талібаў.

Тое, што афганскі ўрад, за якім стаіць Захад, гатовы на супрацоўніцтва з Хекмаціярам — відавочная прыкмета слабасці кабульскага рэжыму і яго заходніх патронаў. Прыкладна ў сярэдзіне 1990-х праз артылерыйскія абстрэлы афганскай сталіцы Хекмаціяр фігураваў у дакументах ААН як вайсковы злачынца.

Навіна пра актывізацыю талібаў выклікала занепакоенасць, перш за ўсё, у суседніх з Афганістанам краінах Цэнтральнай Азіі. Да мяжы ўжо пацягнуліся першыя калоны ўцекачоў. Як сведчыць досвед, абвастрэнне ў Афганістане заўжды было прапарцыйна росту палітычнай напружанасці ў рэгіёне. Нездарма таджыкскае кіраўніцтва ўжо турбуецца, не ведаючы, як не дапусціць прарыву талібаў на бераг Пянджу (памежнай ракі паміж Таджыкістанам і Афганістанам).

Галоўная надзея ў тым жа Душанбэ, думаецца, усё ж на Вашынгтон. Наступ баевікоў «Талібану» — гэта дэманстратыўны здзек з ЗША, кіраўніцтва якіх яшчэ ў 2001-м абяцала амерыканцам знішчыць талібаў. У тым жа 2001-м амерыканцам і іх саюзнікам удалося дапамагчы антыталібскай групоўкі «Паўночны альянс» адцясніць талібаў з большай часткі тэрыторыі краіны, аднак пасля тэмп быў згублены. Галоўная прычына — праблемы будаўніцтва афганскай дэмакратыі. Праз забабоны мясцовай палітычнай культуры дэмакратыя забуксавала.

Не дзіўна, што прыкладна пару гадоў таму «Талібан» крок за крокам пачаў вяртаць сабе кавалкі тэрыторыі Афганістана. Ужо ў красавіку, напярэдадні наступу талібаў, афіцыйныя ўлады трымалі пад кантролем Кабул і некалькі буйных гарадоў, прычым, у асноўным дзякуючы прысутным там жа амерыканскім базам. У руках талібаў знаходзіцца каля 70 працэнтаў тэрыторыі краіны.

Як канкрэтна плануюць у Вашынгтоне адказаць на выклік талібаў? Ужо вядома, што за акіянам плануецца павялічыць колькасць амерыканскага кантынгенту ў краіне, а таксама павысіць узровень яго фінансавання. Непасрэдна план прадугледжвае павелічэнне колькасці вайскоўцаў ЗША ў Афганістане з 8,4 тысячы да прыкладна 12 тысяч. Акрамя таго, у краіну будуць накіраваныя дадатковыя войскі краін NАТО. Таксама стратэгія прадугледжвае павелічэнне фінансавання на навучанне афганскіх урадавых войскаў.

Чытаючы рэляцыі з Белага дому, нельга не згадаць, што Трамп, будучы кандыдатам, ахвотна крытыкаваў канкурэнта Хілары Клінтан за афганскую авантуру, у выніку якой былі забітыя больш за тысячу амерыканцаў. Цяпер Трамп вымушаны амаль пад капірку рабіць тое, што рабіла адміністрацыя Абамы, — з усімі рызыкамі.

У гэтым плане Белы дом, падаецца, асцярожна шукае перастрахоўкі. Невыпадкова там дапускаюць, што задачай новай афганскай стратэгіі ЗША можа быць не татальная перамога. Пішуць, што ЗША будуць шукаць кампрамісу з талібамі. Перш за ўсё таму, што талібы — унутрыпалітычная сіла, якая не мае геапалітычных амбіцый — у адрозненне ад групоўкі «Ісламская дзяржава».

Аднак ці знойдзе Трап кампраміс з талібамі — вялікае пытанне. Праблема ў тым, што цяперашні «Талібан» — гэта не адна арганізацыя, а кангламерат структураў, частка якіх супрацоўнічае з Масквой. Таму нельга выключаць, што Расія будзе намагацца зацягнуць ЗША ў які-небудзь канфлікт у Афганістане, каб паслабіць актыўнасць Вашынгтона ў іншых гарачых кропках. Адным словам, падаецца, новая афганская вайна вось-вось пачнецца.