Нашчадкі Януковіча
У Кіеве створаная Партыя развіцця, якая прэтэндуе на тое, каб стаць пераемніцай Партыі рэгіёнаў. Пра новыя трэнды партыйнай сістэмы ва Украіне журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Юрыем Палянавым.
— 21 чэрвеня ў Кіеве адбыўся ўстаноўчы з’езд Партыі развіцця Украіны, у кіраўніцтве якой прадстаўленыя выключна былыя функцыянеры
партыі Януковіча. Што гэта за праект?
— Паводле праграмных матэрыялаў, новаствораная партыя — гэта памяркоўная цэнтрысцкая праўкраінская, праеўрапейсая партыя, якая выступае супраць федэралізацыі, аднак за
пашырэнне правоў мясцовых грамадаў. З улікам таго, што як мінімум палова з прыкладна 200 дзеючых ва Украіне партый маюць падобныя прыярытэты, гэта наўрад ці пра нешта гаворыць. Пра сутнасць і амбіцыі
партыі добра кажа склад яе кіраўніцтва. Гэта шэраг былых губернатараў і дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў. Ходзяць чуткі, што партыю гатовы падтрымаць былы кіраўнік адміністрацыі Януковіча алігарх Сяргей
Лёвачкін. Відавочна, што новаствораная структура патрэбна гэтым людзям, каб застацца ў вялікай палітыцы. На стварэнне новай партыі іх падштурхнулі заклікі грамадскасці як мага хутчэй распусціць
Вярхоўную Раду і правесці новыя парламенцкія выбары. Ісці на выбары пад сцягам Партыі рэгіёнаў абсалютна бесперспектыўна.
— Практычна ўсе лідары Партыі развіцця засвяціліся ў свой час як памагатыя Януковіча. Наўрад ці яны могуць разлічваць на мандаты без таго, каб не пакаяцца за былую
дзейнасць?
— Лідары партыі прыдумалі сабе цікавае апраўданне. Яны сцвярджаюць, што ўяўлялі сабой апазіцыйную праеўрапейскую групоўку ўнутры Партыі рэгіёнаў. А свой удзел, напрыклад, у галасаванні
за рэпрэсіўны пакет законаў ад 16 студзеня спісваюць на маніпуляцыі і шантаж з боку Януковіча. Самы важны аргумент на карысць таго, чаму грамадскасць павінна забыць пра іх былыя справы, звязаны з
цяперашнімі падзеямі на Данбасе. Па словах піяршчыкаў Партыі развіцця, менавіта апарат Партыі рэгіёнаў на ўсходзе краіны стане базай для структур Партыі развіцця, здольны выратаваць Украіну ад
сепаратызму.
— Як ставяцца да новага праекту былыя апаратчыкі Партыі рэгіёнаў у Луганску і Данецку?
— Цяжка сказаць за ўсіх апаратчыкаў, аднак іх кіраўніцтва схіляецца хутчэй да падтрымкі Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Думаю, гэта тлумачыцца тым, што кіраўнікі ў Данбасе
дасюль вельмі моцна звязаныя з кланам Януковіча, іх непакояць пагрозы Кіева правесці татальную люстрацыю ў рэгіянальных адміністрацыях. Па-другое, рэгіяналы вымушаны падладжвацца пад настроі
мясцовага насельніцтва. Пуціну шмат у чым удалося ўцягнуць простых людзей у свае гульні за кошт эмацыйнага фактару. Спачатку ён абяцаў інкарпарацыю Данбасу ў Расію па крымскім сцэнары, а цяпер робіць
стаўку на тое, што правакуе вайсковыя дзеянні. Наступствы вайсковых акцый украінскіх салдат часта выклікаюць жаданне помсты. Так раскручваецца спіраль супрацьстаяння, якое набірае зацяжны характар.
Чыноўнікі на месцах вымушаны прызнаваць новыя рэаліі і паводзіць сябе лаяльна адносна ЛНР і ДНР. Таму мне мала верыцца, што, у прыватнасці, на Данбасе новаствораная Партыя развіцця будзе моцным
гульцом.
— Хто яшчэ можа скласці канкурэнцыю Ларыну і Мірашнічэнку (лідары Партыі развіцця) у дзяльбе спадчыны Партыі рэгіёнаў? Гэта могуць быць Добкін ці
Цігіпка?
— Дзяліць сапраўды ёсць што. На момант пачатку Еўрамайдану ў Партыі рэгіёнаў было запісана паўтара мільёна чалавек, якія цяпер маюць вызначыць для сябе новыя палітычныя арыенціры. Аднак
найбольш каштоўная частка спадчыны — гэта тыя, хто працаваў у вертыкалі. Практычна ўсе лепшыя кіраўнікі ў краіне вымушаны былі запісвацца ў Партыю рэгіёнаў. У шмат каго з рэгіянальшчыкаў
дасюль моцны аўтарытэт на месцах, сувязь з лакальным бізнэсам, інтарэсы якога яны лабіравалі і г.д. Зразумела, у агульнанацыянальных палітыкаў ёсць спакуса атрымаць такі рэсурс. Той жа Добкін будзе
намагацца як мінімум не пусціць Ларына і Мірашнічэнку ў Харкаўскую вобласць. Што тычыцца Цігіпкі, то тут усё будзе вырашаць Каламойскі, які дэ-факта кантралюе Днепрапятроўшчыну.
— Ці могуць былыя выбаршчыкі і сябры Партыі рэгіёнаў знайсці сабе куміраў з іншага лагеру? Ёсць меркаванне, што хто-небудзь з цяперашніх палявых камандзіраў украінскай арміі
пойдзе ў палітыку, заснаваўшы партыю ветэранаў АТА, і гэтай партыі прагназуюць вялікі поспех.
— Мяркую, такая партыя ўжо ёсць. Гэта Радыкальная партыя Алега Ляшко. Яму робяць імідж актыўнага ўдзельніка вайсковых дзеянняў. Сам Ляшко ў сваю чаргу вельмі любіць супрацьпастаўляць
хлопцаў у акопах сучаснай эліце, якая, быццам, жыруе ў тыле. Адначасова ў ход ідуць такія прыёмы, як фізічны ціск на апанентаў. Партыя Ляшко зараз, паводле апытанняў, трэцяя партыя па папулярнасці ў
краіне. Аднак у большасці гэта жыхары Цэнтральнай Украіны, дзе Партыя рэгіёнаў не карысталіся вялікай падтрымкай.
— Як вядома, Партыя рэгіёнаў стваралася як партыя абароны інтарэсаў перыферыі. Ці не можа з’явіцца ў краіне Партыя рэгіёнаў з заходнеўкраінскім акцэнтам? Напрыклад,
у кіеўскі гарсавет прайшлі кандыдаты ад арганізацыі «Самапомач», створанай львоўскім мэрам Андрэем Садовым.
— Поспех людзей Садовага ў Кіеве адлюстроўвае дзве тэндэнцыі. Па-першае, колькасць заходніх украінцаў, якія калісьці прыехалі працаваць у сталіцу, стала даволі вялікай. Па-другое, ідзе
імклівая эрозія формулы самаідэнтычнасці постсавецкага ўкраінца. Яго атакуюць больш моцныя мадэлі калектыўнага разумення сваёй палітычнай прыроды. З аднаго боку, гэта заходнеўкраінскі нацыяналізм.
Паказальна, што слова «бандэравец» прыкладна за 5–7 гадоў страціла ў Кіеве і ў цэнтральнай Украіне адмоўны кантэкст. З іншага боку, мадэль постсавецкай украінскай
ідэнтычнасці атакуе «рускі мір». Масква ўкладае грошы ў прапаганду ўкраінства як часткі расійскай цывілізацыі. Такі працэс пагражае культурна-геапалітычным падзелам
Украіны.
— Мяркуючы па ўсім, пад ціскам грамадскасці Пётр Парашэнка вось-вось распусціць парламент. Ці можна прадказаць вынікі пазачарговых выбараў у Вярхоўную
Раду?
— Украіны, якую мы ведалі апошнія 23 гады, з яе зразумелымі прызнанымі ўсімі правіламі палітычнай гульні, больш няма. На вачах ствараюцца некалькі субтэрытарыяльных адзінак, якім
уласцівая свая палітычная мікрамадэль. Напрыклад, Партыя рэгіёнаў і камуністы не здольныя працаваць на Захадзе краіны і, наадварот, цяжка сабе ўявіць публічныя акцыі нацыяналістаў недзе на Данбасе.
Абсалютна спецыфічная сітуацыя ў Днепрапятроўску, дзе ўсё вызначаецца асабіста Каламойскім. Змяніўся этас выбаршчыка. Лічыцца нармальным абліць палітыка зялёнкай або нават збіць яго. Таму мяне цяжка
прагназаваць ход кампаніі і яе вынікі. Магу сказаць толькі тое, што, з улікам сітуацыі на ўсходзе, лёс Украіны будуць вырашацца не ў новым парламенце, а на зачыненых кансультацыях Брусэля, Масквы і
Вашынгтона.