Самаабвешчаныя ЛНР і ДНР маюць намер уступіць у Мытны саюз
Самаабвешчаная Луганская народная рэспубліка (ЛНР) збіраецца ўступаць у Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі.
Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 28 чэрвеня кіраўнік вярхоўнага савета ЛНР Аляксей Каракін, паведамляе агенцтва Інтэрфакс-Украіна. «Мы, гэтак жа як і Данецкая народная рэспубліка,
будзем ўступаць у Мытны саюз», — сказаў Каракін і падкрэсліў, што Еўрасаюз для «Луганскай народнай рэспублікі» непрымальны.
Раней, 13 чэрвеня, аб намеры ўступіць у Мытны саюз у 2015 годзе журналістам паведаміў віцэ-прэм'ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін.
Нагадаем, у сярэдзіне чэрвеня кіраўніцтва ЛНР звярнулася да лідэраў 15 краін, у тым ліку да Аляксандра Лукашэнкі, з просьбай прызнаць яе незалежнасць.
У Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі пацвердзілі: зварот атрыманы і «перададзены адрасату».
Лукашэнка, між тым, публічна заяўляў аб незаконнасці рэферэндумаў аб незалежнасці, якія прайшлі ў Луганскай і Данецкай абласцях. Напрыклад, 21 мая ў інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу
«Дождж» ён, у прыватнасці, сказаў: «З пункту гледжання права рэферэндумы ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны не маюць ніякага значэння. Я не кажу, у якіх умовах
праводзіўся рэферэндум… Любы рэферэндум павінен праводзіцца на падставе канстытуцыі».
БелаПАН