Рада БНР павіншавала Украіну з падпісаннем пагаднення з ЕС

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вітае падпісанне Украінай, Малдовай і Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.



pahonia3.jpg

Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вітае падпісанне Украінай, Малдовай і Грузіяй пагадненняў аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Рада віншуе кіраўніцтва і народы гэтых блізкіх Беларусі краін з важным крокам на шляху еўрапейскай інтэграцыі, які адкрывае для іх новыя магчымасці для эканамічнага і гуманітарнага развіцця, а таксама з'яўляецца важным этапам у вызваленні ад спадчыны таталітарнага мінулага.
Рада БНР выступае за актыўнае збліжэнне Беларусі і Еўрапейскага Саюза. Для гэтага Рада заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да неадкладнай нармалізацыі палітычных умоў унутры краіны, а менавіта: да неадкладнага вызвалення, аднаўлення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, да правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў на ўсіх узроўнях пад кантролем назіральнікаў АБСЕ і ў строгай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, да забеспячэння грамадзянам Рэспублікі Беларусь свабоды сходаў, свабоды думкі і іншых базавых дэмакратычных свабод, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі дамовамі, падпісанымі Рэспублікай Беларусь», — гаворыцца ў заяве.
Рада расцэньвае датэрміновае вызваленне ўладамі праваабаронцы Алеся Бяляцкага як пазітыўны, але ні ў якім разе не дастатковы крок для пачатку працэсу нармалізацыі адносін паміж Рэспублікай Беларусь і міжнароднай супольнасцю.
Рада БНР таксама заклікае кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза актыўна ўздзейнічаць на ўлады Рэспублікі Беларусь з мэтай садзейнічання паўнавартаснай дэмакратызацыі Беларусі.