Ігар Рынкевіч: Удзел расійскіх вайскоўцаў у парадзе ў Мінску «амаральны»

Акцыя супраць удзелу расійскіх войскаў у парадзе 3 ліпеня прайшла ў Мінску.



Каля 10 чалавек, у тым ліку актывісты Беларускага камітэту салідарнасці з Украінай Ігар Рынкевіч, Ілля Дабратвор і Ганна Шапуцька, даслалі лісты Уладзіміру Пуціну, Аляксандру Лукашэнку, а таксама ў амбасаду Расіі ў Беларусі і ў Міністэрства абароны Беларусі, выступаючы супраць удзелу ў парадзе 3 ліпеня ў Мінску расійскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі ў сувязі з дзеяннямі Расіі ва ўкраінскім канфлікце.

«Мы супраць удзелу расійскіх дэсантнікаў на парадзе,  адзначыў Ігар Рынкевіч.  Лічым, што не Расія і не Беларусь, асобна ўзятыя, перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, а і ўкраінцы, і іншыя народы. Калі б у нашым парадзе прайшлі прадстаўнікі розных дзяржаў, гэта было б абгрунтавана. А ў тым, што толькі расійскі бок ўдзельнічае, мы бачым благі знак. 
 
 
Заклікаю ўсіх неабыякавых грамадзян далучацца да ініцыятываў нашага камітэта. У прыватнасці, мы патрабуем, каб у Беларусі вяшчаў ўкраінскі тэлеканал, а такія адыёзныя праграмы расійскага ТБ, якія вядуць прапагандысты Салаўёў і Кісялёў, былі спыненыя, паколькі яны распальваюць міжнацыянальную варожасць і, па сутнасці, заклікаюць да ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны».
 
 
Акрамя таго, актывісты выказалі свой ​​пратэст у сувязі з размяшчэннем у Беларусі расійскіх ваенных баз, самалётаў і ракетных комплексаў. «Пасля падзей ва Украіне мы не давяраем Расіі і не хочам апынуцца пад акупацыяй»,  гаворыцца ў лісце. 
 
 
Пасля адпраўкі лістоў у Галоўпаштамце ўдзельнікі падышлі да Чырвонага касцёла, дзе запісалі відэазварот да Уладзіміра Пуціна. Ігар Рынкевіч заявіў, што ўдзел расійскіх вайскоўцаў у парадзе ў Мінску «амаральны, негуманны і супярэчыць прынцыпам беларускай дзяржавы». Відэаролікі плануецца выкласці ў інтэрнэт. 
 
 
Удзельнікі акцыі памаліліся за мір ва Украіне, праспявалі некалькі песень пад гітару, завяршыўшы акцыю сумесным выкананнем гімна Украіны. 
 
 
За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.
 
 
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: