«Называлі вузкавокай свіннёй». У Расіі праз цкаванне здзейсніла суіцыд спартсменка з Алтая

У Расіі скончыла жыццё самагубствам спартсменка, якая пераехала з Рэспублікі Алтай у Новасібірск. 18 жніўня новасібірская рэгіянальная федэрацыя самба паведаміла, што Ксенія Чапонава трагічна пайшла з жыцця.

Фота t.me/cheposhka

Фота t.me/cheposhka

Як піша NGS.ru, дзяўчыне было 17 гадоў, яна паступіла ў мясцовае вучылішча алімпійскага рэзерву некалькі гадоў таму. Цела самбісткі знайшлі трэнеры на Алтаі. Чапонава вяла свой тэлеграм-канал, у якім пакінула перадсмяротную запіску. У лісце яна распавядае пра непадзеленае каханне, асабістыя праблемы і цкаванне з-за сваёй нацыянальнасці.

«Проста ў адзін момант усё так моцна навалілася, і я дакладна не змагу справіцца з гэтым адна. Раней я заўсёды казала, што я моцная дзяўчына і спраўлюся з усім адна. Але гэтым разам я не змагу гэтага сказаць. Я не была добрым чалавекам, але і дрэнным не была. Я не разумею, у чым мая віна? Што я нарадзілася з вузкімі вачыма? Ці што ў мяне цёмны колер скуры? Я ніколі не саромелася сваёй нацыянальнасці. Пакуль некаторыя людзі не сталі ператвараць гэта ў жарт», — напісала дзяўчына.

Цётка дзяўчыны распавяла праекту «Акно», што ў спартшколе яе называлі «вузкавокай і чарнаскурай», а ў апошні час пачалі псаваць яе рэчы. «А самае горкае для дзяўчынкі — абзывалі яе «вузкавокай». Нашу мілую дзяўчынку абзывалі «бруднай вузкавокай свіннёй», — кажа сваячка спартсменкі.

Сям'я Ксеніі жыве ў маленькім сяле Хабараўка (200 км ад Горна-Алтайска). Усе яны алтайцы.

Малодшая сястра Ксеніі Соф'я Чапонава распавядае, што сям'я пра цкаванне ведала і спрабавала мірна вырашыць канфлікт — размаўлялі з трэнерам і яго дачкой, якая займалася ў той жа секцыі і якую сям'я лічыць арганізатарам цкавання.


Глядзіце таксама

«Адзін час яны нават жылі разам з Ксюшай, здымалі кватэру ў Новасібірску. Сястра неўзабаве паскардзілася бацькам, што яе гнабяць, згадваюць разрэз вачэй, мама спрабавала ўмяшацца, але бацька гэтай сакамандніцы — сам трэнер у вучылішчы, куды паступіла Ксюша. Паўплываць у выніку бацькі не змаглі, проста знялі сястры іншую кватэру. Вядома, накладна, сям'я наша шматдзетная, але бацькі разумелі, што гэта важна. Але больш яны зрабіць нічога не змаглі, іх не чулі», — кажа Соф'я.

У сям'і Чапонавых было пяцёра дзяцей — тры дзяўчынкі і два хлопчыкі, усе займаліся самба. Поспехі старэйшай заўсёды адзначалі асабліва і марылі, што спартыўная кар'ера Ксеніі выйдзе далёка за межы Алтая.

20 жніўня ў Хабараўцы прайшло пахаванне дзяўчыны.

Увесну расійскі «Левада-цэнтр» паведаміў, што на тэрыторыі РФ вырас узровень ксенафобіі. Найбольшую сацыяльную дыстанцыю выявілі ў дачыненні да выхадцаў з Цэнтральнай Азіі, цыган і ўкраінцаў. Таксама павялічылася колькасць людзей, якія адчуваюць непрыязнасць да габрэяў.

Пасля тэракту ў «Крокусе» ў Расіі таксама пачалі ладзіць антымігранцкія рэйды. Праваабаронцы паведамлялі пра рост ксенафобных настрояў.