Іназемцаў: Пераварот – адзіны выхад са стану, які не можа быць пераадолены ні выбарамі, ні рэвалюцыяй

У найвышэйшых пластах расійскага грамадства вельмі шмат людзей шчыра здзіўляюцца, навошта спатрэбілася мяняць ні з чым не параўнальны дабрабыт на бессэнсоўную барацьбу з НАТА і ЛГБТ – і ў нейкі момант гэта здзіўленне ўвасобіцца ў новым ГКЧП, лічыць расійскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў.

Калаж maximonline.ru

Калаж maximonline.ru

22 жніўня 1991 года ГКЧП у Маскве абвясціў пра самароспуск. Так за некалькі дзён скончыўся Жнівеньскі путч 1991 года — ключавая падзея, пасля якой СССР перастаў існаваць, Цэнтральны Камітэт КПСС і Кабінет Міністраў СССР былі распушчаныя, дзейнасць Камуністычнай партыі Савецкага Саюза прыпыненая. А неўзабаве былыя саюзныя рэспублікі, што асудзілі ГКЧП, абвясцілі незалежнасць.

Уладзіслаў Іназемцаў прыгадвае даўнія падзеі і адзначае, што дзяржаўны пераварот – адзіны выхад са стану, які не можа быць пераадолены ні выбарамі, ні рэвалюцыяй.

Гэтае здзіўленне ўвасобіцца ў новым 19 жніўня

19 жніўня 1991 года савецкія людзі прачнуліся пад навіны аб увядзенні надзвычайнага становішча і стварэнні ГКЧП. Міма галоўнага будынка МДУ, у якім я, тады аспірант эканамічнага факультэта, жыў у інтэрнаце, ішлі танкі. Гісторыя, якая пачалася ў той дзень, скончылася даволі хутка — лад, які спрабавалі захаваць састарэлыя кансерватары, было ўжо не выратаваць, а абараняць уладу, якая не прыносіла амаль нічога, акрамя адказнасці, ніхто сур'ёзна не збіраўся.

Сёння падзеі путчу інтэрпрэтуюцца інакш, чым трыццаць гадоў таму, але сама гэта падзея прыцягвае вялікую ўвагу. 

Гэта, на мой погляд, цалкам вытлумачальна, бо пераварот – адзіны выхад са стану, які не можа быць пераадолены ні выбарамі, ні рэвалюцыяй. І я быў бы рады памыліцца, але мне здаецца, што мы знаходзімся ад падобных падзей не так каб занадта далёка – прычым ад перавароту не столькі прагрэсісцкага, колькі асабліва ахоўніцкага.

За апошнія дзесяцігоддзі ў Расіі сфарміравалася сістэма, якая адкінула каштоўнасці адкрытай сацыяльнай канкурэнцыі і палітычнага народаўладдзя. Гэтая сістэма, аднак – у адрозненне ад савецкай – была арыентаваная на максімальнае прысваенне багацця, што патрабавала, з аднаго боку, хоць бы некаторага структуравання прававой прасторы ўнутры краіны, дзе гэта багацце можна было б памнажаць, і, з другога — выбудоўвання сувязяў і адносін са знешнім светам, дзе ім можна было камфортна карыстацца. 

Пасля 2014 года, а асабліва пасля 2022-га, асноўныя мэты сістэмы былі парушаныя, налады збіліся, а на першае месца выйшлі задачы не «збірання», а разбурэння багацця ў імя дасягнення ілюзорных мэтаў.

Шмат каму можа здавацца, што цяпер расійская сістэма выяўляецца ў сваёй ідэальнай форме, але гэта не так.

Яна зараз гэтак жа адхіленая ад свайго зыходнага праекта, як на сёмым годзе гарбачоўскай Перабудовы савецкі лад быў адхілены ад класічнай мадэлі «развітога сацыялізму». 

Другі раз за сорак гадоў гаспадар Крамля паставіў краіну, якой ён кіруе, на мяжу калапсу, але ў нашым выпадку ён здзейсніў нешта яшчэ больш страшнае: падвергнуў пагрозе не толькі пазіцыі тых ці іншых прадстаўнікоў «эліты» ва ўладнай вертыкалі, але і гіганцкія актывы, назапашаныя імі на працягу жыццяў, многія з якіх ужо хіляцца да завяршэння. 

У такіх умовах я не бачу амаль ніводнага шанцу на тое, што сістэма не паспрабуе «взбрыкнуть» і пакорліва здзейсніць тое самагубства, якога патрабуе ад яе цяперашні правадыр.

Спроба перавароту — як у 1991 годзе, так і ў 2020-я гады — азначала б, што сістэма жывая (у якой меры, я цяпер не канкрэтызую). Поспех такога дзейства цалкам можа падоўжыць існаванне цяперашняга расійскага рэжыму на многія гады, калі не на дзесяцігоддзі: нашых суайчыннікаў не цікавяць каштоўнасці – ім дастаткова коштаў. Нязгодныя могуць з'язджаць, самыя заўзятыя — асвойваць Калыму, а багаццяў краіны хопіць яшчэ на некалькі пакаленняў «новага дваранства». 

Упэўнены, што ў найвышэйшых пластах расійскага грамадства вельмі шмат людзей шчыра здзіўляюцца, навошта спатрэбілася мяняць ні з чым не параўнальны дабрабыт на бессэнсоўную барацьбу з НАТА і ЛГБТ – і ў нейкі момант гэта здзіўленне ўвасобіцца ў новым 19 жніўня. 

Чым гэта скончыцца, сказаць складана, але тое, што яно здарыцца, можна сцвярджаць практычна напэўна…