Новая справа Васіля Стуса

На ўкраінскі палітычны расклад можа паўплываць анансаваны суд, у межах якога будзе рэканструяваны працэс 1980 года над самым вядомым украінскім дысідэнтам, паэтам Васілём Стусам.

stus_kgb_photo_1980.jpg

Васіль Стус, калі сыходзіў у карцар адной з уральскіх турэмных зонаў 4 верасня 1985 года, сказаў свайму сукамерніку, што абвяшчае галадоўку, якую будзе трымаць да канца. Назад у камеру ён не вярнуўся. Паэта, які пайшоў з жыцця ў 47 гадоў, спешна пахавалі ў суседняй вёсцы, і нават не пазначылі яго імя на таблічцы — абмежаваліся простай лічбай. Амаль немагчыма было ўявіць, што праз чатыры гады парэшткі Стуса будуць перавезеныя ў Кіеў, дзе дзясяткі тысяч людзей праводзяць яго на элітныя Байкавыя могілкі ў статусе лепшага ўкраінскага паэта другой паловы ХХ стагоддзя.

Аднак на гэтым прыгоды Стуса не скончыліся. У незалежнай Украіне ён нечакана стаў фігурай, якая палярызавала грамадства. Для адной часткі ўкраінцаў ён быў чалавекам-іконай. У 1965-м, ва ўзросце 27 гадоў, будучы аспірантам і паспяховым паэтам, адкрыта выступіў супраць арыштаў у асяроддзі ўкраінскай інтэлігенцыі. З аспірантуры яго за гэта адразу выключылі, а вершы давялося пісаць у час, вольны ад працы ці качагарам, ці рабочым, ці фармоўшчыкам у ліцейным цэху.

Аднак пазбегнуць арышту і першага тэрміну «за распаўсюд дакументаў, якія ганяць савецкі дзяржаўны і грамадскі лад», не атрымалася. Васіль Стус вярнуўся з турмы ў Кіеў у 1979-м, але праз паўгода быў зноў арыштаваны і атрымаў 10 гадоў лагераў узмоцненага рэжыму. Адбываць пакаранне яго адправілі ў тую самую зону на Урал.

А вось у Данбасе на Стуса глядзелі інакш. Магчыма, праз яго цяжкія адносіны з гэтым краем, куды ў дзяцінстве ён разам з маці пераехаў з Вінніцы. Стус на ўсё жыццё запомніць і пасля апіша дзіцячую крыўду: жанчыны ў бараку смяяліся з яго вышыванкі. Данецк у яго запісах выяўлены як вельмі несімпатычны горад шэрых пралетарыяў. Такіх ацэнак паэту мясцовыя не прабачылі і пазней упарта сабатавалі ініцыятывы ўшанаваць памяць паэта — назваць у яго гонар мясцовы ўніверсітэт (тут Васіль Стус вучыўся на філфаку).

Мемарыяльная дошка ў гонар Васіля Стуса на філалагічным факультэце Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта (была дэмантаваная ў траўні 2015 года)

Мемарыяльная дошка ў гонар Васіля Стуса на філалагічным факультэце Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта (была дэмантаваная ў траўні 2015 года)


Пасля таго, як Данецк застаўся па той бок лініі размежавання, падавалася, канфлікт вычарпаны. Ролю і значэнне паэта для ўкраінскай літаратуры ніхто не аспрэчвае. Аднак тэма Стуса ўсё роўна засталася мегапалітызаванай. Гэтым разам праз нядаўняе вяртанне ў палітыку адыёзнага Віктара Медведчука — аднаго з дэміургаў рэжыму Кучмы, які цяпер стаў лідарам галоўнай прарасійскай партыі «Аб’яднаная платформа за жыццё».

Дзіўным чынам менавіта малады Віктар Медвядчук у 1980 годзе быў адвакатам Васіля Стуса. Як вынік — партыі Майдану сёння спрабуюць выставіць апанента адказным за трагічны лёс паэта. Версія пра датычнасць Медведчука да смерці паэта трымаецца на тым, што абарона падчас працэсу паводзіла сябе вельмі пасіўна. Больш за тое, у заключным выступе адвакат заявіў, што ўсе злачынствы падсуднага заслугоўваюць пакарання, хаця мог паспрабаваць перафармуляваць частку абвінавачванняў, што, у сваю чаргу, магло б паўплываць на вердыкт Феміды.

Сам Медвядчук у шэрагу інтэрв’ю тлумачыць свае паводзіны ў судзе пазіцыяй Стуса. Той не толькі спрабаваў адмовіцца ад дзяржаўнага адваката, але ўвогуле ігнараваў пытанні суддзі ды называў савецкую сістэму «фашысцкай». Абаронцу, маўляў, заставалася толькі рабіць эфект прысутнасці.

На гэта крытыкі Медведчука ўзгадваюць цікавыя рысы яго біяграфіі. Той нарадзіўся ў Сібіры, куды яго бацьку — украінскага нацыяналіста, — адправілі ў ссылку. Нягледзячы на такі салідны кампрамат, Медвядчук прымудрыўся паступіць на прэстыжны кіеўскі юрфак, а пасля дзіўным чынам не вылецець з ВНУ за ўдзел у гучнай бойцы. Усё гэта дазваляе казаць, што Медвядчук мог мець сталыя кантакты са спецслужбамі, якія, быццам, інструктавалі яго, як паводзіць сябе падчас суда над Стусам.

47cf8df50e0e8b8570baef1511f54a72.jpg


Усе гэтыя тэмы прысутнічаюць на старонках кнігі Вахтанга Кіпіяні «Справа Васіля Стуса», якая днямі пабачыла свет і адразу выклікала гнеўную рэакцыю Медведчука. Ён запатрабаваў прыпыніць продаж твора і падаў на Кіпіяні ў суд, які павінен пачацца ў кастрычніку. Адначасова трэба чакаць працэсу супраць стваральнікаў фільма «Заборонений», што таксама прысвечаны Стусу і выходзіць у пракат на гэтым тыдні. Яшчэ на этапе здымак юрысты Медведчука запатрабавалі выдаліць з фільма сцэну судовага працэсу над паэтам. Здымачная група вырашыла эпізод пакінуць.

Цяперашні «працэс пра працэс Стуса» абяцае быць вельмі рэзанансным, паколькі яго ўжо пачалі асвятляць медыя, звязаныя з партыямі Майдана. Няма сумневу, што яны збіраюцца выкарыстаць суд для атакі на пазіцыі палітычнага праекту Медведчука.

Вахтанг Кіпіяні з кнігай «Справа Васіля Стуса»

Вахтанг Кіпіяні з кнігай «Справа Васіля Стуса»

А вось рэакцыя грамадства на новую справу Стуса пакуль непрадказальная. Трыумф Зяленскага сведчыць, што пазіцыя «публічных інтэлектуалаў», «маральных аўтарытэтаў» і «лідараў думак», якія выступалі супраць абрання клоуна, простаму чалавеку фіялетавая. Прычым, наступствы гэтага фенаменальнага бунту супраць эліты палітолагі пачынаюць разумець толькі цяпер. Як адзначае адзін з каментатараў, «украінскія выбаршчыкі, што галасавалі ў абсалютнай большасці за “Слугу народа”, адмовіліся ад прынцыпу палітычнай канкурэнцыі, якая на ўсім працягу постсавецкай гісторыі адрознівала Украіну ад суседніх Беларусі і Расіі».