Суд па справе Уцюрына магчымы ў кастрычніку-лістападзе
Суд па справе былога намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына можа пачацца гэтай восенню. Пра гэта журналістам распавёў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, піша Еўрарадыё са спасылкай на БЕЛТА.

Андрэй Уцюрын / БЕЛТА
Па прагнозах Вакульчыка, суд можа адбыцца ў кастрычніку-лістападзе. Ён дадаў, што па справе праходзіць каля 10 чалавек.
Як паведамлялася раней, Уцюрына затрымалі ў красавіку 2019 года па падазрэнні ў атрыманні хабару. Пазней Генпракуратура ўдакладніла, што па адной з ім справе праходзіць кіраўнік "Белтэлекама" Сяргей Сівадзедаў.
Андрэй Уцюрын сем гадоў узначальваў Службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі, з 2014-га працаваў у Савеце бяспекі. Па звестках Генпракуратуры, ён атрымаў 148 тысяч долараў за лабіраванне інтарэсаў расійскіх кампаній пры пастаўцы абсталявання для "Белтэлекама".
Каментуючы затрыманне Уцюрына, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прэтэнзіі да экс-кіраўніка Службы аховы былі даўно: “Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён бы дагэтуль працаваў начальнікам Службы бяспекі. Ужо тады да яго былі пытанні. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў дадзены шанец”.