«Белоруссия» ў Крыме: грошы не пахнуць?

Ужо больш за пяць гадоў на тэрыторыі акупаванага Расіяй Крыму дзейнічае санаторый «Белоруссия» Кіравання справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, выкарыстоўвае захопленыя Расійскай Федэрацыяй украінскія рэсурсы, фінансуе бюджэт дзяржавы-агрэсара, а таксама лякуе расійскіх дзяржслужбоўцаў і, меркавана, надае паслугі для прадстаўнікоў вайскова-прамысловага комплексу Расіі.

Фота корпусу №1 санаторыя «Белоруссия» КСП РБ у Крыме. Фота cctr.ru

Фота корпусу №1 санаторыя «Белоруссия» КСП РБ у Крыме. Фота cctr.ru

Адбываецца гэта на фоне падкрэслена цёплых сустрэчаў кіраўнікоў Украіны і Беларусі, падтрымкі добрасуседскіх адносінаў і задэклараванага Мінскам нейтральнага статусу ў расійска-ўкраінскім ваенным канфлікце.

Кіраванне справамі прэзідэнта (КСП) падначаленыя шматлікія гатэлі і санаторыі, нацыянальныя паркі, транспартныя, лагістычныя, будаўнічыя і гандлёвыя кампаніі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і прадпрыемствы мясамалочнай вытворчасці, друкарні, фабрыкі мастацкіх вырабаў, сетка крамаў для рэалізацыі канфіскату, латарэі і безліч іншых актываў.

Санаторый «Белоруссия» знаходзіцца на маляўнічым узбярэжжы Крымскага паўвострава пад гарой Ай-Петры, за 10 кіламетраў ад Ялты. Юрыдычна ён месціцца на Місхорскім спуску мястэчка Карэіз, якое адміністрацыйна з’яўляецца часткай Ялты. Гісторыя санаторыя пачалася ў 1916 годзе, калі Міністэрства земляробства Расійскай імперыі на зямлі, набытай у княгіні Даўгарукай, збудавала паводле праекту маскоўскага архітэктара Пятра Шчокава трохпавярховы будынак з ратондаю ў архітэктурным стылі класіцызаванага італьянскага мадэрну.

Гэты помнік архітэктуры мясцовага значэння сёння з’яўляецца першым корпусам санаторыя. У 1950-х гадах яго перадалі ва ўласнасць БССР, а ў 1999 годзе Ялцінскае гарадское ўпраўленне юстыцыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым зарэестравала Дзяржаўную медычную ўстанову «Санаторій Білорусія», заснавальнікам і адзіным уласнікам якой з’яўляецца Кіраванне справамі прэзідэнта РБ.

 

Вытрымка дадзеных з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў, фізічных асобаў-прадпрымальнікаў і грамадскіх фарміраванняў Міністэрства юстыцыі Украіны

Вытрымка дадзеных з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў, фізічных асобаў-прадпрымальнікаў і грамадскіх фарміраванняў Міністэрства юстыцыі Украіны

У склад санаторыя сёння ўваходзяць 5 спальных карпусоў (разам 130 нумароў), лекавальны і забаўляльны цэнтры разам з кавярняй, канферэнц-залай і 3D-кінатэатрам. Адпачынак у санаторыі далёка не танны: у залежнасці ад корпусу, двухмясцовы нумар каштуе ад 3400 да 5200 расійскіх рублёў за суткі (прыблізна ад 50 да 80 долараў ЗША).

У лютым-сакавіку 2014 года ў выніку гібрыднай ваеннай агрэсіі Расійская Федэрацыя акупавала тэрыторыю ўкраінскага Крыму. Гвалтоўнае ваеннае змяненне межаў у Еўропе спрычынілася да заканчэння 70-гадовай эпохі постялцінскага свету. Расія не толькі акупавала Крым, але распачала агрэсію на Данбасе, у выніку якой на гэты момант загінулі ўжо больш за 10 тысяч чалавек цывільнага насельніцтва і каля 3 тысяч украінскіх вайскоўцаў.

Афіцыйна Беларусь не прызнала прыналежнасць Крымскага паўвострава Расіі. Відавочна, гэта — неабходная ўмова для надання перамоўнай мінскай пляцоўкі па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Аднак гэтае непрызнанне не зашкодзіла ў снежні 2014 года, праз тры месяцы пасля ўхвалення першых мінскіх дамоўленасцяў, падаць Кіраванню справамі прэзідэнта Беларусі заяву на рэгістрацыю ў органы акупацыйнай адміністрацыі Крыма падкантрольнага санаторыя «Белоруссия». 22 студзеня 2015 года гэтую медычную ўстанову зарэгістравалі ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў РФ (па-руску — ЕГРЮЛ).

Вытрымка з ЕГРЮЛ

Вытрымка з ЕГРЮЛ

 

З гэтага моманту санаторый «Белоруссия»афіцыйна пачаў сплачваць падаткі ў дзяржбюджэті здзяйсняць плацяжы ў Фонд сацыяльнага страхавання і Пенсійны фонд Расійскай Федэрацыі. Паводле дадзеных Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі РФ (па-руску — Росстат), за перыяд з 2014 па 2017 год крымскі санаторый Кіравання справамі Лукашэнкі сплаціў у расійскі бюджэт падатак на прыбытак у памеры 3,454 мільёна расійскіх рублёў. З улікам сярэднегадавых валютных курсаў за азначаны перыяд гэтая сума эквівалентная прыблізна 76 тысячам долараў ЗША. Можа, камусьці яна будзе падавацца малой, аднак гэтых грошай, напрыклад, дастаткова, каб абмундзіраваць летняй вайсковай формай цэлую брыгаду Узброеных сілаў РФ. Меркавана, значна большыя сумы санаторый пералічвае ў расійскі Фонд сацстрахавання.

Паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі Украіны, санаторый КСП не знаходзіцца ў працэсе спынення дзейнасці. З 2014 года ў адносінах да яго дзейнічае закон «Пра стварэнне вольнай эканамічнай зоны Крым», згодна з якім яго падатковая рэгістрацыя была скасаваная. Тым не менш, станам на 01.08.2019 года санаторый мае ўжо працяглы час падатковую пазыку перад дзяржаўным і мясцовым бюджэтам Украіны на агульную суму 838 тысяч 968 грыўняў (1, 2, 3) (прыблізна 33 тысячы долараў ЗША).

Статус санаторыя «Белоруссія» ўжо разглядаўся падчас пасяджэнняў міжурадавай украінска-беларускай змяшанай камісіі ў пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы, апошняе з якіх адбылося ў Гомелі ў кастрычніку 2018 года на чале з віцэ-прэм’ерам Украіны, міністрам рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і ЖКГ Генадзем Зубком і намеснікам прэм’ер-міністра РБ Ігарам Ляшэнкам.

 

Пасяджэнне міжурадавай украінска-беларускай змяшанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы. Гомель, 11.10.2018 года. Фота belarus.mfa.gov.ua

Пасяджэнне міжурадавай украінска-беларускай змяшанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы. Гомель, 11.10.2018 года. Фота belarus.mfa.gov.ua

Для знаходжання кампрамісу, неабходнага для ўхвалення пагаднення па статусе санаторыя, была створаная нават адпаведная працоўная група, якая правяла тры сустрэчы. Аднак, паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны, у 2017 годзе праз прынцыповую пазіцыю беларускага боку гэтая група ўжо не працавала.

Характэрна, што ў тым жа 2017 годзе санаторый «Белоруссия» ўзначальваў Барыс Мікалаевіч Андрасюк, які быў прызначаны яго дырэктарам яшчэ да расійскай акупацыі, у ліпені 2010 года.

 

Барыс Андрасюк. Фота minzdrav.gov.by

Барыс Андрасюк. Фота minzdrav.gov.by

Ён займеў досыць добрыя адносіны з акупацыйнай адміністрацыяй Крыма, якая ў асобе кіраўніка так званай Рэспублікі Крым Сяргея Аксёнава нават абвясціла яму афіцыйную падзяку за «добрасумленную працу». Не засталася ў баку і акупацыйная адміністрацыя Ялты, якая ўзнагародзіла Андрасюка ганаровай граматай за «значны ўнёсак у развіццё курортна-турыстычнай галіны». Усё гэта не мог не заўважыць Цэнтр «Міратворац», які ўнёс Барыса Андрасюка ў базу дадзеных «Чысцец» з азначэннем «памагаты расійскіх акупантаў і асоба, якая свядома парушыла дзяржаўную мяжу Украіны з мэтай пранікнення ў акупаваны Расіяй Крым».

 

Вытрымка з прафайлу Барыса Андрасюка на партале «Міратворца»

Вытрымка з прафайлу Барыса Андрасюка на партале «Міратворца»

Апроч гэтага, «Міратворац» падаў інфармацыю і пра яго ўдзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах дзяржавы-агрэсара, і ў спробах легалізацыі анексіі Крыма.

У верасні 2018 года Барыс Андрасюк пайшоў на павышэнне — яго прызначылі намеснікам міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. На сваёй новай пасадзе ён змяніў затрыманага КДБ у ліпені гэтага ж года Ігара Ласіцкага — фігуранта гучнай «справы медычных функцыянераў», якога ў лютым 2019 года засудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Некаторы час пасля Андрасюка санаторый «Белоруссия» ўзначальвала яго намесніца па медычнай частцы — Аксана Уладзіміраўна Кудзенка. На гэтай пасадзе яна працавала літаральна некалькі месяцаў.

 

Аксана Кудзенка. Фота крымздоровье.рф

Аксана Кудзенка. Фота крымздоровье.рф

22 студзеня 2019 года дырэктарам санаторыя быў прызначаны Андрэй Міхайлавіч Філон. Да нядаўняга часу — загадчык сектару метадалогіі і планавання гандлёвай і інвестыцыйнай дзейнасці Кіравання справамі прэзідэнта РБ. Вядома, што ён скончыў Факультэт бізнесу і права Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і, меркавана, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ.

Паводле ўказа Лукашэнкі ад 11 лютага 2016 года №52, Андрэй Філон уключаны ў склад калегіі Кіравання справамі прэзідэнта РБ. Калегія з’яўляецца своеасаблівым кіроўным органам Кіравання, у склад якой уваходзяць старшыня КСП, яго намеснікі і іншыя працаўнікі і кіраўнікі падначаленых арганізацыяў. У красавіку 2018 года Лукашэнка яшчэ адным сваім указам канчаткова ўхваліў штат калегіі КСП у складзе 10 чалавек на чале з Віктарам Шэйманам. Сярод чальцоў калегіі ў тэксце ўказу фігуруе і Андрэй Філон.

Характэрна, што дагэтуль у Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ адсутнічае інфармацыя пра яго выключэнне са складу калегіі: гэта можа сведчыць, што ён дасюль з’яўляецца чальцом калегіі КСП. Такім чынам, можна з усёй адказнасцю сцвярджаць, што медычную ўстанову Кіравання справамі прэзідэнта Беларусі на акупаванай тэрыторыі Украіны ўзначальвае дзяржаўны службоўца РБ. Паўстае заканамернае пытанне, ці законна патрапляе Андрэй Філон — дзяржслужбоўца з кіроўнага апарату КСП Лукашэнкі — на часова акупаваную тэрыторыю Украіны? Калі не, то гэта дадатковае парушэнне законаў Украіны і дадатковы каменьчык у беларуска-ўкраінскіх адносінах.

Мы вырашылі спраўдзіць гэта ў Службы бяспекі Украіны, дзеля чаго зрабілі адпаведныя запыты наконт сённяшняга дырэктара санаторыя «Белоруссия», а таксама яго папярэднікаў — Барыса Андрасюка і Аксаны Кудзенка. Згодна з адказам, атрыманым ад СБУ, дадзеныя пра легальнае знаходжанне азначаных асобаў на тэрыторыі акупаванага Крыму пакуль адсутнічаюць.

 

09sanatoryj.jpg

Згаданы ў адказе Закон, а таксама зацверджаны Кабмінам Украіны Парадак уезду і выезду на часова акупаваную тэрыторыю цалкам рэгулююць рэжым перасячэння адміністратыўнай мяжы з Крымам. Згодна з украінскім заканадаўствам, іншаземцы могуць патрапіць на тэрыторыю акупаванага паўвострава толькі пры наяўнасці ў іх спецыяльнага дазволу, выдадзенага Дзяржаўнай міграцыйнай службай Украіны, праз КПП на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. Парадак уезду і выезду рэгламентуе 12 умоваў, наяўнасць якіх неабходная для атрымання спецдазволу.

Аналізуючы выкладзенае вышэй, можна прыйсці да высновы, што і Андрасюк, і Філон, цалкам мажліва, не мелі і не маюць законных падстаў для знаходжання на тэрыторыі Крыма. Яны могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці і нават да крымінальнай у выпадку, калі сілавыя ведамствы Украіны атрымаюць дастатковыя дадзеныя, што будуць сведчыцьпра іх дзейнасць на шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны.

Паказальна, што Кіраванне справамі Лукашэнкі на сваім інфармацыйным сайце аж да 2017 года пазначала прыналежнасць Крыма да Расійскай Федэрацыі. Пасля грамадскага абурэння згадку пра Расію і афіцыйнае акупацыйнае найменне ўкраінскага паўвострава прыбралі, пакінуўшы нейтральную геаграфічную назву. Аднак у рэквізітах дамоваў, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага прызнання Беларуссю Крыма расійскім, адміністрацыя санаторыя працягвае пазначаць яго прыналежнасць да Расіі (архіў). Цікава, што іншае структурнае падраздзяленне КСП — ДУ «Цэнтр па санаторна-курортнай працы Цэнтркурорт» — таксама працягвае пазначаць украінскі Крым як тэрыторыю Расійскай Федэрацыі (1, 2).

 

10sanatoryj.jpg

Больш за тое, установа адкрыта прапануе замовіць турыстычныя туры ў Крым з датамі заезду і зніжкамі на перыяд «аксамітнага» сезону 2019 года. Пры гэтым на інфармацыйных рэсурсах Кіравання справамі прэзідэнта цалкам адсутнічае інфармацыя пра законны парадак уезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. Непасрэдна на сайце санаторыя КСП адкрыта пазначаныя варыянты, з дапамогай якіх можна патрапіць у яго з тэрыторыі Беларусі, аднак усе яны — з грубейшымі парушэннямі законаў Украіны. Найбольш абуральна тое, што сайт санаторыя КСП наўпрост прапануе скарыстацца паслугамі ТАА «БелЭкспрэс Бай» — кампаніі, якая арганізуе аўтобуснае злучэнне Беларусі з Крымам у абход Украіны.

 

11sanatoryj.jpg

Паводле інфармацыі Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі РБ, ТАА «БелЭкспрэс Бай» зарэгістраваная Гомельскім гарвыканкамам адносна нядаўна — у лютым 2017 года.

 

Вытрымка з выпісу АДР Мінюста РБ адносна ТАА «БелЭкспрэс Бай»

Вытрымка з выпісу АДР Мінюста РБ адносна ТАА «БелЭкспрэс Бай»

Асноўны від дзейнасці — перавозка аўтобусамі рэгулярнага спалучэння, апроч гарадскіх і прыгарадных. Аднаасобным уласнікам кампаніі з’яўляецца Дзяніс Пятровіч Папкоў.

Апроч здзяйснення функцыяў перавозніка кампанія Папкова прапануе таксама турыстычныя паслугі з адпачынкам у Алушце, Еўпаторыі, Сімферопалі, Судаку, Феадосіі і іншых украінскіх гарадах на ўзбярэжжы Крыма. Гомельская кампанія, рэкламу якой робіць сайт санаторыя Кіравання справамі Лукашэнкі, настолькі ўпэўнена і беспаракана сябе адчувае, што цалкам адкрыта пазначае маршрут аўтобуснага злучэння з Мінска ў Феадосію ў абход Украіны.

 

14sanatoryj.jpg

Кампаніяй арганізаваны выезд у акупаваны Крым не толькі са сталіцы Беларусі, але і з іншых буйных беларускіх гарадоў — з Бабруйска, Жлобіна ды Гомеля. Менавіта праз гэтыя гарады пралягае аўтобусны маршрут дастаўкі кліентаў кампаніі на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. З Гомеля аўтобус накіроўваецца ў расійскі Бранск, затым выпраўляецца ў Арол, адтуль у Варонеж, Растоў-на-Доне і Краснадар. З Краснадару адбываецца больш за 200-кіламетровы пераход да Керчанскага мосту. Далей маршрут ідзе праз Керч, Феадосію, Грушаўку, Сімферопаль, Алушту, Ялту і Карэіз, канцавым пунктам ёсць ДМУ «Санаторий “Белоруссия”». Першы рэйс да гэтага санаторыя з Беларусі кампанія «БелЭкспрэс Бай» здзейсніла ў чэрвені 2017 года.

15sanatoryj.jpg


Цікава, што кантактныя тэлефоны «БелЭкспрэс Бай» выкарыстоўваліся ў рэкламе незаконных паездак у Крым яшчэ да стварэння самой кампаніі. Гэта бачна з матэрыялаў пабліка кампаніі ў сацсетцы «OK», да якога праваахоўныя органы Украіны, цалкам мажліва, праявяць інтарэс.

 

16sanatoryj.jpg

Аўтобусныя перавозкі ў акупаваны Крым кампанія здзяйсняе разам з партнёрскімі арганізацыямі з Бранску — ТАА «Евробус» і «Русалка-Тур» (апошняя з’яўляецца агентам яшчэ аднаго перавозніка — ТАА «Клен 2»). Квіток да санаторыя з Мінска каштуе ад 5400 да 6000 расійскіх рублёў. Паездка ў дзве тысячы кіламетраў у адзін бок займае каля 40–42 гадзінаў. Варта асабліва зазначыць, што адсутнасць прыбіральні ў аўтобусах, спазненні і іншыя негатыўныя фактары сталі прычынай вельмі адмоўных водгукаў пра ТАА «БелЭкспрэс Бай» на партале onliner.by.

Характэрна, што «БелЭкспрэс Бай» прадугледзела мажлівасць для незаконнага наведвання Крыма і для замежнікаў, у тым ліку і для грамадзян Украіны. Дзеля гэтага арганізавана праходжанне міжнароднага памежнага пункту пропуску «Тры сястры», які легалізуе знаходжанне замежных грамадзянаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым кампанія, як і інфармацыйныя рэсурсы КСП, абсалютна не папярэджвае сваіх кліентаў пра незаконнасць падобных паездак на часова акупаваную тэрыторыю Украіны. Не паведамляе кампанія і пра адказнасць, у тым ліку крымінальную, і пра судовы пераслед, пад які можа патрапіць кожны, хто незаконна перасякае ўкраінскую дзяржаўную мяжу.

Незаконны крымскі экспрэс забяспечвае санаторый «Белоруссия» пэўнай колькасцю беларускіх кліентаў, аднак значная частка спажыўцоў яго курортна-санаторых паслугаў усё ж паходзіць з тэрыторыі Расіі. Гэтаму спрыяе ўключэнне санаторыя ў рэкамендацыйныя спісы лекавальна-прафілактычных устаноў у межах дамоваў медычнага страхавання РФ. Санаторый «Белоруссия» падобным чынам занесены ў спіс рэабілітацыйна-аднаўляльнага лекавання працаўнікоў АТ «Улан-Удэнский авиационный завод», які вырабляе, напрыклад, вайскова-транспартныя верталёты Мі-8АМТШ.

Апроч гэтага санаторый КСП удзельнічаў і перамагаў у не менш чым сямі тэндэрах. Адным з асноўных яго замоўнікаў з’яўляецца АТ «Транснефть — Центральная Сибирь» — даччыная структура кантраляванай расійскай дзяржавай адной з найбуйнейшых нафтаправодных кампаніяў у свеце — ПАТ «Транснефть». Надаваў свае паслугі санаторый і для арбітражнага суда Севастопаля, і для Дэпартамента працы і сацабароны насельніцтва Масквы.

Падсумоўваючы ўвесь масіў пададзенага матэрыялу, можна канстатаваць, што на тэрыторыі акупаванага Крыма ўжо больш за пяць гадоў здзяйсняе камерцыйную дзейнасць санаторый Кіравання справамі прэзідэнта Беларусі з эксплуатацыяй украінскіх рэсурсаў, выкарыстаннем амаль 12 гектараў тэрыторыі, у тым ліку 8,5 гектара — унікальнага помніка садова-паркавага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, — а таксама прычалу для стаянкі малых суднаў, пры гэтым пералічвае падаткі і іншыя плацяжы непасрэдна дзяржаве-агрэсару — Расійскай Федэрацыі. У той жа час санаторый мае падатковую пазыку перад Украінай, сплачваць якую не спяшаецца. Апроч гэтага, інфармацыйны рэсурс санаторыя прапануе здзяйсняць парушэнне рэжыму перасячэння ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, ангажуе і рэкламуе кампанію, што здзяйсняе незаконнае транспартнае злучэнне Беларусі з Крымам у абыход Украіны. Дзяржслужбоўцы Беларусі, меркавана, незаконна трапляюць і знаходзяцца на тэрыторыі акупаванага Крыма.

Усё зазначанае вышэй павінна стаць прадметам пільнага разбіральніцтва перадусім знешнепалітычнага ведамства, а таксама следчых органаў Украіны. Беларуская ж і ўкраінская грамадзянскія супольнасці павінны здзяйсняць належны кантроль над аднаўленнем і захаваннем законнасці, бо гэта ёсць адным з ключавых фактараў існавання цывілізаванага грамадства.