Новая апазіцыя Малдовы
Палітычны крызіс у Малдове акрамя ўсяго значыць яшчэ і змену дэкарацый мясцовай палітыкі. Прыйшлі новыя палітыкі, стварылася новая апазіцыя. Найбольш аўтарытэтны сярод прадстаўнікоў новай
хвалі — Дорын Кіртоакэ.
Традыцыйна апазіцыю кіруючай ужо шэсць гадоў Партыі камуністаў Уладзіміра Вароніна ўзначальвала Хрысціянска-Дэмакратычная Народная Партыя (непасрэдны пераемнік Народнага фронту).
Палітычны крызіс у Малдове акрамя ўсяго значыць яшчэ і змену дэкарацый мясцовай палітыкі. Прыйшлі новыя палітыкі, стварылася новая апазіцыя. Найбольш аўтарытэтны сярод прадстаўнікоў новай
хвалі — Дорын Кіртоакэ.
Традыцыйна апазіцыю кіруючай ужо шэсць гадоў Партыі камуністаў Уладзіміра Вароніна ўзначальвала Хрысціянска-Дэмакратычная Народная Партыя (непасрэдны пераемнік Народнага фронту).
Калі згадваеш пра малдаўскіх хрысціянскіх дэмакратаў, адразу прыходзіць на памяць імя Юрыя Рошка. Рошка — Зянон Пазняк малдаўскай палітыкі. Ніхто больш так катэгарычна не патрабуе
аб’яднання Малдовы з Румыніяй і развязання прыднястроўскага канфлікту любымі сродкамі.
Юрый Рошка сапраўды цудоўны аратар і харызматычная асоба. Між тым, калі паглядзець на электаральную дынаміку, то рэйтынг падтрымкі хрысціянскіх дэмакратаў на працягу апошніх дзесяці гадоў стабільна
падаў. Цяжка сказаць, чым закончыцца цяперашняя гісторыя з падлікам галасоў, аднак апытанні, якія былі праведзеныя напярэдадні выбараў, сведчылі — партыя Рошкі ўвогуле можа не трапіць у
парламент. Сітуацыя яшчэ больш непрыемная, калі ўзгадаць, што хрысціянскія дэмакраты маюць сталую матэрыяльную базу: іхнія выданні «Tara»і «Flux» фінансуюцца
румынскім урадам.
Называецца шмат прычынаў эрозіі лагеру хрысціянскіх дэмакратаў. Згадаем хаця б такі фактар, як архаічная нацыяналістычныя рыторыка (Рошка захапляецца часамі дыктатуры Антанеску), што слаба пасуе
еўрапейскім настроям пакалення інтэрнэту і мабільных тэлефонаў.
Так ці інакш, на працягу апошніх гадоў у Малдове назіраўся працэс перазагрузкі на правым флангу. З’явіліся новыя арганізацыі кшталту «Еўрапейскай акцыі» і новыя лідэры.
Калі меркаваць па асвятленню падзей у СМІ, фрагментам новай хвалі малдаўскіх апазіцыянераў будзе Дорын Кіртоакэ.
Дорын Кіртоакэ нарадзіўся ў 1978 годзе ў Кішынёве. Закончыў юрыдычны факультэт Бухарэсцкага універсітэта. Праходзіў стажыроўку ў ЗША. Цікава, што пасля заканчэння вучобы на юрфаку пайшоў працаваць у
забаўляльны бізнес. У 2001–2002 гадах вёў праграму «Surprize» на адным румынскім канале. Пасля займаўся рэалізацыяй праграм Хельсінскага камітэта па правах чалавека ў
галіне свабоды прэсы і выбараў.
Паралельна Дорын пачаў спрабаваць сябе ў палітыцы. Яго дзядзька — старшыня Партыі рэформаў (з 2005 года Ліберальная партыя). Думаецца, не без яго дапамогі Дорын у 2005-м становіцца
намеснікам старшыні партыі.
Яго першай акцыяй стала кампанія супраць рускамоўнай знешняй рэкламы і радыёстанцый, якія не выконвалі квоту на прысутнасць у эфіры румынскай мовы. Па Малдаўскіх законах, такая квота складае 60
працэнтаў. Кампанія закончылася частковым поспехам. Рэкламу на рускай мове прыбралі, а вось радыё пакінулі ў спакоі.
У ліпені 2005-га Дорын спрабуе сябе на выбарах прымара (мэра) Кішынёва і атрымлівае 7 працэнтаў (трэцяе месца). З-за адсутнасці яўкі прызначаюцца паўторныя выбары. На гэты раз кандыдат ад лібералаў
апынуўся на другім месцы (25 працэнтаў), аднак у другім туры прайграў. Праз два гады Дорын зноў спрабуе сябе ў барацьбе за месца сталічнага мэра, але на гэты раз нечакана для ўсіх святкуе перамогу:
за яго галасуе 61 працэнт выбаршчыкаў.
Перамога Кіртоакэ стала сенсацыяй. Усе чамусьці меркавалі, што Кішынёў «чырвоны горад». Між тым, камуністы на тых выбарах страцілі траціну галасоў. На думку экспертаў, вынік выбараў
быў не столькі перамогай Кіртоакэ, колькі паразай камуністаў. Непавага кампартыі да правоў грамадзян і бізнесу выклікала трывалую нелюбоў гараджан, асабліва людзей сярэдняга класа. Нават
камуністычная прэса крытыкавала кандыдата ад камуністаў.
Галоўнымі пунктамі праграмы Кіртоакэ былі: гарантыі празрыстасці дзейнасці мясцовых адміністрацый, развіццё партнёрства з грамадзянскай супольнасцю, пачатак сістэмы электроннага кіравання
(E-Кишинэу), стварэнне службы «аднаго акна», правядзенне справядлівых конкурсаў пры працаўладкаванні, пашырэнне прысутнасці моладзі ва ўладных структурах.
У пачатку 2008 года мэр стаў удзельнікам скандалу: Тоуоta Camry, за рулём якой сядзеў гарадскі галава, урэзалася ў іншы аўтамабіль. Машыну Кіртоакэ развярнула і ўдарыла аб яшчэ адну машыну. Прычынай
аварыі стаў менавіта мэр: ён праігнараваў знак, які патрабаваў ад яго саступіць дарогу.
Зараз яшчэ рана падводзіць вынік дзейнасці Кіртоакэ на пасадзе мэра Кішынёва, аднак сітуацыя ў краіне, якая склалася напярэдадні прызначаных на 5 красавіка выбараў у парламент, дазваляла лібералам
спадзявацца хаця б на адносны поспех.
За шэсць гадоў свайго кіравання камуністы дасталі шмат каго. Іхнія штампы і спрадвечныя пошукі ворагаў не могуць кампенсаваць відавочныя памылкі: расійскі рынак згублены, нават ва Украіне пачалася
палеміка наконт увядзення віз для грамадзян Малдовы, замарожаны канфлікт у Прыднястроўі, карупцыя, стабільна высокі ўзровень міграцыі і г.д.
Стаўку ў выбарчай кампаніі камуністы робяць на расійскі фактар. Звычайна, калі падступаюць выбары, Варонін актывізуе кантакты з Масквой і перацягвае на свой бок рускамоўнае насельніцтва —
тых, хто настальгуе па добрых савецкіх часах. Па той жа схеме працавалі і ў гэтым годзе. У Кішынёў прыехаў дырэктар расійскага МЗС Лаўроў і эфектна заявіў пра адмену забароны на пастаўку малдаўскіх
він у Расію.
Кур’ёзам выбарчай кампаніі кампартыі можна лічыць ролік з удзелам вядомага расійскага артыста Хазанава. Хазанаў, загрыміраваны пад сярэднявечнага князя Стэфана Вялікага, заклікаў галасаваць
за камуністаў. Феадал агітуе за камуністаў — лепшага прыкладу крызісу жанру цяжка прыдумаць.
Нягледзячы на такія правалы камуністаў, эксперты казалі, што далейшы лёс лібералаў будзе ў шмат чым залежаць ад умення Кіртоакэ і ягонага дзядзькі знайсці кампраміс з прадстаўнікамі нацыянальных
меншасцяў (22 працэнта грамадзян Малдовы — украінцы, яўрэі, цыгане, рускія, балгары).
Лібералы выступаюць за ўваход Малдовы ў Еўрасаюз, інтэграцыю з Румыніяй, спрашчэнне атрымання карты румына, выхад Малдовы са складу СНД, уступленне ў NАТО.
Такое наўрад ці спадабаецца старым людзям і рускамоўным малдаванам, аднак, як прадэманстравалі апошнія падзеі, лібералы карыстаюцца падтрымкай значнай часткі моладзі. Нават калі электаральная база
лібералаў абмяжуецца толькі гэтай сацыяльнай групай, можна лічыць, што Дорын Кіртоакэ забраніраваў сябе месца ў вышэйшым дывізіёне малдаўскіх палітыкаў.