Пакупнікі Азіі і Еўропы пачалі адмаўляцца ад расійскай нафты праз пагрозу санкцый

Пакупнікі расійскай нафты ў Азіі і Еўропе, занепакоеныя эскалацыяй вакол Украіны, пачынаюць пераглядаць планы і адкладаюць пакупкі партый, баючыся аказацца ў капкане санкцый, калі пачнецца вайна.

original_34b90e9289f3ff05e3b9acaa79af7868.jpg


Расійскі гатунак Urals у Еўропе рэзка патаннеў адносна іншых марак і цяпер прадаецца з максімальнай зніжкай за апошнія два гады: кожны барэль каштуе амаль на 4 долары танней за Brent, паведамляе Finanz.ru.

У пачатку года сітуацыя была процілеглай: асобныя партыі прадаваліся з «нацэнкай» да Brent. Але ў лютым, калі Расія перакінула да Украіны палову сухапутнай арміі, а краіны Захаду пачалі эвакуяваць з краіны дыпламатаў і грамадзян, каціроўкі пакаталіся ўніз.

«Трэйдары сумняваюцца, ці варта звязвацца з Urals з прычыны нявызначанасці», — канстатуе галоўны стратэг ING па сыравінных рынках Уорэн Патэрсан.

Таму Urals выглядае «значна слабей» за іншыя гатункі, паказвае ён. Партыі нігерыйскай Bonny Light і амерыканскай us Bakken на гэтым тыдні прадаваліся даражэй за 100 долараў і з прэміяй да Brent, хоць у мінулым гандляваліся са зніжкай, вынікае са звестак Platts.

Еўропа застаецца галоўным рынкам збыту расійскай нафты, атрымліваючы каля 2,5 млн барэляў у дзень (48%). Але і ў Азіі пакупнікі блізка да сэрца ўспрымаюць тое, што адбываецца.

Нафтатрэйдары, якія закуплялі расійскія гатункі ESPO і Sokol з Далёкага Усходу, усё больш хвалююцца, што пацерпяць ад гандлёвых абмежаванняў, калі Расія акажацца пад санкцыямі, распавялі Bloomberg прадстаўнікі кампаній.

Па словах трэйдараў, хоць сцэнар вайны разглядаецца як менш верагодны, чым дээскалацыя, удзельнікі рынка пачынаюць пераглядаць планы закупак у Расіі на красавік, выбіраючы як альтэрнатыву саўдаўскую нафту або гатункі з ААЭ. Некалькі пакупнікоў у Еўропе паведамілі, што таксама аддаюць перавагу пачакаць, чым скончыцца сітуацыя з Украінай.

«Рынак, безумоўна, пакуль не паверыў, што напружанасць скончылася, — адзначае Патэрсан. — Прэміі за рызыку, закладзеныя ў цэны, застаюцца высокімі, у той час як Захад ставіць пад сумневы дэкларацыі Расіі аб адводзе войскаў».