«Уся гэтая гісторыя зайшла туды, куды беларускія ўлады не збіраліся хадзіць»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры разважае над непрызнаннем афіцыйным Мінскам АРДЛА і пра тое, куды нас завёў «асаблівы беларускі шлях».


Усё ж такі ў Мінску ўчора не прызналі АРДЛА. Але зрабілі гэта не грубай і абразлівай форме. Беларускія ўлады зрабілі гэта «з павагай». Можна сказаць, далі стратэгічнаму саюзніку ўсё, чаго яму не хапала. Так што няма на што стратэгічнаму саюзніку крыўдзіцца, я лічу. Хоць ён, напэўна, усё роўна пакрыўдзіўся.

Там беларускі МЗС яшчэ сказаў пра «разуменне», але гэта ён больш з ветлівасці. Па-мойму, пра расійскія матывы і планы малодшы саюзнік разумее ўжо не больш, чым мы з табой. І, магчыма, нават шакаваны тым, што адбываецца, не менш нашага. Таму што ўся гэтая гісторыя зайшла туды, куды беларускія ўлады не збіраліся, вядома, хадзіць. Выдатны план складаўся ў тым, каб выкрыць крыважэрны блок NATO і трошкі пашантажаваць Захад расійскімі танкамі каля ўкраінскіх межаў.

Але, патрэніраваўшыся на самалёце і мігрантах, Захад стаў ужо не той, што раней. Вось заходнія палітыкі рабілі выгляд, што больш за ўсё на свеце яны баяцца, як бы расійскія танкі не ўварваліся ва Украіну. Кшталту: рабі са мной што хочаш, толькі не кідай мяне ў цярновы куст. Але калі Расія ўсё ж улезла ў гэты цярновы куст, аказалася, што вайной з Украінай Захад больш не напалохаеш.

А выбрацца з цярновага куста без шкоды для пачуцця сваёй знешнепалітычнай годнасці, як вядома, немагчыма. Расійскія ўлады хацелі прызнання сваёй велічы, хацелі, каб NATO дзяліла з імі сферы ўплыву, хацелі дыпламатычных інтрыг і геапалітычных манеўраў. А замест гэтага атрымалі агрызак АРДЛА, які самі ж восем гадоў спрабавалі запхнуць назад ва Украіну, і санкцыі самай абразлівай уласцівасці.

Вось цяпер расійскім уладам трэба альбо выбірацца вонкі, з моцна падрапанай веліччу, альбо лезці далей. І, трэба сказаць, што беларускім уладам ні адзін з гэтых варыянтаў не абяцае ніякай карысці, акрамя шкоды. Нават калі з прызнаннем справа і скончыцца. Беларускія ўлады атрымаюць толькі новыя непрыемнасці на сваю галаву і як мінімум двух канкурэнтаў, з якімі прыйдзецца змагацца за крэдытную ўвагу старэйшага саюзніка ў Саюзнай дзяржаве.

Але гэта, вядома, для беларускіх уладаў самы спрыяльны варыянт. Таму што іншыя варыянты прадугледжваюць такія непрыемнасці, якія бягучая ўлада наўрад ці перажыве. І нават шчыліны, каб выбрацца з гэтай далікатнай сітуацыі самастойна, пакінуўшы саюзніка сам-насам з яго веліччу, у беларускіх уладаў, падаецца, няма. Не толькі з-за расійскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. А больш з-за таго, што яны не пакінулі сабе ніякай альтэрнатывы ні ўнутры краіны, ні звонку. І цяпер нічога не застаецца, акрамя як заплюшчыць вочы і ісці за саюзнікам. Яшчэ можна трошкі маліцца, каб саюзнік не зайшоў занадта далёка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: