Фашызм надыйшоў з Усходу

Сучасны фашызм адрадзіўся ў рэваншысцкай Расеі. І гэта сталася пасьля таго, як сышлі такія постаці, як Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў ды ўсё пакаленьне нашых бабуляў і дзядоў, якое зьведала ў свой час фашызм, іншы заходні фашызм. Зьведала і перамагло. А таму магло стрымліваць крывыя інтэрпрэтацыі вайны тых, хто ня быў на вайне.


Але пакаленьне Васіля Быкава было бездапапожным у сябе на радзіме і прагледзіла, як у СССР, потым у Беларусі і Расеі амаль нічога не было зроблена па пераасэнсаваньні савецкага таталітарызму. Палітыка памяці працавала аднабакова, ніякіх высноваў не было зроблена на фоне гулагаўскага і пазьнейшага гвалту, з дзікунскім спазьненьнем, спакваля і бяз дужай ахвоты рэабілітоўваліся без віны забітыя, памерлыя, а разам з гэтым не караліся жывыя яшчэ віноўцы і ажыцьцяўляльнікі гвалту. А многія дасюль не рэабілітаваныя — Ларыса Геніюш якраз зьяўляецца сымбалем тых усіх дасюль не рэабілітаваных ды наагул дакорлівай нагадкай нашай агульнай віны ва ўсім адбывалым.

Клясычныя параўнаньні гітлерызму і сталінізму ў працах Р. Арона і Г. Арэнт здаўна замацавалі ў палітычнай навуцы падабенства нямецкага і савецкага таталітарызмаў і іх аднолькавага вынішчальнага ўплыву. Але яшчэ раней да вайны ў 30-ыя гады невядомы на Захадзе ды падзабыты на радзіме беларускі сьвятар і мысьляр Вінцэнт Гадлеўскі празорліва адзначыў небясьпечнасьць як заходняй, так і ўсходняй навалы для народаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

І калі Нямеччына зладзіла і досыць пасьпяхова правяла цягам пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў тэрапію па выпаўзаньні з фашысцкага мінулага, то Расеі не ўдалося ані на крыху апрацаваць траўму і прааналізаваць віну ў шматмільённых сталінскіх ды іншых ахвярах у дачыненьні ня толькі да свайго народу, але і іншых народаў былога СССР. Развал СССР, ціхая спачатку і ўсё мацнейшая потым настальгія Расеі за «былой славай» выклікалі рэваншызм. І так проста ў адсутнасьць рэальнай дэмакратычнай культуры ва ўлоньні г.зв. «рускага сьвету» на Ўсходзе нарадзіўся новы фашызм, які з дапамогай беларускага дыктатара так лёгка апынуўся ў нас дома. А цяпер ён зноў пагрукаў у дзьверы Ўкраіны, а разам зь ёю Эўропы.

Ці паўтарыцца сцэнар аншлюсу – цяпер гэта зноў залежыць выключна ад Захаду, які як і напярэдадні Другой сусьветнай вайны заняты хутчэй нутранымі справамі…

(захаваны правапіс арыгіналу — НЧ)



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: