BSSF заклікае адмовіцца ад правядзення спаборніцтваў у Беларусі і Расіі
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) звярнуўся да міжнародных арганізацый з заклікам не праводзіць турніры і спаборніцтвы ў Расіі і Беларусі.
Тыя спаборніцтвы, якія ўжо запланаваныя, трэба перанесці, лічаць у BSSF. Акрамя таго, удзел усіх расійскіх і беларускіх афіцыйных асоб у міжнародных спартыўных мерапрыемствах павінен быць абмежаваны, піша Еўрарадыё.
Нагодай для звароту сталася рашэнне Уладзіміра Пуціна прызнаць «Л/ДНР».
«На гэты момант Уладзімір Пуцін павысіў узровень эскалацыі да рэальнай рызыкі немінучага пачатку вайны, уцягнуўшы, у тым ліку, у агрэсіўныя дзеянні Беларусь. Арганізацыя і правядзенне любога міжнароднага спартыўнага мерапрыемствы ў Беларусі і Расіі павінны быць абмежаваныя», — гаворыцца ў звароце Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці.
Гэтыя абмежаванні, лічаць у BSSF, павінны дзейнічаць, пакуль Мінск і Масква парушаюць прынцыпы міжнароднага права. У Фондзе нагадалі пра асноўны прынцып алімпізму — будаваць і прасоўваць прыязны свет.
Нагадаем, днямі стала вядома, што мужчынская зборная Вялікабрытаніі па баскетболе адмовілася ехаць у Беларусь на адборачны матч чэмпіянату свету 2023 года. Ён мусіў прайсці 25 лютага ў мінскім Палацы спорту. Такі крок у Лондане патлумачылі клопатам пра бяспеку гульцоў і сітуацыяй вакол Украіны.