Памерлая ў 200 годзе да нашай эры кельцкая жанчына апынулася распешчанай аматаркай ласункаў
Кельцкая жанчына, якая памерла каля 200 года да нашай эры, і чыё пахаванне было знойдзена ў Цюрыху ў 2017 годзе, практычна не займалася фізічнай працай і ела шмат салодкай ежы, паведамляецца ў прэс-рэлізе Дэпартамента будаўніцтва Цюрыха. Магчыма, яна была знаёмая са шляхетным мужчынам-ваяром, які жыў у той жа час і быў пахаваны ў 80 метрах ад яе.

У III стагоддзі да нашай эры кельцкія плямёны засялялі Цэнтральную і Заходнюю Еўропу, у тым ліку тэрыторыю сучаснай Швейцарыі. Як мяркуецца, плямёнамі кіравалі правадыры, а ў грамадстве сфармаваліся прывілеяваныя групы: ваенная арыстакратыя і друіды. На землях кельтаў сустракаліся радовішчы волава, свінцу, жалеза, срэбра і золата, таму зброя і ўпрыгожанні былі прадметамі экспарту. Кельцкія плямёны гандлявалі паміж сабой, а таксама з суседнімі народамі, у тым ліку з рымлянамі. Кельты насілі тунікі або кашулі з доўгімі рукавамі і доўгія штаны, зробленыя з ільну, альбо воўны. Узімку апраналі плашчы з капюшонам. У якасці упрыгожванняў яны насілі бранзалеты, брошкі і шыйныя кольцы, зробленыя з золата, бронзы, жалеза або срэбра.
У 2017 годзе падчас будаўнічых работ у Цюрыху выявілі пахаванне кельцкай жанчыны. У ім археолагі знайшлі дрэнна захаваны шкілет і артэфакты: бронзавыя бранзалеты, шыйные ўпрыгожванне з бурштыну і сіняга і жоўтага шкла, і жалезныя брошкі, якімі зашпільвалі вопратку. Папярэдне пахаванне датавалі 200-250 гадамі да нашай эры.


На працягу двух гадоў антраполагі і археолагі даследавалі парэшткі жанчыны і належныя ёй артэфакты, а нядаўна расказалі пра вынікі даследавання. Аказалася, што яна памерла ва ўзросце 40 гадоў, мала займалася фізічнай працай і, відаць, ела шмат салодкай ежы з высокім утрыманнем крухмалу. Па паходжанні яна была мясцовая, і, як мяркуецца, нарадзілася ў даліне Лімат (даліна аднайменнай ракі, якая працякае ў правінцыях Цюрых і Ааргаў). Тут жа яна была і пахаваная. Перад пахаваннем жанчыну прыбралі ў сукенку з тонкай воўны і плашч з авечай шкуры. Таксама даследчыкі ўдакладнілі ўзрост пахавання — каля 200 года да нашай эры.

Парэшткі жанчыны знайшлі ў 80 метрах ад пахавання шляхетнага кельцкага воіна, якое было знойдзена ў 1903 годзе. Мужчына быў пахаваны разам з мячом, шчытом і дзідай. Паколькі пахаванне датавана прыблізна тым жа часам, што і жаночае, навукоўцы мяркуюць, што памерлыя маглі быць знаёмыя адзін з адным.
Нядаўна даследчыкі высветлілі, якому пітву аддавалі перавагу кельты, якія жылі на ўсходзе сучаснай Францыі. Яны аддавалі перавагу піву і напоям на аснове бярозавага соку, але любілі і прывазное міжземнаморскае віно. Ужыванне алкаголю залежала ад статусу: бедным людзям прыходзілася здавольвацца прасяным півам, а заможныя людзі пілі ячменнае піва і імпартнае віно.
Паводле nplus1.ru