«Пануюць злосць і расчараванне такога маштабу, што абурэнне выплюхваецца ўжо на Пуціна»
Вы, напэўна, не раз заўважалі, як беларуская прапаганда крадзе добрую ідэю апанентаў, перайначвае на свой капыл і прыстасоўвае пад свае патрэбы. Звычайна выходзіць вельмі ўбога і неэфектыўна, адзначае тэлеграм-канал «Л*лькавод і авечка».
І тут добра б узгадаць цытату Толкіна, што зло няздольнае прыдумаць нічога новага, а можа толькі сказіць тое, што прыдумана дабром.
Аднак на гэтым тыдні мы ўбачылі, як можна з велізарным поспехам люстраваць дзеянні апанента. Майстар-клас даў, вядома, несумненны геній інфармацыйнай вайны — Уладзімір Зяленскі. На працягу апошніх 10 дзён ён па форме паўтарыў два галоўныя дзеянні Пуціна. Але гэта па форме паўтарыў, а па сутнасці...
Пачалося ўсё з нарастання гулу незадаволенасці патрыятычнай рускай грамадскасці, што, маўляў, Пуціну вайна надакучыла і ён ёй не займаецца. У той час як украінскі апанент праводзіць нарады і выязджае ў войскі з зайздроснай рэгулярнасцю. Абурэнне «патрыётаў» дакладна мела пад сабой падставы, уладар Крамля не асабліва вылазіў з нары ў апошнія месяцы, а калі і з'яўляўся на белым свеце, то хіба што ўручыць узнагароды за развіццё біятэхналогій.
Каб неяк знізіць градус незадаволенасці і паказаць, што правадыр з войскам і народам, Пуцін пайшоў на рашучы крок. Не-не, не на лінію фронту. Ён адправіўся ў будынак Генштаба ў адным з прыфрантавых расійскіх гарадоў. А менавіта ў Маскве. Там з задуменным і велічным выглядам ён слухаў справаздачы генералаў, шматзначна схіляўся над картамі і раздаваў указанні. Літаральна праз пару дзён Зяленскі адправіўся ў самую гарачую кропку вайны — Бахмут, які бесперапынна пад атакамі і абстрэламі расійскай арміяй.
Расійская прапаганда цяпер мае поўнае права сцвярджаць, што ўкраінскі прэзідэнт быў недастаткова смелы, каб паўтарыць дзеянні свайго крамлёўскага апанента. Не асуджаем, паездка ў Бахмут для Зяленскага дакладна бяспечнейшая за наведванне Масквы Пуціным.
Паездкі да войскаў (у выпадку Зяленскага) і да генералаў (у выпадку Пуціна) — гэта пра ўнутраную палітыку. У знешняй жа палітыцы Пуцін вырашыў прадэманстраваць скрушлівым элітам наяўнасць саюзнікаў і адправіўся да самага галоўнага і самага вусатага з іх. На што Зяленскі адказвае візітам у ЗША і сустрэчай з Байдэнам.
Мы выступаем за правільнае выкарыстанне азначэнняў і навуковы падыход у цэлым, таму скончым допіс словамі вядомага расійскага гісторыка-маэстра Яўгена Панасенкава: «Перайграў і знішчыў».