Постсуркоўская СНД

Ці зменяцца адносіны Масквы з краінамі СНД пасля адстаўкі віцэ-прэм’ера Уладзіслава Суркова, якога называлі шэрым кардыналам Крамля? Адказ на гэта пытанне цікавіць як аналітыкаў у Маскве, так і палітыкум прасторы СНД.



original1.jpg

Уладзіслаў Суркоў

За час знаходжання на пасадзе віцэ-прэм’ераУладзіслава Суркова некалькі разоў бачылі на самітах СНД. Некалькі разоў ён сустракаўся з прэзідэнтамі краін садружнасці. Аднак ніводная з гэтых сустрэч не цягнула на гістарычную. Таму можна выказаць здагадку, што пасаду Суркоў страціў з-за перыпетый расійскай унутранай палітыкі. У палітолагаў ёсць некалькі асноўных версій апалы віцэ-прэм’ера.

Па адной з іх, быццам бы, Суркоў, які палічыў сябе геніяльным камбінатарам, дапусціў стратэгічную памылку, калі навязаў Крамлю ідэю тандэму Пуцін—Мядзведзеў. Ідэя выклікала на нейкім этапе прэзідэнцтва Мядзведзева чуткі пра канфлікт з Пуціным, а яго самога дэмсілы надзялілі функцыямі свайго кансалідатара. Пасля таго, як Пуцін у дастаткова даходлівай форме даў зразумець, што Мядзведзеў быў тэхнічным прэзідэнтам, грамадства перажыло шок, які прывёў да падзей на Балотнай у мінулым годзе. Дайшло да таго, што Суркова называюць «канструктарам Балотнай».

Прыхільнікі другой версіі ўказваюць на яўныя правалы праекту навукова-тэхнічнага парку «Сколкава», які Суркоў асабіста патранаваў як вялікі аматар інавацый. У расійскай прэсе «Сколкава» часам называлі «наша Панама» (славутая афера ў Францыі з будаўніцтвам Панамскага каналу). Пайшлі спекуляцыі пра тое, што праз «Сколкава» праходзілі каналы фінансавання апазіцыі.

Аднак гэта дробязь. Ёсць версія, што галоўнага кансультанта Крамля пасунулі больш значныя тэктанічныя сілы. Некаторыя СМІ лічаць, што мы знаходзімся на этапе новай эры расійскай палітычнай рэчаіснасці, галоўныя характарыстыкі якой, паводле версіі выдання «Известия», — «новы монацэнтрызм, адмова ад сістэмы тандэму, нацыяналізацыя эліты і дыстанцыя ад «баяраў», палітычная рэформа і маралізм».

Відавочна, што такія радыкальныя змены парадыгмы павінны адлюстравацца на знешняй палітыцы. Як адзначае «Financial Times», «на змену постмадэрнісцкаму падыходу Суркова прыйшоў больш ідэалагічны і канфрантацыйны падыход з акцэнтам на нацыяналізм і антызаходнія настроі».

Каб адказаць, наколькі такія прагнозы маюць падставу, трэба даць фармулёўку стылю Суркова. Не выдумляючы веласіпед, дадзім тут слова палітолагам. Вось як яны характарызуюць спадчыну Суркова: «шматвектарнае кіраванне палітычнымі працэсамі і канфліктамі», «камбінацыя камунікацый у заходнім стылі з налётам аўтарытарызму, якая стварае бачнасць адкрытай палітычнай сістэмы».

Калі аналізаваць курс Крамля ў адносінах да краін СНД за апошнія 12 гадоў (гэты час Суркоў быў у фаворы), можна лёгка канстатаваць: прыкметы фірмовага стылю Суркова тут сустрэць цяжка. Якія там тонкія шматхадовыя камбінацыі? Дастаткова ўзгадаць касалапыя паводзіны адміністрацыі Пуціна ў часы аранжавай рэвалюцыі. Брутальныя газавыя войны, якія выклікалі антырасійскія фобіі нават у абывацеля саюзніцкай Беларусі. А што казаць пра грузінскую вайну і яе іміджавыя наступствы для Расіі…

Адзіным прыкладам нейкага падабенства на тонкую гульню можа служыць серыял пра беларускага Бацьку на канале НТВ, які дэманстравалі напярэдадні выбараў 2010-га. Некаторыя лічаць, што гэты гібрыд фільмаў жахаў і кампрамату сапраўды перапужаў Мінск і прымусіў шукаць дыялог з Масквой напярэдадні 19 снежня, вынікам якога стала саступка Белтрансгаза ў абмен на прызнанне выбараў.

Так ці інакш, відавочна, што праславутыя маніпуляцыі Суркова за межы РФ ніколі не выходзілі. Падчас інтэграцыйных самітаў лідараў садружнасці гаворка ніколі не вялася пра стварэнне агульнай палітычнай прасторы, якая была б пабудаваная на каштоўнасцях філасофіі Суркова. Філасофіі, дарэчы, не такой ужо і адмоўнай. Менавіта пры Суркову ў Расіі ўзнік інстытут палітычных партый, механізм ратацыі ўлады на месцах, замацавалася ідэя адносна свабодных выбараў, культура адкрытай палітычнай дыскусіі ў выглядзе розных тэлешоў кшталту «Да бар’еру».

Нічога падобнага ад саюзнікаў па СНД Крэмль не патрабаваў. Як правіла, схема гульні заключалася ў тым, каб знайсці нейкага палітыка-сатрапа, які за знешнюю лаяльнасць атрымліваў бы поўную свабоду паводзін унутры краіны.

Таксама ніякай заўважнай ролі ў палітыцы Расіі на прасторах СНД даўно не гуляў расійскі Кабмін. Нагадаем, што адной з фішак Суркова была ідэя аўтаномнасці ўраду ад прэзідэнта. У гэтым плане некаторыя адзначаюць, што адстаўка Суркова ўкладваецца ў дух палітыкі апошняга часу, мэта якой — забеспячэнне татальнага адзінства ўлады. Але гэта даўно не тычыцца знешняй палітыкі. Увогуле, цяжка ўзгадаць пасля Прымакова нейкага прэм’ер-міністра, які б блакаваў ці адкрыта крытыкаваў актыўнасць гаранта РФ у блізкім і далёкім замежжы.

Такім чынам, мадэль Суркова не тычылася сферы СНД. Праўда, не зразумела асноўная прычына: рукі не даходзілі або ў Маскве нават такія адносна ліберальныя менеджары, як Суркоў, мяркуюць, што посткаланіяльная палітыка павінна будавацца выключна па прынцыпу пугі і перніка.

Застаецца высветліць, наколькі апісаная вышэй змена парадыгмы крамлёўскай улады паўплывае на палітыку адносна СНД. Каб не гадаць, лепш трошкі пачакаць. Думаецца, што калі новая мадэль сапраўды ўзнікне, яна будзе абкатаная на Украіне. У лістападзе Еўрасаюз абяцае ўключыць Украіну ў зону свабоднага гандлю, што можна разглядаць як самую вялікую пасля развалу СССР геапалітычную катастрофу Крамля. Ужо зараз ва Украіне імкліва актывізуюцца прарасійскія палітыкі, ідзе мабілізацыя ўсіх сіл гэтага лагера. Крэмль пагражае Кіеву ўсё большымі праблемамі ў выпадку далучэння да зоны свабоднага гандлю. На думку экспертаў, свайго апагею канфрантацыя дасягне на пачатку восені.