Прэзідэнт Турцыі Эрдаган ідзе на трэці тэрмін. Якія ў яго шанцы на перамогу?
Ужо неўзабаве — сама позна ў чэрвені — у Турцыі пройдуць адначасова парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. І гэтыя выбары будуць усё больш уплываць на ўнутраную і знешнюю палітыку Анкары.
Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган ідзе на трэці тэрмін, аднак яго перамога выглядае далёка не такой відавочнай, як у папярэднія разы. Як следства, улада спрабуе забараніць удзел у выбарах самаму рэйтынгаваму апазіцыйнаму палітыку, шукаючы для сябе зручнага спарынг-партнёра.
Пра тое, як гэтыя выбары могуць паўплываць на палітыку
Турцыі і што гэта значыць для Украіны, «Еўрапейская праўда» пагаварыла са старэйшым
аналітыкам Цэнтра даследаванняў сучаснай Турцыі Карлтанскага універсітэта
Яўгеніяй Габер. Ніжэй — асноўныя думкі эксперткі аб бліжэйшай будучыні ў Турцыі.
Трэці тэрмін для Эрдагана
Тое, што прэзідэнт Турцыі мае магчымасць пайсці ўжо на трэці
запар тэрмін — асаблівасць, выкліканая зменамі ў Канстытуцыю краіны.
Цяперашняя прэзідэнцкая кадэнцыя Эрдагана пачалася ў 2018
годзе ўжо ў новым статусе — кіраўніка прэзідэнцкай Турэцкай Рэспублікі, што
фактычна абнуліла яго папярэдні тэрмін як прэзідэнта парламенцкай Турэцкай
Рэспублікі.
Таму тое, што Эрдаган ідзе на трэці тэрмін — гэта не
нечаканасць, гэта было вядома з самага пачатку.
Але нечаканасці хутчэй звязаныя з тым, як цяпер адбываецца перадвыбарная
кампанія, хто будзе кандыдатам ад апазіцыі і ці будзе адзіны кандыдат ад
апазіцыі наогул.
Тут да гэтага часу існуе шырокае поле для манеўру.
Спроба адхіліць ключавога канкурэнта
У сярэдзіне снежня Стамбульскі суд прысудзіў мэра Стамбула Экрэма
Імамаглу да двух гадоў і сямі месяцаў зняволення. Гэты крок выклікаў не толькі
крытыку з боку Захаду, але і мітынгі апазіцыі і ў Стамбуле, і ў Анкары.
Імамаглу — папулярны ў народзе мэр Стамбула. А гэта пасада, з якой пачыналася палітычная кар'ера самога Эрдагана.
Прычынай асуджэння стала абвінавачванне ў абразе дзяржаўных
служачых Турцыі — членаў Цэнтрвыбаркама. Гаворка ідзе аб падзеях 2019 года, калі
перамога Імамаглу на мясцовых выбарах не была прызнана з першага разу. Тады,
рэагуючы на словы аднаго з прадстаўнікоў улады, ён заявіў, што «тыя, хто
скасаваў выбары 31 сакавіка — ідыёты».
Цяпер пытанне заключаецца ў тым, ці адменяць гэты прысуд
касацыйны і апеляцыйны суды, і ў якім менавіта выглядзе ён будзе выкананы. Бо,
сярод іншага, Стамбульскі суд таксама наклаў забарону на палітычную дзейнасць
Імамаглу.
Таму прынцыпова важным становіцца тое, калі гэты прысуд
уступіць у сілу (цяпер ён абскарджваецца).
Ад гэтага залежыць, ці зможа Імамаглу ўдзельнічаць у
прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, на якіх ён мае немалыя шанцы на перамогу ў
выпадку, калі ён будзе вылучаны адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Больш за тое,
цяпер менавіта Імамаглу выглядае самым нязручным супернікам для Эрдагана.
Што ўяўляе сабой турэцкая апазіцыя
Цяпер апазіцыя стварыла цікавы фармат — «Стол шасці». Гаворка ідзе аб рэгулярных сустрэчах шасці розных апазіцыйных партый. Гэта вельмі стракатыя сілы. Калі паглядзець на іх погляды — там ёсць і левыя, і правыя, ёсць секулярысты, то-бок прыхільнікі свецкага развіцця краіны, ёсць кансерватыўныя ісламісцкія партыі.
Затое іх аб'ядноўвае некалькі момантаў. У першую чаргу — імкненне змяніць уладу Эрдагана ў краіне. А па-другое, вярнуцца да парламенцкай рэспублікі, дзе не было б такой цэнтралізаванай і кансалідаванай улады
прэзідэнта.
Менавіта гэта галоўная асаблівасць наступных выбараў — на іх
гаворка ідзе не толькі аб тым, хто выйграе як чалавек, як кандыдат, але і аб
тым, якім будзе палітычнае ўладкаванне Турцыі пасля 2023 года.
Шанцы апазіцыі на перамогу
Шанцы на перамогу ў апазіцыі сапраўды існуюць. Па-першае, у Турцыі вельмі няпростая эканамічная сітуацыя, і менавіта эканамічныя і фінансавыя цяжкасці больш за ўсё ўплываюць на настроі турэцкага выбаршчыка. За апошнія гады нацыянальная валюта істотна абясцэнілася, а турэцкае грамадства жыло ў сітуацыі імклівай інфляцыі і як следства — зніжэння ўзроўню жыцця.
Мы бачым пэўныя крокі з боку турэцкіх уладаў, каб палепшыць
эканамічную сітуацыю. Напрыклад, нядаўна была павышана мінімальная зарплата.
Але ў цэлым пакупніцкая здольнасць турэцкіх выбарцаў застаецца нізкай.
Гэта тое, што турбуе людзей, гэта тое, аб чым кажуць кожны
дзень.
Ёсць грамадская незадаволенасць той сітуацыяй, якая склалася ў краіне. І гэтую сітуацыю большасць выбаршчыкаў звязваюць з палітыкай умяшання дзяржавы ў многія сферы жыцця.
Гэта тая сітуацыя, калі цэнтралізаваная ўлада, сабраная ў
руках Эрдагана, гуляе яму ў мінус. Бо калі ў Турцыі ўсе дасягненні — гэта
заслуга яе прэзідэнта, у той час і ўсе эканамічныя праблемы, якія па аб'ектыўных
або суб'ектыўных прычынах існуюць, таксама асацыююцца з Эрдаганам.
З іншага боку, нарэшце апазіцыя, хоць яна ўсё ж раз'яднаная,
настроена вельмі рашуча.
Яна бачаць, што ўпершыню за 20 гадоў знаходжання Эрдагана ва
ўладзе апытанні паказваюць, што ў яго праціўнікаў ёсць рэальныя шанцы перамагчы
на выбарах. І гэта прымушае яе трымацца разам, на час забыўшыся пра ўнутраныя
супрацьстаянні.
І нарэшце, на шанцы апазіцыі можа паўплываць любы крызіс,
які ўдарыць па рэйтынгах улады. Сітуацыя цяпер адчувальная, таму нават
нязначныя падзеі могуць мець сур'ёзныя наступствы.
Гэта могуць быць пытанні, звязаныя з нашэннем або ненашэннем хусткі жанчынамі, з рэлігійнымі пытаннямі. Напрыклад, нядаўна ўспыхнуў вельмі
гучны скандал пасля аповеду маладой дзяўчыны пра тое, як яе ў шэсць гадоў
выдалі замуж за яе ж гвалтаўніка, паколькі гэтага нібыта патрабавалі нейкія
рэлігійныя нормы.
Гэта вельмі адчувальныя для турэцкага грамадства пытанні — і
такія скандалы напярэдадні выбараў толькі павышаюць градус грамадскіх дыскусій.
Як турэцкія ўлады рэагуюць на эканамічны крызіс
Акрамя сацыяльных пакетаў для грамадзян з нізкім узроўнем
даходаў ёсць імкненне паказаць, што эканамічныя праблемы ў Турцыі — не
ўнікальныя, што яны з'яўляюцца следствам глабальных працэсаў, ад якіх яшчэ
больш пакутуюць заходнія краіны.
Напрыклад, у Турцыі цяпер крызіс у фармацэўтычнай сферы.
Гэта выклікана забаронай павышаць цэны на лекі, а дакладней — гэта можна рабіць
толькі раз у год. З прычыны такіх абмежаванняў многія прэпараты проста зніклі з
продажу, і гэта немалая праблема для грамадзян.
Затое калі вы чытаеце турэцкія навіны, вы можаце прачытаць,
што крызіс фармацэўтычнай галіны цяпер адбываецца ў Германіі, што там
даводзіцца купляць лекі на барахолках і кірмашах з рук.
І гэта не адзінкавы выпадак. Як толькі ў Турцыі адбываецца
нейкая праблема, у турэцкіх медыя з'яўляюцца навіны, што ў Еўропе гэтая
праблема не проста існуе, а значна вастрэйшая.
Тое ж самае тычыцца шматлікіх міфаў пра Еўропу, якая
замярзае; пра тое, што санкцыі супраць Расіі — гэта дрэнна, таму што яны
пагражаюць самім краінам, якія ўводзяць гэтыя санкцыі, або што расійскі газ і
энергарэсурсы — гэта добра, таму што ў Еўропе ўжо паўсюль выключаюць святло, а
ў Турцыі гэтага не будзе.
Дзякуючы гэтаму падтрымліваецца пэўны ўзровень спрыяльнага
для ўлады інфармацыйнага фону. Аднак змяніць той факт, што эканамічная палітыка
ўнутры Турцыі цяпер не самая лепшая, ужо немагчыма.
Што можа забяспечыць перамогу Эрдагану
Перадвыбарная сітуацыя з'яўляецца вельмі дынамічнай, і разрыў паміж уладай і апазіцыяй — мінімальны. На што ў такой сітуацыі можа разлічваць Эрдаган?
Па-першае, да гэтага часу незразумела, хто будзе
прадстаўляць апазіцыю на прэзідэнцкіх выбарах: будзе гэта некалькі
кандыдатаў, або адзін.
Магчымая забарона ўдзелу ў выбарах для Імамаглу істотна
ўплывае на планы апазіцыі. І сярод апазіцыйных лідараў ёсць кандыдаты, чый
удзел быў бы вельмі пажаданым для Эрдагана.
Напрыклад, Кемаль Кылычдараглу, лідар апазіцыйнай
Рэспубліканскай народнай партыі. Гэта палітык шаноўнага ўзросту, які
неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах і ўвесь час прайграваў Эрдагану. Цяпер ён не
хавае жадання стаць адзіным кандыдатам ад аб'яднанай апазіцыі. Тады як яго калегі па партыі і партнёры па апазіцыйным
блоку не ў захапленні ад гэтай ідэі.
Калі Кылычдараглу стане адзіным кандыдатам ад апазіцыі, шанцы
Эрдагана на перамогу ўзрастуць у разы.
Другі момант: «залатая акцыя», якую мае
пракурдская партыя HDP, якой цяпер даюць ад 9 да 12%.
Невядома, ці будуць яны гатовыя далучыцца да апазіцыі. На
этапе перадвыбарчай кампаніі яны ўяўляюць трэцюю, альтэрнатыўную сілу і таксама
выступаюць супраць дзейнай улады. Але не факт, што яны прыйдуць да згоды з
апазіцыйным блокам, дзе таксама моцныя пазіцыі турэцкіх нацыяналістаў. А без іх
галасоў у парламенце і дзеючай улады, і апазіцыі будзе вельмі складана атрымаць
неабходную большасць, таму магчымыя сітуацыйныя кааліцыі.
Акрамя таго, за паўгода перад выбарамі турэцкія ўлады
анансавалі пакет з дадатковых выплат, у тым ліку —падняўшы на 50% мінімальны
заробак.
Вядома, для істотных рэформаў, здольных аздаравіць сітуацыю
ў эканоміцы, часу не хапае, але гэта дазваляе паменшыць сацыяльнае напружанне.
Таму восенню рэйтынгі ўлады пачалі зноў расці.
І апошняе — знешняя палітыка. Яна не з'яўляецца вырашальнай,
але з'яўляецца досыць уплывовым элементам перадвыбарчага працэсу.
Любыя перамогі цяперашняй улады на знешнім дыпламатычным
фронце — ці то мір Расіі з Украінай, ці то «збожжавае пагадненне», дзе
Турцыя адыграла важную ролю, ці то будзе пераможная ваенная аперацыя або
нармалізацыя ў Сірыі, ці то будзе абвастрэнне з Грэцыяй і эскалацыя ў
Міжземным моры, ці то будзе «газавы хаб» з Расіяй — усе гэтыя элементы,
вядома, таксама дапамогуць Эрдагану напоўніць інфармацыйную прастору
пазітыўнымі навінамі.
Што будзе азначаць для Украіны магчымая перамога апазіцыі
Украіне важная не перамога пэўнай палітычнай сілы ў Турцыі. Важная перамога Украіны над Расіяй у Турцыі.
Пазіцыі ўлады і апазіцыі ў дачыненні да Расіі і ў дачыненні
да Украіны не з'яўляюцца кардынальна рознымі.
У палітычным асяроддзі існуе кансэнсус, што незалежнасць,
тэрытарыяльная цэласнасць і суверэнітэт Украіны для Турцыі вельмі важныя. Таму
чакаць умоўнага прызнання Крыма расійскім або адкрыцця Басфора для расійскіх
ваенных караблёў не варта.
Але адначасова не варта чакаць і ўвядзення Турцыяй санкцый
супраць РФ — гэта таксама ўваходзіць у гэты кансэнсус.
Праўда, нацыяналістычныя сілы ўнутры апазіцыі, у якіх шмат
прывязак да крымскіх татараў, да Грузіі, да генацыду Расіяй цюркскіх народаў,
дазваляюць сабе больш рэзкую рыторыку ў дачыненні да расійскай агрэсіі. І адначасова — больш
мяккі тон у дачыненні да Захаду, напрыклад, яны выступаюць за аднаўленне
дыялогу з ЕС.
Таму пэўныя змены ад перамогі апазіцыі ўсё ж магчымыя. Але
нічога радыкальнага чакаць не варта.
Яшчэ адзін момант, які важна зразумець: для Турцыі ўкраінскі
фактар з'яўляецца часткай большай карціны, якая ўключае НАТА, Злучаныя Штаты і
вялікую геапалітыку.
І ў рамках гэтай карціны Турцыя не хоча ўзмацнення Захаду,
часта разглядаючы РФ як непрыемны, але патрэбны баланс, які робіць немагчымым
празмернае ўзмацненне ЗША.
Магчымы ўплыў РФ на турэцкія выбары
Расія праводзіць у Турцыі зусім іншую палітыку, чым у краінах Захаду. У Турцыі РФ не трэба праводзіць інфармацыйныя аперацыі з ботамі, тролямі, укідамі ў сацсетках, таму што інфармацыйная прастора Турцыі і без гэтага прасякнутая прарасійскімі наратывамі, перш за ўсё праз моцныя антызаходнія настроі.
Таму, хутчэй за ўсё, Расія засяродзіцца на фінансаванні
турэцкіх экспертаў і пэўных палітыкаў, каб яны агучвалі пэўныя важныя для Расіі
мэсэджы. У першую чаргу, аб неабходнасці міру ва Украіне, падступных інтарэсах
Захаду ў гэтай вайне і неабходнасці дамаўляцца наўпрост паміж Расіяй і ЗША, без
Украіны.
Але адначасова ў Турцыі таксама існуюць асцярогі магчымага
расійскага ўплыву на выбарах. Многія перасцерагаюць аб пагрозе магчымага
расійскага ўмяшання, кажуць аб неабходнасці прыняць меры, каб выключыць іх, у
прыватнасці па ўзмацненні кібербяспекі і супрацьдзеянні дэзынфармацыі.
У цэлым многае залежыць ад далейшых крокаў апазіцыі, ці
вызначыцца яна нарэшце са сваім кандыдатам. Тады можна будзе больш дакладна
прагназаваць яе перспектывы перамагчы на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах.