Прызнанне як сімвалічны крок. Што зменіцца ад таго, што свет прызнае Палесціну?

Заходнія краіны ў абмен на прызнанне Палесціны хочуць урэгуляванне сітуацыі на Бліжнім Усходзе. А Ізраіль заяўляе, што гэта толькі падтрымае «ХАМАС».

ireland_va_na_uy_cong_nhan_nha_nuoc_palestine_israel.jpg

У той час як у сектары Газа працягваюцца баявыя дзеянні, а на Заходнім беразе расце хваля гвалту, перспектывы здабыцця палесцінцамі ўласнай дзяржавы могуць падацца далёкімі як ніколі.

Рашэнне некалькіх еўрапейскіх краін афіцыйна прызнаць існаванне палесцінскай дзяржавы не зменіць рэальнасці, у якой амбіцыі палесцінцаў па-ранейшаму сутыкаюцца з вялізнымі перашкодамі, піша «Бі-бі-сі».

Але заявы Ірландыі, Іспаніі і Нарвегіі акажуць ціск на іншыя краіны Еўропы, уключаючы Вялікабрытанію, Францыю і Германію, каб яны рушылі ўслед за імі ў падтрымцы палесцінскага самавызначэння.

«Гэта неверагодна важны крок, — лічыць адзін з высокапастаўленых арабскіх дыпламатаў. — Ён паказвае расчараванне еўрапейцаў тым фактам, што ізраільскія ўлады адмаўляюцца да іх прыслухоўвацца. І гэта аказвае ціск на ЕС, каб ён рушыў услед за іх прыкладам».

Ізраільскія ўлады настойваюць, што ў бягучай сітуацыі афіцыйнае прызнанне палесцінскай дзяржавы толькі згуляе на руку «ХАМАСу», а дыпламатычнае ўрэгуляванне ўзброенага канфлікту стане яшчэ менш верагодным.

Большасць краін свету — агулам 139 — афіцыйна прызнаюць палесцінскую дзяржаву.

10 траўня 143 з 193 краін-членаў ААН прагаласавалі на Генеральнай Асамблеі ў падтрымку заяўкі Палесціны на паўнапраўнае членства ў ААН, якое адкрыта толькі для дзяржаў.


Глядзіце таксама

На дадзены момант Палесціна мае ў ААН пашыраны статус назіральніка, што дае ёй месца, але не права голасу ў Асамблеі.

Яна таксама прызнана рознымі міжнароднымі арганізацыямі, уключаючы «Лігу арабскіх дзяржаў» і «Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва».

У Еўропе палесцінскую дзяржаву прызнаюць менш за палову краін. У ліку тых, хто прызнаў — Венгрыя, Польшча, Румынія, Чэхія, Славакія і Балгарыя (усе — з 1988 года), а пазней да іх далучыліся Швецыя, Кіпр і Мальта.

Аднак многія еўрапейскія краіны — як і Злучаныя Штаты — заяўляюць, што гатовыя на прызнанне палесцінскай дзяржавы толькі ў рамках доўгатэрміновага палітычнага рашэння канфлікту на Блізкім Усходзе.

Такое рашэнне часта называюць «дзве дзяржавы для двух нацый»: у яго рамках і ізраільцяне, і палесцінцы пагадзіліся б мець уласныя асобныя дзяржавы з уласнымі межамі і без усялякіх спрэчных тэрыторый.

Адносна таго, калі варта прызнаць палесцінскую дзяржаву, пазіцыі еўрапейскіх краін і ЗША разыходзяцца.

Ірландыя, Іспанія і Нарвегія кажуць, што робяць гэта цяпер, каб пачаць палітычны працэс. Яны сцвярджаюць, што ўстойлівае рашэнне цяперашняга крызісу будзе знойдзена толькі ў тым выпадку, калі абодва бакі змогуць нацэліцца на нейкі палітычны гарызонт.

Гэтыя краіны таксама рэагуюць на ўнутраны палітычны ціск, які патрабуе больш актыўнай падтрымкі палесцінцаў.

У мінулым пазіцыя многіх заходніх краін заключалася ў тым, што палесцінская дзяржаўнасць павінна стаць узнагародай за заключэнне канчатковага мірнага пагаднення.

Аднак Вялікабрытанія і некаторыя іншыя еўрапейскія краіны апошнімі месяцамі змянілі сваю пазіцыю, заявіўшы, што прызнанне палесцінскай дзяржаўнасці можа адбыцца раней, каб дапамагчы паскорыць працэс палітычнага ўрэгулявання.


Глядзіце таксама

У лютым прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сказаў, што «прызнанне палесцінскай дзяржавы не з'яўляецца для Францыі табу».

А ўжо ў траўні Францыя падтрымала сяброўства Палесціны ў ААН на галасаванні ў Генеральнай Асамблеі.

ЗША ў прыватным парадку абмяркоўвалі гэтае пытанне з еўрапейскімі саюзнікамі, але праяўляюць вялікую асцярожнасць і хочуць атрымаць больш дакладнае ўяўленне пра тое, што гэтая палітыка будзе азначаць на практыцы.

Такім чынам, асноўныя закулісныя дэбаты вядуцца адносна таго, калі гэтыя краіны-прыхільнікі павінны прызнаць палесцінскую дзяржаву.

Калі ізраільцяне пачнуць з палесцінцамі афіцыйныя мірныя перамовы? Ці калі Ізраіль нармалізуе дыпламатычныя адносіны з Саудаўскай Аравіяй? Прывязаць да нейкай даты?

Іншымі словамі, гэтыя людзі хочуць, каб прызнанне дзяржавы Палесціна стала для свету важным момантам, зручным і прыдатным для дасягнення дыпламатычнага выніку.


Глядзіце таксама

«Гэта моцная карта, якую краіны Захаду павінны разыграць, — мяркуе адзін з заходніх чыноўнікаў. — Мы не хочам страціць гэты шанец».

Праблема ў тым, што прызнанне палесцінскай дзяржавы — гэта ў значнай ступені сімвалічны жэст, калі ён не цягне за сабой рашэнне спадарожных жыццёва важных пытанняў.

Як павінны пралягаць межы? Дзе будзе размяшчацца сталіца? Што павінны зрабіць абодва бакі канфлікту, каб гэта нарэшце адбылося?

Гэта цяжкія пытанні, адказы на якія не ўдаецца знайсці дзесяцігоддзямі.

Пакуль жа можна канстатаваць, што права палесцінскай дзяржавы на існаванне афіцыйна прызналі яшчэ некалькі еўрапейскіх краін.

Прыхільнікі гэты крок будуць вітаць, праціўнікі — асуджаць.

Змрочная штодзённая рэальнасць палесцінцаў ад гэтага наўрад ці зменіцца.