Расія. Сустрэчы з выбаршчыкамі прыраўнялі да мітынгаў законна
Маскоўскі гарадскі суд адхіліў пазоў прадстаўнікоў партыі КПРФ, у якім аспрэчвалася рашэнне гарадскіх уладаў прыраўняць сустрэчы з выбаршчыкамі да мітынгаў і прымусіць палітычныя партыі ўзгадняць такія мерапрыемствы.
Па выніках
чатырохгадзіннага разгляду пазову, пададзенага да Масгардумы, суд вырашыў
прызнаць прынятыя маскоўскімі ўладамі змены ў гарадскім заканадаўстве законнымі
і адхіліў патрабаванні заяўнікаў.
Дэпутат Дзярждумы ад КПРФ Валерый Рашкін напісаў у сваім "твітары", што партыя плануе абскардзіць рашэнне Масгарсуда ў Вярхоўным судзе Расіі.
Законапраект, паводле якога парламентарыі павінны сустракацца з жыхарамі па правілах, што замацаваны ў заканадаўстве аб мітынгах, Масгардума прыняла ў канцы снежня. Супраць галасавалі толькі тры дэпутаты ад фракцыі КПРФ.
Камуністы лічаць, што ўлады баяцца пратэстаў у Маскве. Да пачатку пасяджэння Масгардумы дэпутаты ад КПРФ Мікалай Зубрылін і Алена Шувалава правялі перад будынкам маскоўскага парламента пікет: каля 15 чалавек стаялі з самаробнымі плакатамі.
Паводле новага закона, для правядзення сустрэчы з выбаршчыкамі ў Маскве дэпутатам давядзецца пісьмова апавяшчаць выканаўчыя ўлады пра свае планы не пазней, чым за дзесяць дзён да мерапрыемства, а таксама трэба ўзгадніць з уладамі час і месца сустрэчы.
За парушэнне парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу можна атрымаць да 30 сутак адміністрацыйнага арышту і да мільёна рублёў (16,5 тысячы долараў) штрафу. Пры гэтым сталічныя ўлады часта адмаўляюць апазіцыі ва ўзгадненні мітынгаў у цэнтры горада.
Паводле ВВС