Guardian: У банках Брытаніі «адмывалі» грошы з Расіі
Некалькі найбуйнейшых брытанскіх банкаў былі ўцягнутыя ў міжнародную схему па адмыванні велізарных грашовых сум, выведзеных з Расіі.
Фота: ReutersДа такой высновы прыйшла газета Guardian, якая правяла адмысловае расследаванне, перадае ВВС.
Паводле інфармацыі Guardian, праз брытанскія банкі прайшло не менш як 700 млн долараў, прычым больш за палову з іх — праз банк HSBC.
У артыкуле Guardian згадваецца так званая аперацыя "Ландрамат". Пра яе стала вядома яшчэ ў 2014 годзе пасля расследавання расійскай "Новой газеты", праведзенага сумесна з міжнароднай арганізацыяй журналістаў-следчыя Organised Crime and Corruption Reporting Project (OCCRP). У рамках гэтай схемы з 2011-га па 2014 гады з Расіі было выведзена 22 млрд долараў пад выглядам выканання судовых рашэнняў, прынятых малдаўскімі суддзямі. Грошы спярша ішлі ў Малдову, адтуль — у Латвію, а пасля гэтага ў іншыя краіны ЕС, у тым ліку і Брытанію.
Па словах журналістаў Guardian, іх расследаванне грунтавалася на вывучэнні банкаўскай справаздачнасці. Тым часам прадстаўнікі ўсіх брытанскіх банкаў, згаданых у матэрыяле, настойваюць, што цалкам выконваюць закон і прымаюць меры для барацьбы з адмываннем сродкаў.