Стэпавыя качэўнікі занеслі чуму ў неалітычную Еўропу
Вынікі новага даследавання дазваляюць заключыць, што бактэрыя Yersinia pestis упершыню з'явілася ў Еўропе яшчэ ў эпоху неаліту, пасля буйнамаштабнай міграцыі качэўнікаў з азіяцкіх стэпаў, за тысячагоддзі да першых эпідэмій, адлюстраваных у пісьмовых крыніцах.
Узоры ДНК чумных бактэрый старажытнасці звычайна вылучаюць з тканін зубоў памерлых людзей. Міжнародны калектыў навукоўцаў на чале з даследнікамі з Інстытута гісторыі чалавецтва Таварыства Макса Планка праверыў больш за 500 узораў зубоў з пахаванняў у Германіі, Расіі, Венгрыі, Харватыі, Літве, Эстоніі і Латвіі ў пошуках ДНК бактэрыі Yersinia pestis. У выніку яны змаглі секвенаваць шэсць бактэрыяльных геномаў. Разам з геномамі, атрыманымі ў папярэдніх працах, яны далі ўнікальную магчымасць вывучыць распаўсюджванне чумы ў старажытнасці.
Хоць гэтыя геномы былі выяўленыя ў розных частках Еўропы, яны апынуліся досыць блізкія адзін да аднаго, а самы старажытны з штамаў быў генетычна ідэнтычны ДНК чумы з пахавання на Алтаі ўзростам ад 4600 да 4800 гадоў. «Гэта сведчыць аб тым, што чума трапляла ў Еўропу некалькі разоў на працягу гэтага перыяду з адной і той жа крыніцы, альбо пракралася адзін раз у каменным веку і засталася там», — тлумачыць вядучы аўтар даследавання Аіда Андрадэс Вальтуэнья (Aida Andrades Valtueña). Каб удакладніць, які сцэнар быў больш верагодным, навукоўцы супаставілі атрыманыя дадзеныя з даследаваннямі міграцый народаў у той жа перыяд.
Прыкладна 4800 гадоў таму пачалося маштабнае перасяленне ў Цэнтральную Еўропу жыхароў Каспійска-прычарнаморскіх стэпаў. Згодна з распаўсюджанай гіпотэзай, менавіта яны былі носьбітамі індаеўрапейскіх моў. Генетычныя маркеры дазваляюць добра адсачыць іх перамяшчэнне. З'яўленне ДНК чумной бактэрыі супадае па часе з гэтай міграцыяй. Аўтары працы лічаць, што менавіта ў гэты момант чума трапіла ў Еўропу, дзе ўтварыўся ўласны прыродны рэзервуар чумных бактэрый, які існаваў на працягу доўгага часу да бронзавага веку. У далейшым чума яшчэ не раз пранікала ў Еўропу з Цэнтральнай Азіі, напрыклад, у XIV стагоддзі, калі многія краіны ахапіла эпідэмія, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай Чорная смерць.
Паводле Science Pro