The Times: Расіяне плацяць высокую цану за двубой Пуціна з Захадам
«Учора адзін з самых паважаных расійскіх эканамістаў заявіў, што ў бліжэйшыя два гады эканамічны крызіс, што нарастае ў Расіі, стане пагражаць існаванню пуцінскага кіравання», — піша карэспандэнт The Times Бэн Хойл. Простыя расіяне, якія ў большасці сваёй падтрымалі далучэнне Крыма і непахісную пазіцыю Пуціна перад пагрозай санкцыяў, пачынаюць адчуваць наступствы ў сваім штодзённым жыцці.
Сяргей Гурыеў, у мінулым саветнік прэм’ер-міністра Мядзведзева і член назіральнага савета «Ашчадбанка», сказаў: «Калі нічога не зменіцца, калі санкцыі не будуць знятыя, а цэны на нафту не вырастуць, то праз два гады расійскі ўрад сутыкнецца з сур’ёзнай праблемай — дэфіцытам наяўных грошай і немагчымасцю іх дзесці заняць».
«Гурыеў даў інтэрв’ю ў Парыжы, куды збег у мінулым годзе, паколькі ганенні ўладаў прымусілі яго баяцца за сваю свабоду», — піша аўтар. Па словах Гурыева, рост інфляцыі, зніжэнне цэнаў на нафту, паслабленне рубля, ізаляцыя ад заходніх рынкаў капіталу і падзенне даверу інвестараў азначаюць, што ўпершыню «паўстала рызыка для існавання рэжыму».
Хойл каментуе: «У Маскве такія думкі выказваюцца толькі ў прыватных размовах. Дзелавы свет не адважваецца аспрэчваць ўсё больш непрадказальны палітычны і ваенны курс Крамля, хоць ён і ўцягнуў Расію ў эканамічную канфрантацыю з Захадам з-за Украіны, у канфрантацыю, для перамогі ў якой Расія, мабыць, мала прыстасаваная».
Эканамічныя нягоды б’юць па маскоўскай эліце, адзначае аўтар. Чакаецца, што продажы тавараў раскошы ў гэтым годзе ўпадуць на 18%.
Міністр фінансаў Антон Сілуан лічыць, што ў гэтым годзе Расія страціць з-за санкцый 40 млрд. долараў, а з-за зніжэння коштаў на нафту — яшчэ 100 млрд.
Інвалютныя рэзервы Расіі перавышаюць $380 млрд, але незразумела, ці ўдасца хутка атрымаць доступ да іх значнай долі (больш за $200 млрд).
У сераду кіраўнік банка ВТБ Андрэй Косцін паскардзіўся, што пад ціскам ЗША кітайскія банкі не даюць пазыкаў расійскім кампаніям з санкцыйнага спісу.
Некаторыя прадстаўнікі дзелавых колаў выказваюць занепакоенасць ўслых, піша аўтар, згадваючы пра словы Аляксея Кудрына і Германа Грэфа.
Паводле Inopressa.ru