Трамп пасварыўся з лідарамі G7 з-за Расіі — СМІ
Патрабаванні Дональда Трампа па Расіі справакавалі напружанасць на саміце G7. Калегі з краін Вялікай сямёркі не падтрымалі ініцыятыву прэзідэнта ЗША па вяртанні Расіі ў склад групы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на саміце G7 у Біярыцы пасварыўся з лідарамі
іншых краін групы, бо настойваў на тым, што Расія павінна вярнуцца ў яе
склад. Пра гэта ў нядзелю, 25 жніўня, паведаміла газета “The Guardian” са
спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.
Адзначаецца, што падзеі разгортваліся ў суботу ўвечары падчас вячэры на афіцыйным адкрыцці саміту. Па словах крыніц выдання, Трамп настойваў, што Расію варта вярнуць у G7, і не пагадзіўся з аргументамі калегаў, якія не падтрымалі яго ідэю.
З усіх лідараў Вялікай сямёркі, якія знаходзіліся за сталом, падтрымку амерыканскаму лідару прапанаваў толькі прэм'ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ, які сыходзіць у адстаўку.
Прэм'ер Японіі Сіндза Абэ захоўваў нейтралітэт, а прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэм'ер Канады Джасцін Трудо, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск рашуча выступілі супраць вяртання да фармату G8.
Як падкрэсліў суразмоўца газеты, "на гэтым моманце абстаноўка пачатку напальвацца, калі не сказаць больш".
Ён дадаў, што, на думку Трампа, для абмеркавання праблем Ірана, Сірыі і Паўночнай Карэі "Расія павінна прысутнічаць у зале".
Як распавядае “The Guardian”, пасля вячэры было запланавана групавое фота ўсіх лідараў G7, аднак мерапрыемства нечакана адмянілі без удакладнення прычынаў.
Паводле дадзеных СМІ, лідары краін Вялікай сямёркі на саміце Біярыцы вырашылі, што ў цяперашняй сітуацыі занадта рана рэінтэграваць Расію ў склад групы.
Раней стала вядома, што прэзідэнт ЗША і лідар Францыі ў ходзе тэлефоннай размовы 20 жніўня пагадзіліся, што Расію неабходна запрасіць на саміт G7 у 2020 годзе.
У Крамлі на гэта заявілі, што Масква не ставіць за мэту вярнуцца ў склад Вялікай васьмёркі, паколькі многія пытанні больш эфектыўна вырашаць у фармаце G20.
Нагадаем, Расію перасталі запрашаць на сустрэчы сямі вядучых краін свету пасля анексіі Крыма і падзей на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе.
Паводле korrespondent.net