Старшыня Еўрапейскай Рады: у склад G7 лепш запрасіць Украіну, а не Расію
Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск раскрытыкаваў 24 жніўня прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб запрашэнні Расіі ў склад «Вялікай сямёркі» (G7), паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Reuters.
Туск заявіў, што прычыны, па якіх Маскву выключылі з групы, нікуды не падзеліся. Больш за тое, паўсталі новыя падставы, якія не дазваляюць Расіі ўвайсці ў склад G7, у тым ліку «расійская правакацыя ў Азоўскім моры».
«Калі Расію ўпершыню запрасілі ў G7, меркавалася, што [Масква] рухаецца на шляху да ліберальнай дэмакратыі, вяршэнства закону і абароны правоў чалавека. Ці ёсць сярод нас хоць хто-небудзь, хто можа сказаць з поўнай упэўненасцю, не кіруючыся пытаннямі вядзення бізнэсу, што Расія стаіць на гэтым шляху?» — сказаў Туск.
Ён заявіў, што падчас саміту паспрабуе пераканаць лідараў G7 у тым, што лепш запрасіць на наступную сустрэчу прэзідэнта Украіны, а не спрабаваць вярнуць Расію ў склад «Вялікай сямёркі». Пакуль, аднак, гаворка ідзе не пра паўнавартаснае прыняцце Ўкраіны ў G7, а толькі пра ўдзел украінскага прэзідэнта Ўладзіміра Зяленскага ў перамовах.
Лідары Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі на гэтым тыдні таксама адкінулі магчымасьць запрашэння Уладзіміра Пуціна на саміт «Вялікай сямёркі».
Чарговы саміт «Вялікай сямёркі» пачаўся ў францускім горадзе Біярыцы 24 жніўня. Удзельнікі саміту «Вялікай сямёркі» — Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія. Форум працягнецца да 26 жніўня.