Ці зможа Мінск набываць нафту ў ЗША?

Атрымаць дазвол на продаж нафтапрадуктаў і набыццё сырой нафты ў ЗША – такую мэту паставіла сабе Беларуская нафтавая кампанія. Як паведамляе Белсат са спасылкай на «Голас Амерыкі», беларуская дзяржкампанія наняла амерыканскага лабіста Дэйвіда Джэнкарэлі. Яму заплацяць 60 тысяч долараў, каб дабіцца ад Вашынгтону ліцэнзіі на гандаль.

download_60.jpg

Заява аб рэгістрацыі замежнага агентаў Дэпартаменце юстыцыі ЗША:
«Гэтая ліцэнзія не патрэбная цяпер, але будзе патрэбная пасля 25 кастрычніка 2019 года, каб працягваць гандлёвыя зносіны паміж беларускім і амерыканскім бокам, калі Упраўленне кантролю за замежнымі актывамі пастановіць не працягваць або спыніць санкцыі».
Санкцыі супраць беларускіх нафтавых кампаніяў кангрэс ЗША ўвёў у 2006 годзе – за парушэнне Мінскам правоў чалавека. З 2015-га амерыканскі ўрад кожныя паўгода прыпыняе дзеянне санкцыяў, але ці скасуе іх?
«Каб паспрыяць гэтаму рашэнню, прыдумалі такую «адмазку», што мы нібыта будзем у вас нафту купляць. […] Везці з ЗША нафту ў Беларусь – гэта дзіўна нават для людзей, якія не разумеюць, што такое эканоміка і лагістыка», – лічыць Валер Карбалевіч, палітолаг.
Палітычнымі, а не эканамічнымі перамовы з ЗША называе і эканаміст Леанід Злотнікаў. Праекты набыцця нафты за морам – у Іране, Азербайджане, Венесуэле – для Мінска выявіліся занадта дарагімі. Не будзе таннай і нафта з ЗША, мяркуе эксперт.
«Пакуль самая танная нафта – гэта нафта расейская. І яна будзе заставацца такой да 2024 года – яшчэ пяць гадоў», – кажа Леанід Злотнікаў, эканаміст.
Праз пяць гадоў Расія павысіць унутраныя цэны на нафту да сусветнага ўзроўню. І тады расійская нафта будзе каштаваць даражэй за нафту са Злучаных Штатаў. Аднак нават тады закупкі за акіянам беларускай эканомікі не выцягнуць, падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч.
«Роля нафты ў эканамічнай палітыцы Беларусі будзе рэзка зніжацца. І гэта значыць, трэба шукаць нейкія іншыя крыніцы даходаў беларускага бюджэту: развіваць эканоміку, развіваць свабоду бізнесу», — адзначае Валер Карбалевіч.
Ускладаць менш спадзяванняў на расейскую нафту Менск прымушае не толькі нафтавы манеўр, але і красавіцкая аварыя на нафтаправодзе «Дружба». Каб нашыя НПЗ ізноў не пацярпелі ад забруджанай сыравіны, «Белнафтахім» збіраецца паставіць на мяжы з Расеяй новыя пункты кантролю якасці.