Туркменістан. Краіна больш не будзе нейтральнай
Туркменістан, сутыкнуўшыся з пагрозамі нападаў з боку радыкалаў з Афганістана, спрабуе знайсці падтрымку ў ЗША.
Фота persecutionchrist.wordpress.com
У Вашынгтон па даручэнні прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава прыбыла дэлегацыя на чале з кіраўніком МЗС краіны. Дэлегацыя мае намер абмеркаваць пытанні бяспекі Туркменістана. Фон для візіту вельмі напружаны. Калі верыць СМІ, у апошнія дні радыкальныя групоўкі з Афганістана пачынаюць дзе-нідзе атакаваць туркменскую мяжу. Мінабароны Туркменістана вымушана пачаць перадыслакацыю баявой тэхнікі на мяжу з Афганістанам.
У канфлікт уцягваецца Узбекістан. Ташкент абяцаў аказаць дапамогу Ашхабаду ў ахове мяжы і пастаўках зброі. Нарэшце, 20 кастрычніка ў прэсу трапіла інфармацыя пра тое, што амерыканцы нібыта паабяцалі Ашхабаду бяспеку на мяжы, і падтрымку ў будаўніцтве газаправода Туркменія—Афганістан—Пакістан—Індыя ў абмен на размяшчэнне сваіх самалётаў на аэрадроме ў горадзе Мары.
Калі гэта праўда, то ў Туркменістане скончылася эра нейтралітэту, які быў закладзены ў аснову нацыянальнай дактрыны. Застаецца сказаць, што плёткі пра базу адразу выклікалі негатыўную рэакцыю ў праваабаронцаў. Туркменістан — гэта ўзорная цэнтральна-азіяцкая дыктатура, элементам якой з'яўляюцца выкраданне апанентаў улады.
Паводле казахскай прэсы