ААН заклікае расследаваць прымяненне сілы дзяржавай да дэманстрантаў у Казахстане
Эксперты ААН па правах чалавека 11 студзеня асудзілі «неабмежаванае прымяненне сілы супраць пратэстоўцаў» у Казахстане, у тым ліку «прымяненне смяротнай зброі», і заклікалі забяспечыць незалежнае расследаванне такіх выпадкаў, паведамляе «Азаттык».
Спецдакладчык па
пытаннях заахвочвання і абароны правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам
Фіануала Ні Аолэйн адзначыла ў сваёй заяве, што шырокае прымяненне тэрміна «тэрарысты»
супраць дэманстрантаў, грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў і
прадстаўнікоў палітычных партый «можа пераследаваць мэту пасеяць у грамадстве
страх» і «выклікае сур'ёзную занепакоенасць».
Іншыя эксперты ААН па правах чалавека таксама выказалі занепакоенасць тым, што прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў загадаў сілавікам «страляць на паражэнне» па дэманстрантах, якіх ён назваў «бандытамі і тэрарыстамі».
Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі забяспечыць «незалежнае і заснаванае на правах чалавека расследаванне выпадкаў прымянення дзяржавай сілы супраць пратэстоўцаў» у Казахстане.
Эксперты ААН нагадалі, што прымяненне смяротнай зброі дапушчальнае толькі ў выпадку самаабароны і тады, калі вычарпаныя ўсе іншыя метады. Гэты прынцып, як адзначылі эксперты ААН, у роўнай меры датычыцца і замежных сілаў, што дзейнічаюць на тэрыторыі Казахстана са згоды ўладаў гэтай краіны. Гаворка ідзе пра войскі краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), місія якой у краіне, па словах Такаева, завяршылася.
Паводле звестак МУС Казахстана на 11 студзеня, па ўсёй краіне былі затрыманыя амаль 10 тысяч чалавек. Прэс-сакратар Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Элізабэт Тросел адзначыла, што, згодна з міжнародным правам, людзі не павінны знаходзіцца пад вартай выключна за рэалізацыю свайго права на ўдзел у мірных акцыях пратэсту і выказванне сваёй пазіцыі. «Тыя, хто быў затрыманы, павінны быць неадкладна выпушчаныя на волю», — сказала Тросел.