Абарона расіяніна Ягора Дуднікава абскардзіла яго прысуд

Абарона грамадзяніна Расіі Ягора Дуднікава накіравала апеляцыю ў Вярхоўны суд Беларусі на прысуд Мінскага гарадскога суда.

egor_908_2_1_1.jpg


«Адносна Дуднікава скарга паступіла ад адваката. Пакуль апеляцыя не прызначаная», — сказалі ў Вярхоўным судзе, паведамляе АФН са спасылкай на ТАСС.

27 снежня 2021 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Дуднікава да 11 гадоў калоніі. Суд прызнаў яго вінаватым у распальванні варожасці, публічных закліках да захопу ўлады і гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, а таксама ў дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Дуднікаў быў затрыманы ў траўні 2021 года. Паводле звестак следства, з 19 студзеня да 21 траўня 2021 года ў адной з тэлеграм-чатаў ён «з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў не менш за 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару». Лукашэнка заявіў, што Дуднікаў быў мадэратарам чата «Атрады самаабароны Беларусі».