Forbes: У Казахстане адключалі Інтэрнэт, бо не спрацаваў фільтр DPI
З 4 па 10 студзеня ў Казахстане Інтэрнэт быў заблакаваны на тэрыторыі ўсёй краіны. Паводле інфармацыі расійскага Forbes, адключаць сетку прыйшлося з-за збою DPI-абсталявання (Deep Packet Inspection), якое выкарыстоўваецца для фільтрацыі трафіку.
Аб праблемах з абсталяваннем Forbes распавялі тры крыніцы — блізкая да аднаго з расійскіх аператараў сувязі, былы партнёр «Казахтэлекаму» і расійскі распрацоўшчык тэлекам-абсталявання. Паводле інфармацыі выдання, казахстанскія ўлады спрабавалі кропкава блакаваць доступ да месенджараў і анлайн-рэсурсаў з дапамогай DPI, але выявілася, што абсталяванне «не заточанае» пад блакаванне. Таму ўлады пайшлі на поўнае адключэнне інтэрнэту, перадае REFORM.by.
Выданне сцвярджае, што казахстанскія аператары выкарыстоўваюць абсталяванне ізраільскай IT-кампаніі Allot. Так, «Казахтэлекам» выкарыстоўвае яго для для ўласных мэтаў (напрыклад, для збору аналітыкі і прыярэтызацыі трафіку).
З-за адключэння сеткі пацярпеў бізнес, была парушаная праца банкаўскай сістэмы. Аказаліся заблакаванымі таксама сайты і сервісы на дамене .kz. Справа ў тым, што два гады таму ўлады Казахстана абавязалі ўладальнікаў сайтаў на дамене .kz размяшчаць свае рэсурсы на серверах у межах краіны (як і ў Беларусі), а пасля адключэння сеткі яны сталі недаступныя як унутры, так і з-за мяжы.