У Ізраілі асцерагаюцца выдачы Міжнародным крымінальным судом ордэра на арышт кіраўніцтва краіны
Le Monde, спасылаючыся на інфармаваную крыніцу ў Гаазе, называе выдачу ордэраў «непазбежнай падзеяй». Біньямін Нетаніягу заявіў, што Ізраіль пад яго кіраўніцтвам «ніколі не дапусціць ніякіх спроб МКС падарваць неад'емнае права краіны на самаабарону».
У Ізраілі лічаць, што Міжнародны крымінальны суд (МКС) рыхтуецца выдаць ордэры на арышт некалькіх высокапастаўленых кіраўнікоў краіны, уключаючы прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаніягу, піша выданне «Медуза» са спасылкамі на міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы.
У самім судзе гэтую інфармацыю афіцыйна не камэнтуюць. Аднак, як даведаліся журналісты Reuters, пракуроры МКС дапыталі супрацоўнікаў дзвюх бальніц, якія сталі мэтамі ізраільскіх ваенных падчас наземнай аперацыі ў сектары Газа, а Нетаніягу выказаў сваю занепакоенасць магчымым рашэннем МКС у размове з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Ні Ізраіль, ні ЗША юрысдыкцыю МУС не прызнаюць — але ордэры на арышт могуць стварыць ізраільскаму кіраўніцтву значныя складанасці, а чыноўнікі апынуцца ў адным шэрагу з такімі кіраўнікамі дзяржаў, як былы прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвінавачаны ў незаконнай дэпартацыі украінскіх дзяцей.
Паведамленні аб падрыхтоўцы Міжнародным крымінальным судом ордэраў на арышт некалькіх чыноўнікаў у кіраўніцтве Ізраіля пачалі з'яўляцца ў сярэдзіне красавіка. Адным з першых аб гэтым напісаў ізраільскі тэлеканал N12 са спасылкай на крыніцы.
Па дадзеных N12, даведаўшыся аб меркаваных планах МУС, Нетаніягу тэрмінова сустрэўся з міністрам па стратэгічных пытаннях Ронам Дэрмерам, міністрам юстыцыі Ярывам Левінам і міністрам замежных спраў Ісраэлем Кацам, каб звярнуцца да заходніх саюзнікаў па дапамогу. Акрамя таго, прэм'ер-міністр абмеркаваў пытанне аб выдачы ордэраў МУС з брытанскімі і нямецкімі чыноўнікамі, якія наведвалі Ізраіль, пісаў N12.
Некаторыя падрабязнасці з'явіліся праз 10 дзён — пасля таго, як 28 красавіка пра магчымыя ордэры на арышт напісала газета The New York Times, якая паразмаўляла на ўмовах ананімнасці з пяццю ізраільскімі і замежнымі чыноўнікамі. Потым выйшлі публікацыі і ў іншых заходніх СМІ.
У ліку тых, на каго могуць быць выдадзены ордэры, суразмоўцы журналістаў акрамя Нетаніягу назвалі міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта і кіраўніка Генштаба Херцы Халеві. Акрамя таго, як мяркуюць суразмоўцы NYT, суд разглядае ордэры на арышт лідэраў ХАМАС — але іх імёны не называюцца.
Іншых падрабязнасцей адносна падрыхтоўкі ордэраў заходнія выданні высветліць не змаглі. На якой падставе яны могуць быць выдадзены (калі падрыхтоўка да іх выдачы ўвогуле ідзе) — таксама невядома.
Двое суразмоўцаў NYT выказалі здагадку, што ізраільскае кіраўніцтва могуць абвінаваціць у перашкаджэнні дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа і празмерна жорсткім адказе на напад тэрарыстаў ХАМАС 7 кастрычніка.
Крыніца The Times of Israel згадвае абвінавачанне ў тым, што Ізраіль «наўмысна марыў голадам» палестынцаў у сектары Газа.
Ізраільскія чыноўнікі не ўдакладняюць, якая інфармацыя прывяла іх да гэтых высноваў і гавораць, што не ведаюць, на якой стадыі знаходзіцца працэс у МКС. У самім судзе паведамленні аб ордэрах на арышт афіцыйна не каментуюць — а пракурор МКС Карым Хан толькі пацвердзіў, што яго каманда вядзе распачатае яшчэ ў 2021 годзе расследаванне ваенных злачынстваў у сектары Газа і на Заходнім беразе Ярдана. Адна з крыніц NYT лічыць, што ордэры на арышт звязаныя менавіта з ім.
Le Monde, спасылаючыся на інфармаваную крыніцу ў Гаазе, дзе знаходзіцца МКС, называе выдачу ордэраў «непазбежнай падзеяй».
Па словах суразмоўцы газеты, любая заява пракурора аб ордэры на арышт павінна быць ухваленая трыма суддзямі — і гэты этап, як ён кажа, ужо завершаны.
Разам з гэтым, як даведаўся Reuters, у панядзелак, 28 красавіка, пракуроры МУС дапыталі супрацоўнікаў двух найбуйнейшых бальніц у сектары Газа — шпіталя Аль-Шыфа на поўначы і шпіталя Насер у паўднёвай частцы анклава. Адна з крыніц агенцтва паведаміла, што паказанні, узятыя ў супрацоўнікаў бальніц, могуць стаць часткай расследавання МКС, аднак іншых дэталяў не прывёў.
Ні Ізраіль, ні ЗША не прызнаюць юрысдыкцыю МКС, і калі ордэр будзе выдадзены, абавязацельствы арыштаваць Нетаніягу няма ні ў першпц, ні ў другой краіны. Тым не менш, у Ізраілі «сур'ёзна заклапочаныя» працэсамі, якія ідуць у судзе. Пры гэтым Палестына ўваходзіць у склад удзельнікаў МКС (усяго ў ім 124 краіны, якія падпісалі Рымскі статут), і таму суддзі лічаць, што іх юрысдыкцыя распаўсюджваецца на сектар Газа і Заходні бераг Іардана.
Біньямін Нетаніягу заявіў 26 красавіка, што Ізраіль пад яго кіраўніцтвам «ніколі не дапусціць ніякіх спроб МКС падарваць неад'емнае права краіны на самаабарону».
«Хоць рашэнні, прынятыя судом у Гаазе, не паўплываюць на дзеянні Ізраіля, яны створаць небяспечны прэцэдэнт, які пагражае ваенным і публічным асобам», – напісаў Нетаніягу.
Паводле інфармацыі NBC News, Ізраіль таксама «працуе па дыпламатычных каналах», каб паспрабаваць спыніць выдачу ордэраў. З падобнай просьбай Біньямін Нетаніягу звярнуўся і да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, піша выданне Axios са спасылкай на двух ізраільскіх чыноўнікаў. Па словах суразмоўцаў Axios, сваю занепакоенасць прэм'ер-міністр Ізраіля выказаў Байдэну падчас тэлефоннай размовы, у часе якой лідэры дзвюх краін таксама абмеркавалі перамовы па вызваленні ізраільскіх закладнікаў.
Амерыканскія чыноўнікі ў размове з Axios адзначылі, што няўрадавыя арганізацыі і некалькі дзяржаў, якія ўваходзяць у склад МКС, ціснуць на пракуратуру з тым, каб яна прыняла рашэнне аб выдачы ордэраў на арышт. Аднак члены кангрэса ЗША ад абедзвюх партый, як стала вядома выданню, папярэдзілі суд, што такія ордэры будуць сустрэты «зваротнымі мерамі», а ў распрацоўцы знаходзіцца законапраект аб санкцыях у дачыненні да службовых асоб суда.
Белы дом адмовіўся каментаваць Axios размову Нетаніягу з Байдэнам, але заявіў, што «МКС не валодае юрысдыкцыяй у гэтай сітуацыі, і мы не падтрымліваем яго расследаванне».
Акрамя таго, магчымай выдачай ордэраў на арышт ізраільскага кіраўніцтва заклапочаныя і краіны G7, якія асцерагаюцца, што гэты крок прывядзе да зрыву перамоваў паміж Ізраілем і ХАМАС аб вызваленні закладнікаў і спыненні агню ў сектары Газа. Такую ж занепакоенасць, як піша Axios, выказваюць і ў ЗША.
Міжнародны крымінальны суд мае паўнамоцтвы пераследаваць асоб, якія падазраюцца ў ваенных злачынствах, генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці. Пры гэтым судзіць абвінавачаных завочна ён не можа, але і арыштаваць кіраўніка дзяржавы, якая не ратыфікавала Рымскі статут, немагчыма. Аднак ордэр МКС, калі ён будзе выдадзены, можа як мінімум стварыць цяжкасці для перамяшчэння чыноўнікаў, якія будуць пад пагрозай арышту ў іншых краінах, якія прызнаюць юрысдыкцыю МКС.
Акрамя таго, як адзначае NYT, гэтае рашэнне можа прывесці да «стыгматызацыі» — таму што фігуранты патрапяць у адну катэгорыю з такімі замежнымі лідэрамі, як зрынуты прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвінавачаны ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.