У Сербіі ўдзельнікі антыўрадавых пратэстаў уварваліся ў парламент

Улады Сербіі хацелі ўвесці ў Бялградзе каменданцкую гадзіну з-за росту колькасці заражэнняў вірусам SARS-CoV-2. Пачаліся пратэсты і патрабаванні адстаўкі прэзідэнта. Група дэманстрантаў прарвалася ў парламент.

Пратэсты ў Сербіі

Пратэсты ў Сербіі

У сталіцы Сербіі ўжо некалькі дзён не сціхаюць пратэсты супраць палітыкі прэзідэнта Аляксандар Вучыча, накіраванай на барацьбу з распаўсюджваннем новага каронавіруса. Група дэманстрантаў вечарам у пятніцу, 10 ліпеня, прарвалася ў будынак парламента ў Бялградзе. Гэтаму папярэднічалі сутыкненні з паліцыяй. Праваахоўнікі ўжылі слёзатачывы газ і гумовыя дубінкі пасля таго, як пратэстоўцы пачалі закідваць будынак і тых паліцэйскіх, хто сабраўся каля яго, камянямі, бутэлькамі і фальшфеерамі.
Нападам падвергліся таксама журналісты, якія фатаграфавалі дэманстрантаў, перадае агенцтва dpa.
Прэзідэнт Сербіі 7 ліпеня распарадзіўся ўвесці ў Бялградзе каменданцкую гадзіну з 10 па 13 ліпеня ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі, пасля чаго тысячы чалавек выйшлі на вуліцы сталіцы, дэманструючы незадаволенасць пазіцыяй уладаў.
Пазней Вучыч перагледзеў гэтае рашэнне, замест каменданцкай гадзіны ўрад забараніў збірацца групамі больш за 10 чалавек. Аднак акцыі не сціхлі, у шэрагах дэманстрантаў гучалі патрабаванні адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Дзясяткі чалавек падчас пратэстаў атрымалі раненні.
Каронавірус SARS-CoV-2 выяўлены ў больш за 12,6 млн чалавек у свеце, а звыш 560 000 інфіцыраваных памерлі ад наступстваў захворвання COVID-19. У Сербіі вірус выяўлены амаль у 18 000 чалавек, 370 хворых з COVID-19 памерлі. Абмежаванні, уведзеныя ў сакавіку ў сувязі з пандэміяй, пачалі адмяняць ўжо ў пачатку траўня. На думку крытыкаў Вучыча, гэта было зроблена з адзінай мэтай — правесці 21 чэрвеня парламенцкія выбары. Неўзабаве пасля выбараў эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне пачала рэзка пагаршацца.
dw.com